Адразу чатыры экзіт-полы праводзіліся на выбарах у Вярхоўную Раду Украіны. У іх выніках няма вялікіх разыходжанняў.

Першае месца займае Блок Пятра Парашэнкі. Але яго вынік далёка ад чаканага. Затое выдатны вынік паказаў Народны Фронт Арсеня Яцанюка.

Давер да прэм'ера вялікі — і гэта нягледзячы на балючыя рэформы і недахоп газу для ацяплення гарадоў. Украінцы цэняць ягоныя якасці як эканаміста. Але таксама і ягоную рашучую пазіцыю па Данбасе — ён у гэтым пытанні нашмат радыкальнейшы за Пятра Парашэнку.

Сюрпрызам стала і трэцяе месца антыалігархічнага, грамадзянскага спіса «Самапомач» на чале з інтэлігентным мэрам Львова Андрэем Садовым. Прычым у Кіеве «Самапомач» увогуле ўпэўнена перамагае.

Насуперак перадвыбарчай сацыялогіі, у Раду праходзіць нацыяналістычная партыя «Свабода».

А вось камуністаў у парламенце больш не будзе. Іх электарат застаўся ў ДНР і ЛНР, дзе выбары не праводзіліся. Аж у 27 акругах з 225 выбары арганізаваць не было магчымасці.

Па спісе Блока Юліі Цімашэнкі ў Раду прайшла лётчыца Надзея Саўчанка, якая застаецца ў расійскай турме.

Вынікі Нацыянальнага экзіт-пола апублікавала а 21-й Грамадскае ТБ.

Згодна з ім, па партыйных спісах, перамогу атрымаў «Блок Пятра Парашэнкі з вынікам 23,0%, у «Народнага фронту» Яцанюка і Турчынава — 21,3%, «Самапомачы» мэра Львова Андрэя Садовага — 13,2%, «Апазіцыйнага блока» — 7,6%, Радыкальнай партыі Алега Ляшка — 6,4%, «Свабоды» — 6,3%, «Бацькаўшчыны» Юліі Цімашэнкі — 5.6%.

Паводле Нацыянальнага тэлевізійнага экзіт-пола

— «Блок Пятра Парашэнкі» — 24,3%, Народны Фронт — 21.8%, Самапомач — 12,5%, Радыкальная партыя Алега Ляшка — 7,1%, Апазіцыйны блок — 6.6%, «Свабода» — 6.3%, «Бацькаўшчына» — 6%.

Сярод партый, якія, па дадзеных exit-poll, не набралі 5% галасоў выбаршчыкаў і не трапляюць у парламент, — «Грамадзянская пазіцыя» з 3% галасоў выбаршчыкаў, Кампартыя Украіны — 2,6%, «Сільная Украіна» - 2,4 %, «Правы сектар» - 2,3%, «Заступ» — 1,8%. Усе астатнія партыі набралі менш за 1% галасоў выбаршчыкаў.

На пазачарговых парламенцкіх выбарах ва Украіне будуць абраныя 424 парламентарыі: 199 у аднамандатных мажарытарных акругах і 225 — па партыйных спісах. У выбарах бяруць удзел 29 палітычных аб'яднанняў.