03.11.2014 / 20:36

Другая кальцавая дарога вакол Мінска: калі, дзе і за колькі 4

Прапанова аб будаўніцтве аб'язной дарогі, якая размесціцца на некаторай адлегласці ад сталіцы, нарадзілася больш за чатыры гады таму. Мелася на ўвазе, што мэтазгодна пусціць транзітны, у першую чаргу грузавы, транспарт за межамі горада, каб разгрузіць сталіцу.

Неўзабаве Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ аб будаўніцтве такой дарогі. Паводле гэтага дакумента меркавалася, што ўжо ў 2014-м з'явіцца першы з двух новых участкаў магістралі. Аднак будаўніцтва ішло вельмі павольна з-за недахопу фінансавання. Сітуацыя змянілася ў пачатку гэтага года, калі Лукашэнка ўзяў яе на асабісты кантроль.

Як пройдзе кальцо

Усю магістраль можна ўмоўна падзяліць на дзве часткі. Першая, якую трэба будзе пабудаваць, гэта без малога 90 км шляху. Другая — існуючая, куды ўваходзяць 48-кіламетровы ўчастак трасы М1 (Брэст — Масква), 10-кіламетровы адрэзак дарогі М2 (Мінск — Нацыянальны аэрапорт Мінск) і аўтадарога Р80 (Слабада — Паперня) працягласцю 14 км.

Новую частку, якая пройдзе на паўночны захад, а затым і на паўднёвы захад ад сталіцы, трэба будзе пабудаваць у два этапы. На першым павінна з'явіцца дарога працягласцю 46,1 км ад трасы М3 (Мінск — Віцебск) у раёне Астрашыцкага Гарадка да аўтадарогі М6/E28 (Мінск — Гродна — мяжа Польшчы) у раёне Аксакаўшчыны. На другім этапе намячаецца падоўжыць трасу ад Аксакаўшчыны да магістралі М1 (Брэст — Мінск — мяжа Расіі) у раёне вёскі Сухадол. Гэта адрэзак даўжынёй больш за 40 км.

Калі ўтворыцца поўнае кальцо, чарга дойдзе да рэканструкцыі існуючай часткі, якая складаецца з некалькіх розных трас. Перш за ўсё давядзецца пашырыць дарогу Р80 Слабада — Паперня, якая на карыстаным участку мае ўсяго дзве паласы.

Траса ўзроўню «М»

Як кажуць праекціроўшчыкі, спецыялісты ГП «Белгіпрадар», шырыня другой кальцавой амаль 23 м: па дзве паласы ў кожным напрамку. Плюс раздзяляльная паласа, на якой амаль на ўсім працягу ўсталююць металічную агароджу. Плюс умацаваныя абочыны. Праект робіцца так, каб пры неабходнасці магістраль можна было пашырыць да шасці палос. Мяркуецца, што ў перспектыве на некаторых участках гэтай трасы з'явіцца асвятленне. А там, дзе дарога максімальна набліжана да забудовы, усталююць шумаахоўныя экраны.

Праекціроўшчыкі скрупулёзна прадумвалі трасіроўку, каб максімальна аддаліць паток машын ад населеных пунктаў, садаводчых таварыстваў і пазбегнуць зносу будынкаў. Акрамя таго, траса спраектаваная так, каб не закранаць мяжы прыродных тэрыторый пад аховай і месцаў, якія з'яўляюцца гістарычнай каштоўнасцю. Паколькі плануецца, што дазволеная хуткасць на магістралі будзе парадку 120 км/г, асаблівы клопат — бяспека руху. Таму пры скрыжаванні кальцавой з іншымі дарогамі пабудуюць развязкі ў розных узроўнях, а для пешаходаў у адным месцы нават зробяць падземны тунэль. Толькі на першым этапе на 46 кіламетрах ўзвядуць 24 розныя збудаванні.

Першапачаткова меркавалася, што кальцавая будзе асфальтабетоннай. Але ў канчатковым варыянце вырашана, што яе зробяць з цэментабетонным пакрыццём. Гэта дазволіць выкарыстаць выключна айчынныя будматэрыялы, што адаб'ецца на кошце. Але якасць пры гэтым не пацерпіць. Дарожнікі кажуць, што падобнае пакрыццё больш даўгавечнае, чым асфальт, яно вытрымлівае яшчэ большыя нагрузкі. Да таго ж сучасныя матэрыялы, тэхніка, новыя тэхналогіі дазваляюць рабіць бетонку зусім іншага ўзроўню ў параўнанні з тымі, якія будавалі раней.

Першы этап

Такім чынам, будаўніцтва кальцавой з вясны бягучага года пайшло інтэнсіўна. Першы этап узвядзення дарогі даўжынёй 46,1 км разбіты на пяць чэргаў. Цяпер, як распавёў начальнік упраўлення падрадных работ РУП «Мінскаўтадар-Цэнтр» Андрэй Ліс, на першых трох чэргах (адрэзак даўжынёй 28 км) ідзе перакладка камунікацый, будаўніцтва штучных збудаванняў (пуцеправодаў і развязак) і, кажучы мовай прафесіяналаў, уладкоўванне дарожнага адзення — ніжняга пласта з пясчана-гравійнай сумесі. Месцамі ідзе заліванне бетоннага падмурка і верхняга пласта дарожнага пакрыцця. На 4-й і 5-й чэргах пакуль вядуцца падрыхтоўчыя працы: расчыстка паласы адводу зямлі ад кустоў і дрэў, зняцце ўрадлівага пласта глебы.

Гэты этап плануецца скончыць да 1 студзеня 2016 года. Праз год павінен быць выкананы і другі этап — пабудавана яшчэ больш за 40 км дарогі да трасы М1 (Брэст — Мінск — мяжа Расіі).

«Праектаванне і будаўніцтва магістралі ідзе паралельна, — удакладніў Андрэй Ліс. — Не выключана, што ў наступным годзе работы пойдуць адначасова і на другім этапе».

Як сказаў намеснік прэм'ер-міністра рэспублікі Анатоль Калінін, пабываўшы нядаўна на будаўніцтве другой кальцавой, каб новая МКАД стала прывабнай для транзітных перавозчыкаў і нашых грамадзян, уздоўж яе павінны з'явіцца лагістычныя цэнтры, прыпыначныя пункты, аб'екты прыдарожнага сэрвісу. Тады кальцавая надасць эканоміцы раёна дадатковы імпульс. Так што пабудаваць дарогу — гэта першая задача. Другая — стварыць на ёй інфраструктуру, каб аб'ект запрацаваў з поўнай аддачай.

***

Сёння на будаўніцтве другой кальцавой задзейнічаны 301 самазвал, 167 адзінак дарожна-будаўнічай тэхнікі, 429 чалавек, у тым ліку не толькі дарожных рабочых, але і кіроўцаў, інжынерна-тэхнічны персанал.

Фінансуе будаўніцтва Банк развіцця Рэспублікі Беларусь, які выдзеліў 400 млрд рублёў. Яшчэ 300 млрд прадастаўлена з дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага фонду нацыянальнага развіцця.

0
SHOS / Адказаць
03.11.2014 / 21:21
Освещение проектировали светодиодное. Нашего производства. Но то была архитектурная стадия. Освещать надо по-любому.
0
ээ / Адказаць
04.11.2014 / 09:45
да сэрца падобна.. а сам Мінск (на карце): http://img.tyt.by/n/10/4/vorotilin-drugoy_minsk.jpg падобны да чарапашкі, якая ў бок масквы паўзе
0
Тацяна Сьнітко / Адказаць
04.11.2014 / 10:48
Я штодня езджу праз гэту будоўлю -- праца там кіпіць! Выглядае ўсё сур'езна і прыгожа. Толькі чаму дарога Слабада-Паперня? Мы, жыхары заМКАДдзя, заўсёды лічылі, што гэта Слабада-Вішнёўка. Яна выходзіць нашым канцом якраз да Вячы каля Вішнёўкі.
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру