Мінск можа поўнасцю перайсці на ваду з падземных крыніц да 2020 года. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам начальнік упраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама Дзмітрый Янчык.

«Дакладную дату, калі Мінск поўнасцю пяройдзе на ваду з падземных крыніц, назваць не магу — усё будзе залежаць ад выканання запланаваных работ, ад фінансавання. Праграма арыентавана на 2030 год, але мы будзем імкнуцца, каб гэта адбылося як мага хутчэй. Магчыма, да 2020 года ўвесь Мінск пяройдзе на артэзіянскія свідравіны», — сказаў Дзмітрый Янчык.

Паводле яго слоў, спажыванне вады з паверхневых крыніц будзе зніжацца паэтапна. «На мінулым тыдні адбылася нарада па праграме «Чыстая вада» з удзелам намесніка міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі, першага намесніка старшыні Мінгарвыканкама, на якой было прынята рашэнне выкарыстоўваць існуючыя крыніцы шляхам іх рэканструкцыі, шляхам павелічэння іх дэбету», — канстатаваў спецыяліст.

Цяпер у Мінску дзейнічаюць 344 свідравіны на 16 падземных водазаборах. Некаторыя свідравіны будуць перасвідроўваць з мэтай павелічэння прадукцыйнасці. Проста бурэнне таксама будзе праводзіцца, з'явяцца новыя свідравіны. Паводле слоў Дзмітрыя Янчыка, у 2015-2016 гадах у выніку павелічэння дэбету свідравін Мінск атрымае 22 тыс. куб.м вады з падземных крыніц.

Цяпер ваду з паверхневых крыніц атрымліваюць жыхары Маскоўскага і Фрунзенскага, а таксама часткі Кастрычніцкага раёнаў Мінска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?