Валянцін Бялькевіч

Былы паўабаронца кіеўскага «Дынама» і нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе Валянцін Бялькевіч падаў дакументы на атрыманне ўкраінскага грамадзянства. Аб гэтым паведаміў прэзідэнт ФК «Дынама» (Кіеў) Ігар Суркіс 17 снежня ў інтэрв’ю газеце «24» (Кіеў).

34‑гадовы В.Бялькевіч стаў адным з гульцоў каманды, з якім не быў прадоўжаны кантракт. «Ніякіх крыўдаў не павінна быць, — сказаў І.Суркіс. — Бялькевічу ўдалася бліскучая кар’ера, доўгі час ён быў галавой каманды».

Бялькевіч, апрача іншага, праявіў сябе патрыётам клуба. У яго лепшыя гады ім цікавіліся італьянскія «Фіярэнціна» і «Сампдорыя», а Рынат Ахметаў (прэзідэнт данецкага «Шахцёра») у 2001 годзе прапаноўваў за Валянціна 8 млн. долараў — вельмі сур’ёзныя па тым часе грошы. Але я ніколі не спрабаваў зарабляць на гульцах, таму і не прадаў яго Ахметаву».

«Апрача таго, сам Бялькевіч заўсёды хацеў быць у «Дынама», — падкрэсліў І.Суркіс. — Па сутнасці, ён наш футбаліст, хаця і беларус. Ведаю, што ён падаў дакументы на афармленне ўкраінскага грамадзянства. З ім вельмі цяжца развітвацца, хаця за праведзеныя ў клубе 11 гадоў рознае было, у тым ліку і парушэнні рэжыму. Уласна я сказаў яму: «Ты разумны хлапец, заканчвай школу трэнераў, і мы знойдзем табе месца ў клубе як трэнеру».

«Я прыхільнік захавання легендарных гульцоў «Дынама» для клуба, бо мы елі адзін хлеб, рабілі адну справу», — заявіў І.Суркіс.

В.Бялькевіч гуляў за ўкраінскую каманду з 1996 года пасля пераходу з мінскага «Дынама». З’яўляецца васьміразовым чэмпіёнам Украіны (1997—2001, 2003, 2004, 2007), сяміразовым уладальнікам Кубка Украіны (1998—2000, 2003, 2005, 2006, 2007). У вышэйшай лізе ўкраінскага футболу за «Дынама» правёў 224 матчы, забіў 51 мяч. У еўракубках за «Дынама» правёў 70 матчаў, забіў 10 мячоў, за беларускую зборную ў афіцыйных матчах — 56 матчаў, 10 мячоў (завяршыў выступленні ў 2005 годзе).

На ўкраінскіх футбольных сайтах з’явілася інфармацыя, што В.Бялькевіч можа прадоўжыць кар’еру ў кіеўскім «Арсенале», але пакуль яна не атрымала афіцыйнага пацвярджэння.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0