Сайман Кузнец, AP

Амерыканскі навуковец Сайман Кузнец у 1971 годзе атрымаў Нобелеўскую прэмію па эканоміцы.

Узнагароду яму прысудзілі «за эмпірычнае абгрунтаванае тлумачэнне эканамічнага росту». Навуковец здзейсніў рэвалюцыю ў методыцы статыстычнага аналізу нацыянальнага даходу, высунуў тэорыю аб згладжванні сацыяльнай няроўнасці па меры развіцця эканомікі, развіў ідэі савецкага вучонага Кандрацьева аб эканамічных цыклах. За свае даследаванні ён быў ушанаваны шматлікімі ўзнагародамі.

Застанься ён на тэрыторыі былой Расійскай імперыі [Беларусі], яго лёс быў бы зусім іншы.

«Геніі нараджаюцца ў правінцыі, каб памерці ў Парыжы», — кажа французская прымаўка.

Шымен Кузнец нарадзіўся ў 1901 годзе на заходняй ўскраіне Расійскай імперыі ў беларускім Пінску ў сям'і гандляра футрамі.

Яго бацька — Абрам Ісакавіч Кузнец пакінуў сям'ю яшчэ ў 1907 годзе, эміграваўшы ў ЗША. Шымен і двое яго братоў засталіся з маці Пешай, якая вырашыла, што галоўнае для дзяцей — адукацыя. Будучы эканаміст паступіў на падрыхтоўчыя курсы гарадскога рэальнага вучылішча ў 1910 годзе і правучыўся там да чацвёртага класа.

На фоне падзей Першай Сусветнай вайны і высялення яўрэяў з прыфрантавой паласы ў маі 1915 года сям'я Кузняцоў вымушана была перабрацца ў Харкаў.

У Харкаўскім рэальным вучылішчы Шымен працягнуў навучанне і скончыў яго ў 1917 годзе. Далей з 1918 па 1921 Кузнец вучыўся ў Харкаўскім камерцыйным інстытуце. Там ён вывучыў асноўныя эканамічныя дысцыпліны пад кіраўніцтвам эканамістаў таго часу.

Па заканчэнні інстытута ён разам са старэйшым братам Саламонам працаваў у аддзеле статыстыкі Паўднёвага бюро Усерасійскага цэнтральнага савета прафсаюзаў. На гэтай працы ён пачаў займацца рэальнымі статыстычнымі даследаваннямі.

У сваім першым артыкуле «Грашовая заработная плата рабочых і служачых фабрычна-заводскай прамысловасці г. Харкава ў 1920 годзе» Кузнец даследаваў розныя формы аплаты працы па галінах прамысловасці. Пасля, ужо ў 1940-я гады, пошук заканамернасцей у размеркаванні даходаў прывядзе вучонага да пабудовы знакамітай «Крывой Кузняца».

У 1922 Кузняцы вырашылі пераехаць у Нью-Ёрк да бацькі, які працаваў банкаўскім служачым. Выбіраліся яны з Савецкай Расіі праз Польшчу, дзе маці з малодшым братам вымушана была затрымацца.

Жанчына, якая пакутавала рассеяным склярозам, памерла ў Варшаве, так і не дабраўшыся да Нью-Ёрка. А у сярэдняга яе сына — Шымена — на новым месцы адкрыліся новыя магчымасці.

Другі бераг Атлантыкі

Шымен Кузнец, якога ў Амерыцы сталі называць Сайманам, працягнуў адукацыю ў Калумбійскім універсітэце пад кіраўніцтвам Уэслі Клэра Мітчэла, які даследаваў эканамічныя цыклы. У якасці магістарскай дысертацыі ён ў 1924 годзе абараніў працу, прысвечаную разбору тэорыі аўстрыйскага эканаміста Ёзэфа Шумпетэра, якую Кузнец напісаў яшчэ ў Харкаве. Доктарскай дысертацыяй вучонага стала даследаванне «Векавыя рухі ў вытворчасці і цэнах».

Апынуўшыся ў Амерыцы, Кузнец папулярызаваў працы такіх савецкіх эканамістаў, як Дзмітрый Кандрацьеў, Яўген Слуцкі, Сяргей Пярвушын, Альберт Вайнштэйн. Дзякуючы яго рэцэнзіям і перакладам іх працы сталі вядомыя на Захадзе. Кузнец шмат пісаў пра савецкую статыстыку і выдаў зборнік па праблемах статыстычных супастаўленняў.

Сайман Кузнец атрымлівае Нобелеўскую прэмію з рук караля Швецыі Густава-Адольфа ў 1971 г., фота AP

У 1927—1961 гадах Кузнец працаваў у Нацыянальным бюро эканамічных даследаванняў (NBER), адначасова выкладаў у Пенсільванскім універсітэце, Універсітэце Джона Хопкінса, затым у Гарвардскім універсітэце, дзе працаваў аж да выхаду на пенсію ў 1971 годзе.

У 1932—1934 гадах, супрацоўнічаючы з Міністэрствам гандлю ЗША, вучоны правёў першую афіцыйную ацэнку нацыянальнага даходу краіны і заклаў асновы сістэмы нацыянальных рахункаў.

Вынікі гэтых даследаванняў вучоны затым выкарыстаў для ацэнкі магчымасцей пашырэння ваеннай вытворчасці падчас Другой сусветнай вайны. Тады ён заняў пасаду намесніка дырэктара Бюро планавання і статыстыкі Савета па ваеннай вытворчасці.

У пасляваенны перыяд, Кузнец кансультаваў урады Тайваня, Японіі, Індыі, Паўднёвай Карэі і Ізраіля.

Бацька ВУП

Кузнец здзейсніў свайго роду рэвалюцыю ў статыстыцы, прапанаваўшы методыку разліку нацыянальнага даходу трыма метадамі.

Зрэшты, такая ідэя была выказана некалькімі гадамі раней савецкім статыстыкам Сяргеем Аляксеевічам Пярвушынам у публікацыі, прысвечанай балансам СССР за 1928—1930 гады. Абодва навукоўцы выкарыстоўвалі марксісцкія падыходы да эканомікі і часцяком незалежна прыходзілі да ідэнтычных высноў.

Сайман Кузнец развіваў метады статыстычнага аналізу нацыянальнага даходу ў 30-х гадах адначасова з развіццём тэорыі Джона Мейнарда Кейнса ў Еўропе. Стварыўшы статыстычную базу для кейнсіянскага падыходу да макраэканомікі, Кузнец у той жа час крытыкаваў асобныя палажэнні тэорыі брытанскага эканаміста.

Даследаванні па эканамічным росце дазволілі навукоўцу вывесці шэраг заканамернасцей. Кузнец выявіў, што эканамічны рост «новага тыпу» распаўсюдзіўся з канца XVIII ст. з Заходняй Еўропы на ўсход і ў канцы XIX ст. дасягнуў Расіі і Японіі. Індыкатарам новых тэндэнцый, на думку Кузняца, служыла павелічэнне кожнае дзесяцігоддзе сярэднедушавога даходу ў сярэднім на 15%, што не сустракаецца ў больш раннія гістарычныя перыяды.

Менавіта даследаванні па росце валавога ўнутранага прадукту былі ўдастоены ў 1971 годзе Нобелеўскай прэміі. У сваіх працах Кузнец назваў выяўленую ім тэндэнцыю «сучасным эканамічным ростам».

Адным з дасягненняў вучонага таксама лічыцца тэорыя, якая знайшла адлюстраванне ў «Крывой Кузняца». Сутнасць яе заключаецца ў знаходжанні заканамернасці ва ўзроўні сацыяльнай няроўнасці ў залежнасці ад узроўню эканамічнага развіцця грамадства. У эпоху даіндустрыяльнага грамадства па меры эканамічнага развіцця сацыяльная няроўнасць нарастае, але затым мае тэндэнцыю зніжацца і усталёўваецца на некаторым практычна нязменным доўгатэрміновым узроўні.

Сайман Кузнец не толькі сам стаў аўтарам прадуктыўных эканамічных тэорый, але і выхаваў таленавітых пераемнікаў. Пазней нобелеўскімі лаўрэатамі па эканоміцы стануць яго вучні - Мілтан Фрыдман і Роберт Фогель. Іншыя яго выхаванцы - Марк Перлман, Роберт Нэйтан, Мілтан Гілберт сталі «проста» выдатнымі эканамістамі.

У кастрычніку 2013 імя Саймана Кузняца было прысвоена Харкаўскаму нацыянальнаму эканамічнаму ўніверсітэту.

Шымен Абрамавіч Кузнец стаў не проста нобелеўскім лаўрэатам, але адным з вядучых аўтарытэтаў эканамічнай тэорыі. Яму пашчасціла своечасова з'ехаць ад савецкай улады, якая ў прынцыпе не сябравала з законамі эканомікі.

Эканамістаў такога ж высокага ўзроўню — Мікалая Кандрацьева, Аляксандра Чаянава, Льва Літошанку і Альберта Вайнштэйна,— што засталіся ў краіне, спасцігла зусім іншая доля.

Роўна ў тыя гады, калі Сайман Кузнец працаваў у Нацыянальным бюро эканамічных даследаванняў ЗША, паралельна выкладаючы ў Пенсільванскім універсітэце, савецкіх навукоўцаў трымалі ў Бутырцы. Кандрацьева і Чаянава расстралялі, Літошанка памёр у лагеры, Вайнштэйн пасля лагераў і высылак дажыў да рэабілітацыі.

Савецкіх эканамістаў пераследавалі за тое ж самае, за што Кузнец атрымаў Нобелеўскую прэмію, ганаровыя пасады, сусветную вядомасць, — за навуковыя даследаванні па эканоміцы. А ўсе яны маглі працаваць на карысць краіны, у якой нарадзіліся.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?