28.10.2014 / 14:49

Прадстаўнікі апазіцыі сустрэліся з пасламі краін ЕС 5

Сустрэча прайшла сёння ў Мінску. У ёй узялі ўдзел 16 еўрапейскіх дыпламатаў і пяць апазіцыйных беларускіх палітыкаў.

З беларускага боку на сустрэчы прысутнічалі лідары кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў, руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька, Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін і сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец. 

Як паведаміў Лябедзька, сустрэчы ў падобным фармаце не праводзіліся з 2010 года.

«Напэўна, гэта звязана з тым, што Лукашэнка спрабуе ўплываць на кадравую палітыку ЕС. Чатыры гады таму быў вельмі моцны падбор дыпламатаў, якія з'яўляліся не прадстаўніцтвамі нейкіх партоў ці эканамічных колаў, а дыпламатамі ў поўным сэнсе гэтага слова. Цяпер гэтага, на мой суб'ектыўны погляд, няма», — сказаў палітык. 

Паводле слоў Лябедзькі, падчас сённяшняй сустрэчы замежныя дыпламаты былі гатовыя актыўна абмяркоўваць эканамічныя і гандлёвыя, але не палітычныя пытанні. Пры гэтым ён адзначыў, што прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі прадэманстравалі «досыць кансалідаваную пазіцыю». «Гэта важна не толькі для апазіцыі, але і для Беларусі ў цэлым. Для нашай краіны цяпер самае важнае — не выпасці з міжнароднага парадку дня. Над гэтым трэба сур'ёзна думаць і аб'ядноўваць намаганні», — падкрэсліў палітык. 

На сустрэчы, паведаміў ён, абмяркоўвалася «ўзмацненне градусу страху ў краіне праз пераслед уладамі палітычных і грамадскіх актывістаў». «Таксама давалася ацэнка агульнай сітуацыі, перспектыў яе развіцця, узаемаадносін Еўрасаюза з Беларуссю», — расказаў Лябедзька. 

«Наша агульнае пасланне заключалася ў тым, што вырашаць сітуацыю ў Беларусі трэба праз сумленныя і свабодныя выбары, праз выкананне Беларуссю абавязацельстваў, узятых у межах АБСЕ. Калі выбары будуць сумленныя і свабодныя, мы гатовы прызнаць іх вынікі, якія б яны ні былі. Трэба ствараць шырокую кааліцыю, уздзейнічаць усімі магчымымі метадамі на беларускія ўлады», — заявіў палітык. 

Акрамя таго, дадаў ён, на сустрэчы абмяркоўвалася пытанне дыялогу ЕС з уладамі.

«Тут дэмакратычныя сілы па-рознаму ацэньваюць, які ён павінен быць, наколькі з Лукашэнкам можна вырашаць пытанні. Але прагучала і меркаванне, што нельга дапускаць ранейшых памылак, калі ЕС, міжнародныя фінансавыя інстытуты фінансавалі кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнку. Гэта не прыводзіць да перамен, а, наадварот, кансервуе сітуацыю», — адзначыў Лябедзька. 

Лідар АГП выказаў меркаванне, што «набліжэнне прэзідэнцкай кампаніі будзе павышаць цікавасць дыпламатаў да такога кшталту сустрэч». 

0
% / Адказаць
28.10.2014 / 15:05
голосовать не за кого :( меньшее зло - милинкевич?
0
Аляксей / Адказаць
28.10.2014 / 16:08
Колькi можна камунiстау называць апазыцыяй. Яны мусяць быць люстраваныя, як i сёньняшняя улада. Калякiн - прыхiльнiк крамля й гэтага не хавае. Камунiст = сэпвратыст, тэрарыст. Калькi можна iх нзываць апазыцыяй увогуле. Яны прадзяржауная лэйбавая канторка. Пры тым усе. А калякiн - тэрарыст, прыхiльнiк маскоускай хунты
0
хто я? / Адказаць
28.10.2014 / 16:09
пасля такога «тлустага троля», як лукашэнка проста 'меншага злу' замала будзе бо хочацца д а б р а
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру