Запланаваныя на 2 лістапада «выбары» ў данецкай і луганскай «народных рэспубліках» ускладняць рэалізацыю мінскіх дамоўленасцей, заявіў дзейны старшыня АБСЕ, міністр замежных спраў Швейцарыі Дідзье Буркхальтэр.

Паводле яго слоў, якія прыводзіць прэс-служба арганізацыі, намер «самаабвешчаных утварэнняў» правесці выбары па-за межамі ўкраінскага заканадаўства супярэчыць літары і духу мінскага пратакола ад 5 верасня. Буркхальтэр падкрэсліў, што гэты дакумент прадугледжвае правядзенне датэрміновых мясцовых выбараў у шэрагу раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей у адпаведнасці з законамі Украіны (7 снежня).

Гэты пункт, адзначыў кіраўнік АБСЕ, быў унесены ў пратакол у адказ на заклікі да дэцэнтралізацыі ўлады і закліканы «стварыць умовы для сумесных намаганняў па вяртанні міру і стабільнасці ў спустошаныя вайной раёны ўсходняй Украіны».

Буркхальтэр выказаў шкадаванне, што спробы трохбаковай кантактнай групы па Украіне абмеркаваць пытанне выбараў на відэаканферэнцыі з прадстаўнікамі «народных рэспублік» 31 кастрычніка не ўвянчалася поспехам з-за няяўкі апошніх.

Кіраўнік АБСЕ нагадаў усім бакам, што мінскі пратакол ад 5 верасня і мемарандум да яго ад 19 верасня павінны служыць «асновай і кропкай адліку» для дээскалацыі канфлікту. У гэтым пытанні, лічыць Буркхальтэр, ужо дасягнуты пэўны прагрэс: паменшылася насілле, вызваляюцца затрыманыя, прыкладаюцца намаганні па дэцэнтралізацыі. У той жа час многія пункты дамоўленасцей яшчэ чакаюць сваёй паўнацэннай рэалізацыі. Размова ідзе аб устойлівасці рэжыму спынення агню, вызваленні ўсіх затрыманых, кантролі ўкраінска-расійскай мяжы, эканамічнай рэабілітацыі зоны канфлікту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?