Інфляцыя ў Беларусі ў 2014 годзе складзе 18%, для зніжэння тэмпаў росту спажывецкіх цэн неабходна запаволіць рост зарплат.

Такія ацэнкі прыводзяцца ў кастрычніцкім аглядзе эканамічнай сітуацыі ў СНД, які падрыхтавалі аналітыкі кампаніі Sberbank CIB (інвестыцыйнае падраздзялнене расійскага «Сбербанка»).

«Інфляцыя з пачатку года склала 13,4%, і мы мяркуем, што па выніках года яна дасягне 18%. Нядаўняе змякчэнне грашова-крэдытнай палітыкі ўзмацніла інфляцыйныя рызыкі, і ў 2015 годзе інфляцыя, хутчэй за ўсё, таксама не запаволіцца», — прагназуюць аўтары агляду. 

Эканамісты рэкамендуюць запаволіць рост заробкаў у Беларусі для зніжэння інфляцыйных працэсаў. 

«Рэальныя даходы насельніцтва раслі тымі ж тэмпамі, што і прадукцыйнасць працы, і «празмерны» намінальны рост нівеляваўся інфляцыяй. Усё гэта дазваляе зрабіць вельмі простую выснову: для зніжэння інфляцыі і змяншэння націску на беларускі рубель неабходна, каб запаволіўся рост намінальнай заработнай платы», — гаворыцца ў квартальным аглядзе. 

Згодна з прагнозам інвестыцыйнага падраздзялення расійскага «Сбербанка», інфляцыя ў Беларусі ў 2015 годзе можа скласці 17% і знізіцца ў параўнанні з прагназаваным узроўнем 2014-га на 1 працэнтны пункт. 

Нагадаем, праект Асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2015 год, які падрыхтаваў Нацбанк, прадугледжвае зніжэнне інфляцыі ў наступным годзе да 11%. Варта зазначыць, што ў афіцыйны прагноз беларускіх уладаў на 2014 год закладвалася зніжэнне інфляцыі да 12%. Разам з тым па выніках за студзень—верасень інфляцыя ў Беларусі ўжо склала 13,4%. 

На думку расійскіх эканамістаў, змякчэнне грашова-крэдытнай палітыкі, на якое пайшоў Нацбанк Беларусі сёлета, можа садзейнічаць захаванню высокіх тэмпаў інфляцыі. Эксперты звяртаюць увагу, што грашовыя ўлады пайшлі на зніжэнне працэнтных ставак па крэдытах, што ўжо выклікала рост грашовай масы. 

«За студзень—верасень 2013 года грашовая маса ў Беларусі павялічылася на 24% (у параўнанні з пачаткам года), тады як за студзень—верасень 2014-га — на 16,8%. У трэцім квартале 2014-га гадавы рост грашовай масы паскорыўся», — канстатуюць аналітыкі Sberbank CIB. 

У сувязі з гэтым эксперты зазначаюць, што «празмерны рост грашовай масы традыцыйна суправаджаецца павышэннем інфляцыі, што можа прывесці да ўзнікнення новых дысбалансаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?