Зьміцер Хведарук працягвае знаходзіцца ў дзевятым клінічным шпіталі, што на вуліцы Сямашкі. Сюды яго прывезьлі 12 сьнежня вечарам, калі хлопца зьбілі амонаўцы падчас акцыі ў абарону незалежнасьці Беларусі . Зьміцер больш за гадзіну правёў без прытомнасьці.

Калі я зайшоў у 314‑ую палату, дзе ляжыць Хведарук, то побач зь ім знаходзілася маці Ірына Пятроўна, а таксама сябар і паплечнік Яраслаў Грышчэня з Баранавічаў. Ярык сам толькі нядаўна выпісаўся з бальніцы, у яго быў пералом хрыбта пасьля аўтамабільнай аварыі. Цяпер вось прыехаў падтрымаць сябра ў цяжкую хвіліну, хаця і сам пачувае сябе яшчэ ня вельмі добра. Сьпіна яшчэ працягвае балець.

Хведарук, убачыўшы нас, адразу пачынае ўсьміхацца, нешта жартаваць. Маці, гледзячы на сына, таксама ўсьміхацца: «Што табе казалі ў Белым доме? Каб быў больш сур’ёзны, а ты зноў сьмяясься», — кажа маці. Яна прыяжджае ў шпіталь штодня. Расказвае колькі страху нацярпелася ў першыя гадзіны, калі толькі даведалася пра зьбіцьцё.

Зьміцер кажа, што пачувае сябе значна лепей, чым ад пачатку:

«Сёньня нават падымаўся з ложку. Выходзіў з камэры… Ой, прабачце, з палаты, трымаючыся за сьценкі. Самастойна хадзіць пакуль не магу, сядзець таксама доўга не магу, бо робіцца млосна. Ноччу ня вельмі добра сьпіцца, бо баліць галава. Спадзяюся, што праз пару дзён усё пройдзе, і мне палепшае».

Спрабую падарыць Зьмітру новыя выданьні з «Кнігарні «Наша Ніва», але не атрымліваецца. Маці забірае кнігі сабе, бо чытаць сыну дактары катэгарычна забаранілі. Пасьля зьбіцьця ў хлопца пагоршыўся зрок. Нават па прычытаньні некалькіх радкоў пачынаюць балець вочы. Лекары дакладна не паставілі дыягназ. Пытаюся, ці памятае Зьміцер тое здарэньне?

«Памятаю хлопца, у якога амонаўцы спрабавалі забраць расьцяжку. Я стаяў побач зь ім, і хацеў дапамагчы. Не пасьпеў азірнуцца, як нехта моцна схапіў мяне за куртку, выцягнулі з натоўпу і пачаў біць. Прычым білі своеасабліва — адкрытымі далонямі, падушачкамі на руках. Спачатку білі па скронях, пасьля я паваліўся і мяне пачалі зьбіваць нагамі. Страціў прытомнасьць. Адзін раз прыйшоў у сябе, убачыў перад сабой Міколу Статкевіча, але празь імгненьне зноў праваліўся ў памяці. Канчаткова ачуняў ужо толькі ў шпіталі. Доўга ня мог размаўляць, бо балела ў грудзёх».

Зьміцер не выключае, што зьбіцьцё можа быць зьвязанае зь ягоным нядаўнім візытам у Вашынгтон. «Мяне вельмі ўразіў Буш. Ён падаўся вельмі простым чалавекам, які прымаў нас фактычна на роўных. Ніяк не спрабуючы паставіць сябе вышэй за нас. Шмат цытаваў Біблію, а таксама паабяцаў штопятніцу маліцца за Беларусь».

Яраслаў Грышчэня і спадарыня Ірына ўжо сабраліся сыходзіць. Зьміцер кажа, што сёньня было ня шмат людзей. У пятніцу гасьцей спрабавала разагнаць міліцыя. У пакой заходзілі па чарзе. Фактычна першымі, хто прыехаў у бальніцу пасьля зьбіцьця былі прадстаўнікі амэрыканскага пасольства. Пазьней асабіста прыяжджала пасол ЗША Карэн С’юарт і славацкі дыплямат Любамір Рэгак. Прыяжджалі амаль усе палітычныя лідэры — Анатоль Лябедзька, Павал Севярынец, Лявон Баршчэўскі, Вінцук Вячорка, Анатоль Ляўковіч. Гэта ня кажучы пра сяброў з «Маладога фронту». Наста Палажанка падарыла Зьмітру плюшавага Чабурашку, на якім хлопец цяпер і сьпіць, бо падушкі ня вельмі зручныя.

Зьміцер сьмяецца, што сядзець у камэры на Акрэсьціна весялей: «Можна пагаварыць з кім, пасьмяяцца, пачытаць газэты ці кніжкі, а тут толькі ляжы ўвесь час». Хведарук шкадуе, што праз гэтае здарэньне ня зможа патрапіць на суд да Артура Фінькевіча 20 сьнежня. Даехаць да Магілёву ён пакуль ня ў стане.

У сераду хлопца ўжо мусяць выпісаць. Адкуль такая сьпешка? Аказваецца, што аддзяленьне шпіталю зачыняюць і з гэтай нагоды ўсіх каго можна да 20 сьнежня спрабуюць выпісаць, каб не перавозіць у іншыя мэдустановы.

Пытаюся, ці не адбілі жаданьне ўдзельнічаць у акцыях. Зноў усьміхаецца: «Не, нават нейкі азарт разгарэўся. Пасьля выздараўленьня пайду ў трэнажорку, каб троху накачацца».


Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?