Барацьба з «дармаедамі» з'яўляецца пачаткам вялікай кампаніі ўладаў, накіраванай супраць ценявой эканомікі. Паводле інфармацыі БелаПАН, дзяржорганы маюць намер рэалізаваць цэлы комплекс мерапрыемстваў, каб знізіць долю схаванай эканомікі. Інструменты, з дапамогай якіх улады маюць намер дасягнуць гэтай мэты, заслугоўваюць асобнай увагі.

Пяць крокаў па барацьбе з ценявой эканомікай

Тое, што краіна рыхтуецца да поўнамаштабнай барацьбы з ценявой эканомікай, пацвярджаюць публічна агучаныя ініцыятывы ўладаў. Некаторыя з такіх ініцыятыў ужо нават фармалізаваны на паперы ў выглядзе дзяржаўнага рашэння. Расскажам пра найбольш прыкметныя.

Скарачэнне наяўнага абароту. Магчымасць ажыццяўлення наяўных плацяжоў, на думку ўладаў, стварае перадумовы для існавання рознага роду ценявых схем ухілення ад выплаты падаткаў. Таму дзяржорганы маюць намер узмацніць кантроль за грашовымі патокамі ўнутры краіны. Адна з першачарговых мер у гэтым кірунку — пашырэнне практыкі безнаяўных плацяжоў.

Да цяперашняга часу Нацбанк ужо прыняў меры па абмежаванні максімальнай сумы пакупак для фізічных асоб за наяўны разлік. Паралельна з гэтым рэгулятар вядзе працу па пашырэнні сферы ўжывання безнаяўных разлікаў у гандлёвых арганізацыях.

Праўда, не ўсё ў гэтым кірунку ў Нацбанка атрымліваецца. Як вядома, у канцы верасня беларускі Цэнтрабанк у мэтах развіцця безнаяўных плацяжоў прыняў пастанову, згодна з якой рэкамендаваў банкам вызначаць плату за эквайрынг (прыём да аплаты банкаўскіх плацежных картак) ніжэйшую за тарыфы за інкасацыю (збор і перавозка грашовых сродкаў).

Тарыфы на інкасацыю, якія рэкамендаваў увесці Нацбанк, абурылі прадпрымальнікаў і апошнія нават напісалі зварот на імя віцэ-прэм'ера Пятра Пракаповіча. На мінулым тыдні вераснёўская пастанова Нацбанка была адменена.

Забарона на выкарыстанне спрошчнай схемы. А вось іншае дзяржаўнае рашэнне, таксама накіраванае на барацьбу з ценявой эканомікай, відаць, будзе прынята на ўзроўні закона. Апошняя рэдакцыя закона аб унясенні зменаў у Падатковы кодэкс прадугледжвае ўвядзенне забароны на прымяненне спрошчанай сістэмы падаткаабкладання тым прадпрыемствам, у якіх доля ўдзелу іншых арганізацый складае больш за 25%.

Чаму на гэты крок ідуць улады? Падатковыя органы высветлілі, што суб'екты гаспадарання, якія адносяцца да катэгорыі сярэдніх і буйных арганізацый, засноўваюць невялікія даччыныя прадпрыемствы і дзякуючы гэтаму карыстаюцца спрошчанай сістэмай падаткаабкладання (у рамках якой падаткі выплачваюцца па льготнай стаўцы).

Каб выключыць такога роду схемы сыходу ад падаткаў, улады вырашылі істотным чынам падкарэктаваць Падатковы кодэкс.

Выкараненне «дармаедства». Захады ўладаў па барацьбе з ценявой эканомікай закрануць у 2015 годзе і насельніцтва. Да 1 студзеня, як даручыў Аляксандр Лукашэнка, урад павінен прымусіць працаваць тых, хто афіцыйна нідзе не працуе.

«Да 1 студзеня прыняць меры, каб усе працавалі, прымусіць усіх працаваць!» — заявіў беларускі лідар на нарадзе 20 кастрычніка.

На самай справе ўлады выдатна разумеюць, што беларусы далёка не «дармаеды», і многія афіцыйна беспрацоўныя дзесьці фактычна працуюць і сябе забяспечваюць. Таму карэктней было б казаць аб планах уладаў па барацьбе з незарэгістраванай занятасцю. Хоць тэрмін «дармаедства», улічваючы савецкае мінулае Беларусі, уладам і значнай часткі насельніцтва, відавочна, бліжэй.

Барацьба з заробкамі ў «канвертах». Паводле інфармацыі БелаПАН, у дзяржорганах разглядаюцца прапановы, якія прадугледжваюць узмацненне барацьбы з так званымі заробкамі ў «канвертах». У прыватнасці, гаворка ідзе пра даўнюю ідэю вызваліць работнікаў, якія заяўляюць аб выплаце працадаўцам заробку ў «канверце», ад адказнасці.

Паводле дзейнага ў Беларусі заканадаўства ў выпадку такой скаргі на наймальніка работніку неабходна выплачваць усе падатковыя адлічэнні ў сувязі з атрыманнем ім раней заробкаў у «канвертах». Калі змены ў заканадаўства, аб якіх сёння ідзе гаворка, у наступным годзе будуць унесены, то ўсю адказнасць за выплату заробкаў у «канвертах» стане несці працадаўца.

Дэклараванне даходаў сям'і. Яшчэ адна перспектыўная тэма, аб якой сёння задумаліся беларускія органы дзяржкіравання, — пераход да прынцыпу падаткаабкладання даходаў сям'і ў цэлым. Такі падыход выкарыстоўваецца ў шэрагу краін, і не выключана, што і Беларусь у будучыні можа яго пераняць.

Розныя краіны па розных прычынах пераходзяць на прынцып дэкларавання даходаў сям'і ў цэлым. Аднак акрамя іншых можа існаваць і фіскальны матыў дадзенага кроку — каб насельніцтва не ўхілялася ад выплаты падаткаў з дапамогай афармлення маёмасці (грашовых сродкаў) на блізкіх сваякоў.

Увогуле, калі рэзюмаваць вышэйсказанае, у арсенале ў дзяржавы — вялікі комплекс мер, якія могуць быць накіраваны на барацьбу з ценявой эканомікай.

Дэмаграфічны крызіс прымушае шукаць грошы

Глабальныя планы дзяржавы па барацьбе з ценявой эканомікай нядзіўныя, улічваючы той стан, у якім знаходзяцца сёння дзяржаўныя фінансы. Даходы бюджэту, у тым ліку ў сілу нізкіх тэмпаў эканамічнага росту, абмежаваныя.

У той жа час выдаткі растуць — значныя сродкі неабходныя на выплаты па дзяржпазыках, на фінансаванне сацыяльнай сферы. Прычым, мяркуючы па прагнозе дзяржаўных інстытутаў, сацыяльныя выдаткі (улічваючы старэнне насельніцтва) у найбліжэйшыя гады будуць працягваць расці.

На гэтым фоне меры па барацьбе з ценявой эканомікай, накіраваныя на павелічэнне даходаў бюджэту, цалкам зразумелыя, лічыць адміністрацыйны дырэктар Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Павел Данейка.

«У краіне назіраецца дэмаграфічны крызіс, скарачаецца доля працаздольнага насельніцтва, а колькасць пенсіянераў расце. Таму тэма фарміравання Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) у сярэднетэрміновым і доўгатэрміновым плане з'яўляецца праблемай. Лагічна, што дзяржава спрабуе задзейнічаць увесь комплекс мер, каб адказаць на гэты выклік», — лічыць Павел Данейка.

На думку эканаміста, тэма незарэгістраванай занятасці, якой сёння займаецца ўрад, паднятая правамерна.

«Сітуацыя, калі значная частка насельніцтва афіцыйна не занятая ў эканоміцы і не плаціць падаткі, з'яўляецца ненармальнай. Калі людзі не плацяць падаткі, незразумела, адкуль возьмуцца грошы для фінансавання сацыяльнай сферы. Таму праблема незарэгістраванай занятасці паднятая правамерна», — мяркуе Павел Данейка.

Між тым беларускія эканамісты, якія вывучаюць сацыяльныя пытанні, лічаць, што змагацца з «дармаедствам» будзе няпроста.

«Незразумела, каго і па якіх крытэрах будуць адносіць да «дармаедаў» і «дармаедак», ці апынуцца сярод іх хатнія гаспадыні. З іншага боку, узнікнуць, хутчэй за ўсё, фірмы, якія стануць аказваць паслугі «дармаедаў» з фіктыўным працаўладкаваннем. Хоць у гэтым выпадку нейкая частка сродкаў у выглядзе узносаў у ФСАН паступіць», — мяркуе эканаміст Кацярына Барнукова.

Фіктыўныя адносіны, прагназуе эксперт, могуць спарадзіць і іншыя меры па барацьбе з ценявой эканомікай. У прыватнасці, пераход на прынцып падаткаабкладання даходаў сям'і ў цэлым, калі ставіць фіскальныя задачы, можа прывесці да павелічэння колькасці фіктыўных разводаў.

«У заходніх краінах дэклараванне даходаў сям'і стымулюе занятасць усіх членаў сям'і. Чалавек з найменшым узроўнем даходаў абкладаецца там меншым падаткам, і тым самым стымулюецца ўдзел гэтага члена сям'і на рынку працы. Людзі, якія няшмат зарабляюць, дастаткова адчувальныя да падатковага стымулявання», — тлумачыць Кацярына Барнукова.

Калі ж пераследваць выключна фіскальныя мэты пры пераходзе на прынцып дэкларавання даходаў усёй сям'і, то зацікаўленыя людзі знойдуць магчымасць ухіліцца ад выплаты падаткаў, лічыць эканаміст.

«У наш час фармальнае афармленне шлюбных адносін губляе былую актуальнасць. Каб людзі дэкларавалі свае даходы, ім павінна быць гэта выгадна. Фіктыўныя разводы — не праблема ў сучасным свеце», — адзначае Барнукова.

Таму, мяркуе эксперт, каб знізіць долю ценявой эканомікі, стаўку неабходна зрабіць не на фіскальных, а на стымулюючых мерах.

«Нават у самых развітых краінах існуе ценявая эканоміка, звесці яе да нуля немагчыма. Калі юрыдычныя або фізічныя асобы сыходзяць у «цень», яны узважваюць ўсе плюсы і мінусы. Дзяржаве неабходна думаць пра гэта і не толькі павялічваць кошт знаходжання ў «цені», але і памяншаць стымулы сыходу ў нелегальны сегмент эканомікі», — рэзюмавала Кацярына Барнукова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?