28.10.2014 / 21:41

У Беларусі адкрыюцца польскія візавыя цэнтры 1

Гэта дазволіць падаваць заяўкі на візу і пашпарт, не наведваючы асабіста консульства ці амбасаду.

Як паведамляе Gazeta Wyborcza, віцэ-міністр замежных спраў РП Томаш Арлоўскі і міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей падчас сустрэчы 25 кастрычніка дамовіліся адкрыць у нашай краіне польскія візавыя цэнтры.

— Мы атрымалі ад беларускіх уладаў пісьмовую згоду на адкрыццё візавых цэнтраў, — паведаміў Арлоўскі. — Зараз усё будзе залежаць ад польскіх уладаў, дзе, калі і як мы іх створым.

На думку Арлоўскага, такія цэнтры паспяхова працуюць ва Украіне і ў Расіі.

– Мы ведаем, што гэта значна аблегчыць нам выдачу візаў, – дадаў ён. – Падобную практыку ў Беларусі ўжо рэалізавала Вялікабрытанія. 

Польскі чыноўнік падкрэсліў, што польскія консульствы ў нашай краіне выдаюць больш за палову ўсіх шэнгенскіх візаў, што афармляюцца ўсімі краінамі ЕС для беларусаў.

Пакуль размова ідзе пра 2-3 візавыя цэнтры. Наколькі павысяцца выдаткі для беларусаў пры атрыманні візаў праз такія цэнтры, пакуль невядома.

***

Візавы цэнтр – гэта аўтсорсінгавае камерцыйнае прадпрыемства, якое дазваляе падаць заяўку на візу і атрымаць пашпарт без неабходнасці самому наведваць консульства.

0
Зьміцер Дрыгайла / Адказаць
29.10.2014 / 08:13
Шаноўная рэдакцыя, візавыя цэнтры не "адкрываюцца", а яшчэ толькі "адкрыюцца". Папраўце, калі ласка, у загалоўку. Рэд. Дзякуй.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру