У Беларусі каля 25 тыс. шасцігодак прадаўжаюць наведваць дзіцячы сад, замест таго, каб адправіцца ў першы клас.

Аб гэтым паведаміў сёння віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, на якім разглядалася пытанне аб выніках работы і прапановах рабочай групы, створанай для правядзення комплекснага аналізу сістэмы адукацыі Беларусі.

Намеснік прэм'ер-міністра агучыў асноўныя пытанні, якія разглядаліся на пасяджэннях групы. У сістэме дашкольнай адукацыі, у прыватнасці, былі дэталёва прааналізаваны пытанні эфектыўнасці выкарыстання бюджэтных сродкаў, вывучаны прычыны і ўмовы, што прывялі да няхваткі месц у дзіцячых садах.

«Члены групы прыйшлі да высновы, што ў выніку недасканаласці заканадаўства значная частка бюджэтных рэсурсаў, што накіроўваюцца ў сістэму дашкольнага выхавання, выкарыстоўваецца нерацыянальна. Па жаданні бацькоў пасля 6 гадоў дзіця можа працягваць хадзіць у дзіцячы сад, незалежна ад медыцынскіх паказанняў. У выніку каля 25 тыс. дзяцей замест таго, каб адправіцца ў першы клас, працягваюць наведваць дзіцячы сад», — канстатаваў Анатоль Тозік. Бюджэту гэта абыходзіцца амаль у Br0,5 трлн.

«Усё больш маці аддаюць у дзіцячыя сады дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў, самі ж пры гэтым застаюцца дома, — працягнуў віцэ-прэм'ер. — Гэта яшчэ адзін канал, праз які бюджэтныя сродкі ідуць неапраўдана: дзяржава аплачвае маці і дапамогу па догляду дзіцяці, і яго ўтрыманне ў дзіцячым садзе».

У бягучым годзе на ўтрыманне аднаго дзіцяці ў садзе на працягу года ў бюджэце прадугледжана Br17 млн.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?