17 сьнежня ў Горадні распачата крымінальная справа (артыкул 341) супраць 23‑гадовага Аляксея Сарнова па факту нанясеньня графіці на сьценах дамоў.

Ён напісаў на расейскай мове адну фразу: «Вярніце ільготы».

А 2‑й гадзіне ночы яго затрымалі на вуліцы Горкага, у яго ў заплечніку былі балёнікі з фарбай. Хлопца пратрымалі дзесяць гадзін у Ленінскім РАУС, пасьля чаго даставілі ў Кастрычніцкі райадзьдзел міліцыі. Яму патлумачылі, што за Нёманам — у Кастрычніцкім раёне на сьценах знайшлі такія ж самыя надпісы, зробленыя таксама чырвонай фарбай.

Праз дванаццаць гадзін затрыманага адпусьцілі, даўшы яму пастанову аб прызнаньні яго падазраваным па справе. Аляксей Сарноў працуе на будоўлі электрамантажнікам.

Сяргей Астраўцоў, Радыё Свабода