У Мінску судом першай інстанцыі асуджаныя былыя кіраўнікі санаторыя «Беларусь» у Сочы. 

Як паведамляе ej.by, вынесены прыгавор грамадзяніну Расіі Георгію Саракашышу, былому дырэктару санаторыя «Беларусь» у Сочы, які ўваходзіць у структуру Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі, яго намесніку Аляксандру Кізіму і кіраўніку сочынскай будаўнічай кампаніі Андрэю Меранкову. 

Згодна з прысудам усе тры затрыманыя прызнаныя вінаватымі ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 4 арт. 210 КК (завалоданне маёмасцю, учыненае службовай асобай з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў, групай асоб паводле папярэдняй змовы ў асабліва буйным памеры). На падставе звестак следства, якія былі пацверджаныя падчас судовага пасяджэння, абвінавачаныя нанеслі ўрон Кіраўніцтву справамі прэзідэнта Беларусі прыкладна на 22 млрд рублёў. 

Злачынства было ўчыненае падчас будаўніцтва комплексу адпачынку ў пасёлку Красная Паляна каля Сочы напярэдадні Алімпіяды-2014. Гэты комплекс задумваўся як частка сочынскага санаторыя «Беларусь». 

Аляксандр Кізім і Андрэй Меранкоў атрымалі па дзевяць гадоў пазбаўлення волі, Георгій Саракашыш прыгавораны да шасці гадоў зняволення. Усе яны будуць адбываць тэрмін у калоніі ўзмоцненага рэжыму. У тэрмін адбывання пакарання ім залічыцца час, праведзены ў СІЗА КДБ. 

Акрамя таго, з абвінавачаных пастаноўлена спагнаць нанесены імі ўрон ў 20,6 млрд рублёў на карысць Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі, а таксама 1,2 млрд — на карысць санаторыі «Беларусь». Яшчэ 1,8 млрд рублёў будзе спагнана ў якасці дзяржпошліны ў даход дзяржавы. 

Паводле інфармацыі БелаПАН, следства па гэтай справе праводзіла КДБ. Касацыі на прыгавор у Мінскі гарадскі суд пакуль не паступалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0