26.10.2014 / 11:09

Свята паэзіі ў Гарошкаве прайшло пад наглядам людзей у чорным 8

26 кастрычніка беларускаму «паэту-раcстрыгу, паэту-апокрыфу», «жураўлінаму сэрцу Беларусі» Анатолю Сысу споўнілася б 55 гадоў.

Хай і маўкліва сведчыць пра яго смерць помнік з крыжам і гняздом-цярновым вянком ля скроні, што стаіць на гары над Дняпром, які штогод у дзень нараджэння абсыпаюць золатам бярозы, якому перадаюць прывітанне з нябёс апошнія птушкі, што спазніліся з вяртаннем ў вырай, але сёння гучыць яго Слова, якое належыць Духу.

Свята паэзіі «Дух – гэта, людзі, Я!» штогод збірае ў Гарошкаве сяброў Анатоля Сыса, літаратараў, аматараў яго творчасці. У арганізатараў свята былі планы правесці частку мерапрыемства ў Бронненскай школе, у суседняй вёсцы.

Але напярэдадні выявілася, што гэта немагчыма, — маўляў, раптам пачала працякаць столь.

«Але паэзію не спыніць, гэта непадуладна ніякім чыноўнікам. Нібыта супрацоўнікі МНС паклапаціліся, каб на беларускіх паэтаў не звалілася часам столь у школе», — заўважыў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч.

Можа, і сапраўды такі пільны клопат пра літаратараў, такое трапятлівае і паважлівае стаўленне да іх выявіліся ў чыноўнікаў пасля сустрэчы кіраўніка дзяржавы з паэтамі ды пісьменнікамі?

А інакш чым патлумачыць увагу з боку мясцовай рэчыцкай міліцыі, ідэолагаў і нейкіх «людзей у чорным», якія назіралі як за ўскладаннем кветак на могілках, так і за чытаннем вершаў на падворку дома Анатоля?

Напэўна, міліцыя клапацілася без меры, каб хоць нічога не здарылася з паэтамі, каб яны былі пад надзейнай абаронай, і нават волас з галавы не ўпаў. Прычым міліцыя абараняла паэтаў ды пісьменнікаў па ўласнай ініцыятыве (бо іх жа ніхто не клікаў) што, канечне, цешыць.

Дзень быў нечакана сонечны. Усе сталыя ўдзельнікі свята прызвычаіліся, што часта Гарошкаў сустракаў досыць не гасцінна: вецер, халадэча, хмары, дождж ці снег. Сёння ж надвор'е надзіва спрыяла святу.

«Кожны раз, калі бываю ў Гарошкаве, мне не хочацца ўжываць слова «быў», таму што тут усё нагадвае пра яго: гэтая яблыня, і надпіс на брамцы. Кожны раз сюды прылятае птушачка, сядае тут на дрэве, і мне здаецца, гэта яго душа прылятае сюды і радуецца, што яго сябры памятаюць пра яго, прыязджаюць у дзень народзінаў. Анатоль у апошнія гады часта сумаваў, але заўсёды любіў сустракаць сяброў тут, на гэтым падворку», - адзначыў Барыс Пятровіч.

Такія людзі, як Анатоль, жывуць не толькі ў свае юбілеі.

«Яны дыхаюць нават пасля адыходу — сваімі радкамі. Народны паэт Рыгор Барадулін прысвяціў Анатолю верш «Паэт як вір», называў яго «паэтам з босай душой». Ён сёлета адышоў да Анатоля, і недзе яны пад гэтым сонцам напэўна слухаць нас і бачаць нас, бачаць і чуюць тое, што робіцца на нашай Беларусі. Таму давайце не толькі памятаць, згадваць і перачытваць паэтаў», — заклікаў намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч.

Уладзімір Арлоў падзяліўся ўспамінамі пра першую сваю сустрэчу з Анатолем Сысам.

Той якраз толькі дэмабілізаваўся з войска, зайшоў да Вінцука Вячоркі, у якога начаваў Уладзімір Арлоў, і ноч, да першых прамянёў сонца не даваў ім спаць — чытаў вершы, і свае, і іншых паэтаў.

«Часам яго вершы былі мацнейшымі за вершы іншых паэтаў, якія ён нам дэкламаваў. Хоць тады яго вершы былі не заўсёды дасканалыя, яшчэ недасканала была схоплена паэзія яго словамі, але пульс сапраўднай паэзіі там адчуваўся», — дадаў пісьменнік.

Калі паэт быў у зеніце славы, тагачасны міністр замежных спраў Пятро Краўчанка запрасіў яго пачытаць вершы перад расійскім калегам — міністрам замежных спраў Андрэем Козыравым.

А той выйшаў і прачытаў верш пра расійскага мядзведзя — каб ён ніколі не забываўся, што тут Беларусь, і яна ніколі не будзе Расіяй. «І вось гэты мой успамін пераплёўся і з трагічнымі падзеямі ва Украіне, і са словамі Пуціна, які днямі заявіў пра тое, што расійскаму мядзведзю ніхто не указ, што яму рабіць і ў якія лясы лезці. Я адразу ўгадаў тое чытанне верша Анатоля перад расійскім міністрам», — падзяліўся Уладзімір Арлоў.

Сваімі успамінамі пра Сыса падзялілася «паэтка тонкай душы» Галіна Дубянецкая і «муза гэтага свята» Ларыса Раманава.

Славамір Адамовіч узгадаў, што Анатоль «пры ўсіх сваіх акцыях, сваёй эпатажнасці не быў гатовы ўдарыць чалавека». Аднойчы ён заўважыў у інтэрнацкім пакоі Адамовіча жалезныя нунчакі, і шпурнуў іх за вакно. «Мне ён лішні раз паказваў: працуй са словам. Я ў яго гэта пераймаў — працаваць, пісаць, варыць літаратуру», — падкрэсліў паэт.

Сяржук Сыс, які нарадзіўся ў суседняй Заспе, прэзентаваў сваю новую кнігу «Павук», якая ўбачыла свет у выдавецтве «Галіяфы».

Песні на словы Сыса, пра яго і для яго прагучалі ад Алеся Камоцкага і Вальжыны Цярэшчанкі.

«Памяць — гэта не скрушна, як і Дзяды, якія надыходзяць. Памяць — гэта тое, што трымае нас на гэтай зямлі. Памяць і пра тых, хто сто гадоў таму адышоў, і зусім нядаўна — яны становяцца ў адзін шэраг. Некаторыя паэты і выдаюць шмат тамоў, маюць шмат здабыткаў, трапляюць у анталогіі, але нечага не хапае. Анатоль Сыс стаў ў гэты шэраг неяк так заслужона, і ў пантэоне месца нібыта чакала яго. Ён адразу пісаў выбранае. Яго вершы перажывуць гэтую эпоху і застануцца той цаглінай, на якой трымаецца мур нашай літаратуры», — упэўнены Усевалад Сцебурака.

Юлія Шымкевіч, Гомель

0
медаліст / Адказаць
26.10.2014 / 11:39
Годны чын, добрая кампанія разумных людзей.
0
Вiктар, Гародня / Адказаць
26.10.2014 / 15:53
..ходзiм пад Божым Небам.. сiлкуемся са Стала.. ..толькi усяго нам i трэба : КАБ БЕЛАРУСЬ ЖЫЛА!.
0
Загаловак праўдзівы... / Адказаць
26.10.2014 / 21:52
... на палове здымкаў -- людзі ў чорным :)
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру