У Мінску 1 лістапада праходзіць XXXV з'езд Саюза камуністычных партый — КПСС.

Адкрываючы мерапрыемства, лідар КПРФ Генадзь Зюганаў падкрэсліў, што правядзенне з'езда сёння асабліва актуальнае. «У паветры зноў запахла вайной, якую развязвае амерыканскі імперыялізм», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка накіраваў правітанне дэлегатам і гасцям XXXV з'езда Саюза камуністычных партый. «Сёння вашы партыі па-ранейшаму адстойваюць ідэю сацыялістычнага развіцця, абараняюць правы і інтарэсы простага чалавека, — адзначыў Лукашэнка. — Упэўнены, што вашы намаганні будуць і надалей накіраваны на барацьбу за справядлівасць і роўнасць магчымасцей, мірнае жыццё, права нацый на самавызначэнне».

Зюганаў напярэдадні заявіў журналістам, што ў Беларусі «ёсць чаму павучыцца, ёсць чаму зайздросціць, ёсць што пераймаць». «Я не проста сябрую з прэзідэнтам Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам, але і актыўна падтрымліваю яго праграму, звязаную са спалучэннем разумнага, валявога дзяржаўнага кіравання з магчымасцямі рэгуляванага рынку, з працягам лепшых традыцый савецкай эпохі. У гэтым дачыненні Беларусь з'яўляецца для мяне прыкладам», — падкрэсліў лідар КПРФ.

У з'ездзе ўдзельнічае каля 100 дэлегатаў з паўтара дзясятка камуністычных партый постсавецкіх краін. Мінск не выпадкова выбраны месцам правядзення юбілейнага з'езда: менавіта тут адбыўся першы з'езд РСДРП (Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя).

У 2011 годзе адбыўся пленум савета СКП-КПСС у Данецку (Украіна). У 2012-м у Калоннай зале Дома саюзаў у Маскве святкавалася 90-годдзе стварэння СССР. Сёлета СКП-КПСС удзельнічаў у 15-й міжнароднай сустрэчы камуністычных і рабочых партый у Лісабоне (Партугалія), дзе прысутнічалі прадстаўнікі 75 партый з 63 краін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?