Рэканструкцыя Навагрудскага замка працягваецца. Адзін з этапаў — кансервацыя Касцельнай вежы — ужо амаль завершаны. Аднак новы выгляд вежы падабаецца далёка не ўсім. «НН» пабывала ў Навагрудку і паглядзела, што сталася з вежай. 

Бляха, падпоркі, новая цэгла

Хто бачыў Навагрудскі замак раней ці толькі на фотаздымках, не пазнаюць яго з боку Касцельнай вежы. На месцы сцяны, што шчацінілася рыштаваннямі, цяпер стаіць збудаванне, якое ззяе новай цэглай.

Гэта не цалкам адбудаваная вежа, а яе палова. Над вежай — тэхнічны дах з бляхі, што трохі нагадвае дахі хрушчовак. 

Да вежы прымацаваная велізарная металічная канструкцыя — яна ўтрымлівала рэшткі старой сцяны, пакуль рабочыя праводзілі маніпуляцыі.

Аднак саміх рэштак старой сцяны не відаць, калі знаходзішся на самой замкавай гары яны не бачныя — іх схавала новая кладка.

Самы прыгожы від

Аўтэнтычныя цагліны старога муру праглядаюцца толькі з усходняга і паўднёва-ўсходняга бакоў. То бок толькі калі глядач спусціцца з гары і стане ля Фарнага касцёла.

Старая кладка праступае на фоне новай. Рэстаўратары захавалі вендскую муроўку: два «лажкі» чаргуюцца з адным «тычком». 

Старая кладка праступае на фоне новай. Рэстаўратары захавалі вендскую муроўку: два «лажкі» чаргуюцца з адным «тычком». 

Наваградцам падабаецца

Навагрудцы да змен у замку ставяцца пазітыўна. Апытаныя на вуліцы мясцовыя жыхары радуюцца, што замак нарэшце прывядуць у ахайны выгляд. Станіслаў, які жыве ў доме пад самай Касцельнай вежай, рады, што руіны ўмацавалі і яны не зваляцца з гары — пад яго плотам і так ляжаць камяні, што калісьці выкаціліся з контрфорсаў.

Станіслаў жыве ў хаце пад самай Касцельнай вежай.

Станіслаў жыве ў хаце пад самай Касцельнай вежай.

Эстэтычны бок рэканструкцыі Станіслаў не чапае: «Хай турысты вырашаюць, падабаецца ім ці не».

Прадавачка з сувенірнай крамы ля замка — чалавек, які ведае меркаванні турыстаў. «Вельмі многія незадаволеныя. Кажуць, закрылі даўніну цэглай. Мне самой, шчыра кажучы, не вельмі падабаецца. Але шмат хто ў захапленні», — кажа яна.

«Гэта было адзінае выйсце»

Навуковы кіраўнік рэстаўрацыі замка, намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Белрэстаўрацыя» па рэстаўрацыі Сяргей Друшчыц патлумачыў, што іншага спосабу захаваць рэшткі замка не было:

«Цяпер мы распрацоўваем праект кансервацыі трох вежаў: Дазорнай, Пасадскай і вежы ў Малой браме, а таксама праслаў муроў паміж вежамі. Пры спрыяльных умовах у наступным годзе, калі будзе фінансаванне, мы выканаем гэтую кансервацыю.

У кагосьці было ўражанне, што гэтая руіна можа быць вечная. Але гэта не так. Стан яе быў жахлівы, і мы выкарысталі метад, які сёння існуе. Рэшткі Касцельнай вежы немагчыма было закансерваваць у іх папярэднім стане. Такога метаду няма ні ў Беларусі, ні ў Еўропе. Бо калі вапнавая рошчына губляе сваю трываласць, няма сродкаў яе замацаваць.

Вонкавая цагляная муроўка вежы была страчаная дзесьці 100 гадоў назад. Вежа знаходзілася ў аварыйным стане. Таму намі зроблена больш за 100 свідравін, каб замацаваць грунт схілу, прасторавая металічная канструкцыя, што трымала вежу падчас работ. Мы вярнулі вежы геаметрычныя памеры, якія ёсць на фатаздымках 20—30-х гадоў. Спадзяемся, што з часам у нас будзе магчымасць гэтую вежу аднавіць.

Цэгла гарынская, муроўка вендская

Яшчэ мы зрабілі маленькі дах над вежай, бо не маглі гарантаваць цэласнасць цэглы, хоць нам Гарынскі камбінат зрабіў яе па спецзамове — рэстаўрацыйную цэглу ідэнтычных з кладкай вежы памераў. Арыгінальную кладку мы захавалі, дзе гэта было магчыма. Так, эстэтам можа не падабацца адсутнасць маляўнічых руін, але гэта было адзінае выйсце. Для стварэння падабенства мы выкарысталі спецыяльную рошчыну і захавалі арыгінальны вендскі тып муроўкі, арыгінальную таўшчыню швоў.

Спецыяльна замоўленная на Гарынскім камбінаце цэгла. Некалькі такіх цаглінаў валяецца на тэрыторыі замкавай гары. 

Спецыяльна замоўленная на Гарынскім камбінаце цэгла. Некалькі такіх цаглінаў валяецца на тэрыторыі замкавай гары. 

Аднак на паддонах ля замка ляжаць цагліны, падобныя да іншай, не спецыялізаванай прадукцыі цагельнага камбіната. У якіх мэтах выкарыстоўваюць яе, невядома. 

Аднак на паддонах ля замка ляжаць цагліны, падобныя да іншай, не спецыялізаванай прадукцыі цагельнага камбіната. У якіх мэтах выкарыстоўваюць яе, невядома. 

А калі да вас будуць звяртацца чытачы, хай пазнаёмяцца з кансервацыяй замка ў Чэрску, што недалёка ад Варшавы, і Ковенскага замка, дзе выкарыстаныя тыя самыя прыёмы будаўніцтва. Мастакам, якія любяць руіны, парайце, што ў нас так многа гэтых руін і мы, на жаль, не хутка да іх дабяромся… Аднак спадзяемся, што праграма «Замкі Беларусі» будзе рэалізоўвацца і далей».

Друшчыц патлумачыў, што прасторавая металічная канструкцыя, якая трымае вежу, застанецца стаяць яшчэ год, будзе рабіцца маніторынг.

Цяпер «Белрэстаўрацыя» распрацоўвае праект кансервацыі трох вежаў: Дазорнай, Пасадскай і вежы ў Малой браме, а таксама праслаў сцен паміж вежамі. Калі гэтыя работы будуць выкананыя, калі знімуць металічныя падпоркі, розніца ў выглядзе розных элементаў замка нівеліруецца.

«Трэба памятаць, што любая рэстаўрацыя мусіць быць зваротнай. Калі рэстаўруюць карціну, абавязкова павінна быць магчымасць зняць новыя матэрыялы, каб раскрыць арыгінал. Так і ў нас: новую кладку можна будзе разабраць, калі раптам з'явіцца магчымасць замацаваць старую», — нагадаў Друшчыц.

Радыкальныя рашэнні

Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі абараняе працу «Белрэстаўрацыі». На яго думку, «маляўнічыя руіны» Навагрудскага замка нельга было захаваць у сучасным выглядзе:

«Я аптыміст. Памятайце, што выгляд замка, які мы прывыклі бачыць, — гэта плён працы польскіх кансерватараў у 1920-я гады. Яны ўзвялі падпорныя сценкі, якія многімі сёння прымаюцца за аўтэнтыку. У якасці прыкладу варта прывесці Вежу Гедыміна ў Вільні, якую прымаюць за аўтэнтычную захаваную пабудову. Між тым апошнія тры паверхі былі надбудаваныя ў 1920–30-я гады.

У Навагрудскім замку праводзіцца кансервацыя, мэтай якой ёсць захаваць тое, то дайшло да нашых дзён. Пакідаць «як ёсць» выветраныя раструшчаныя стагоддзямі цагліны немагчыма праз аб'ектыўныя прычыны: клімат непазбежна ўплывае.

Такім чынам, калі мы хочам для наступных стагоддзяў захаваць хаця б працэнтаў 30 гэтай аўтэнтыкі, даводзіцца прымаць радыкальныя рашэнні. Тут больш стаіць пытанне аб якасці работ і аб далейшай эксплуатацыі: ці будзе гэта ўсё стаяць.

Іншая прычына для хвалявання — эстэтыка, выгляд. Гэта дыскусійнае пытанне. Зразумела, усе мы хацелі б там назіраць закончаную адноўленую вежу. Аднак мы не маем дастаткова іканаграфіі па тых эпохах. Таму павінна быць нейкае іншае рашэнне. То бок пабудаваны на сапраўдных руінах прыкладны муляж вежы, як гэта бачыцца мне.

Прывыкнем!

Публіка хоча, каб усё было адноўлена адразу і гламурненька, але гэта немагчыма ні па часе, ні па фінансах, ні па прызначэнні. Мабыць, такое рашэнне ў цэнтры Навагрудка спрэчна з пункту гледжання эстэтыкі, але ў інжынерным плане выглядае, што варыянтаў было няшмат. Спецыфіка рэльефа робіць гэты аб'ект вельмі небяспечным, ён у любую хвіліну можа зваліцца ўніз.

Адзінае, я б прапанаваў пасля завяршэння работ гэта ўсё ашляхетніць, надаць старадаўні выгляд. Гэта можа быць азеляненне, можа быць, дах усё ж такі з дахоўкі. А па прашэсці ж гадоў мы, нашыя ўнукі будуць успрымаць гэта інакш, як арыгінальную пабудову».

Касцельную вежу ў яе былым выглядзе цяпер можна пабачыць на карцінах і фотаздымках. 

Касцельную вежу ў яе былым выглядзе цяпер можна пабачыць на карцінах і фотаздымках. 

Археолаг, кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў таксама настроены пазітыўна:

«Някепска. Бывае горш, асабліва ўлічваючы ўзровень нашай рэстаўрацыі. Але лепш гэта, чым руіны, якія разваляцца. Я б ацаніў на тры з плюсам ці чатыры па пяцібальнай шкале. Вядома, жадалася б лепш, але лепш мы не можам з розных аб'ектыўных прычынаў. Адзінае, чаго я не ведаю — гэта марозастойкасць цэглы. Калі яна прастаіць зіму і не пасыплецца — значыць, усё цудоўна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?