29.10.2014 / 17:24

Беларусь і ААЭ плануюць выйсці на аб'ём гандлю ў $500 млн

Беларусь і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты ў 2015 годзе павінны выйсці на аб'ём двухбаковага гандлю ў $500 млн, што стане асновай для далейшага нарошчвання супрацоўніцтва.

Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 29 кастрычніка на сустрэчы з намеснікам саветніка нацыянальнай бяспекі ААЭ шэйхам Тахнунам бен Заідам аль-Нахаянам, паведамляе прэс-служба прэзідэнта. 

Лукашэнка, які знаходзіцца з рабочым візітам у ААЭ, падкрэсліў, што пасля вяртання ў Беларусь дасць даручэнне ўраду неадкладна сфарміраваць групу тавараў, у якіх маюць патрэбу ААЭ, каб абавязкова ў наступным годзе выйсці на аб'ём тавараабароту ў $500 млн. «Мы б вельмі хацелі, каб падобным чынам паступіў і эмірацкі бок», — сказаў ён. 

Паводле слоў Лукашэнкі, «мы павінны абавязкова дасягнуць гэтага аб'ёму тавараабароту для таго, каб стварыць аснову, пэўную гандлёва-эканамічную пляцоўку для нашага далейшага супрацоўніцтва». 

«Мы ўмеем рабіць усё, у чым мае патрэбу ваша краіна, вы маеце тое, што патрэбна нам, і хацелася б, каб мы аб'ядналі патэнцыялы і пашырылі і паглыбілі нашы адносіны як у сферы эканомікі, бяспекі, так і іншых сферах нашых адносін», — сказаў ён. 

Лукашэнка таксама падкрэсліў, што ёсць адна просьба, каб тыя дамоўленасці, якіх дасягнулі на такім высокім узроўні, абавязкова эфектыўна і ў магчыма кароткі тэрмін былі рэалізаваныя. «Мы вельмі разлічваем, што нашы інтэнсіўныя абмены візітамі на самым высокім узроўні і на ўзроўні міністраў, іншых службовых асоб прывядуць да вельмі сур'ёзных зрухаў у нашых адносінах», — адзначыў ён. 

У сваю чаргу шэйх Тахнун бен Заід аль-Нахаян зазначыў, што шэйх Мухамед бен Заід аль-Нахаян быў задаволены сустрэчай з Лукашэнкам і ўражаны адкрытасцю гутаркі. «Лічу, што ўчора ў нашых адносінах адбыўся, можна сказаць, прарыў», — падкрэсліў ён. 

«Як я разумею, мы ўрэшце пераканалі нашых партнёраў у Эміратах, што мы да вас прыйшлі сур'ёзна і хочам пабудаваць нашы адносіны на вельмі доўгую перспектыву», — адзначыў Лукашэнка.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру