Грамадзкі актывіст Ільля Дабратвор зьвярнуўся ў пракуратуру і Менгарвыканкам у сувязі з правядзеньнем у менскім клюбе Dozari вечарынкі «Русским быть модно», назву якой ён лічыць заклікам да міжнацыянальнай варожасьці.

У інтэрвію Радыё Свабода Ільля Дабратвор заявіў, што да мерапрыемстваў такога кшталту, як вечарынка «Русским быть модно», трэба ставіцца сур’ёзна, бо ў «Луганску і Данецку ў свой час усё пачыналася менавіта з такіх мерапрыемстваў».

«Мяне абурыла сама назва мерапрыемства. То бок, яны лічаць, што «рускім быць модна», а беларусам быць ня модна. І пры гэтым яны праводзяць гэтае мерапрыемства ў сталіцы Беларусі. Калі б гэта было ў Маскве, то гэта была б іх справа. У Маскве яны могуць праводзіць мерапрыемствы, якія яны хочуць. Але я лічу, што гэта зьдзек — праводзіць мерапрыемства пад лёзунгам «Русским быть модно» там, дзе большасьць насельніцтва — беларусы», — упэўнены Дабратвор.

«Як я ў сваім звароце ўпамянуў, агрэсіўнай рэклямай, то бок выкарыстоўваньнем аўтамата, яны проста паказваюць, як яны зьбіраюцца праводзіць у жыцьцё на тэрыторыі Беларусі свой лёзунг «рускія — гэта модна». То бок дзейнічаць, як у Луганску і Данецку. Я лічу гэта небясьпечным напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году, бо мы ня можам прадказаць, як яны будуць дзейнічаць», — кажа актывіст.

Дабратвор лічыць, што прадказаць рэакцыю дзяржаўных органаў на гэты зварот цяжка. На ягоную думку, улады самі занепакоеныя прарасейскай імпэрскай прапагандай, якая пагражае беларускай дзяржаве.

Актывіст таксама ўзгадаў сытуацыю з праваабаронцай Аленай Танкачовай, якую зьбіраюцца дэпартаваць у Расею, і зьвярнуў увагу на асобу арт-дырэктара Dozari Аляксандра Краітара, які мае расейскае грамадзянства.

«Яна (Танкачова) не праводзіла антыдзяржаўнай дзейнасьці. Яна не казала, што расейцы — гэта такая нацыя, якая стаіць вышэй за беларусаў. Але яе высылаюць. Таму я лічу, што ёсьць тая нагода, каб дэпартаваць грамадзяніна Расеі (арт-дырэктара Dozari), які праводзіць антыбеларускую дзейнасьць. Тым больш я лічу, што ён на гэтым ня спыніцца і будзе працягваць», — адзначыў ён.

Раней у адным з сваіх інтэрвію Аляксандар Краітар заявіў, што паміж Беларусьсю і Расеяй няма межаў і ён успрымае Беларусь як рэгіён Расеі. Дабратвор бачыць у гэтых выказваньнях распальваньне сэпаратысцкіх настрояў у Рэспубліцы Беларусь.

Актывіст патрабуе ад уладаў прыняць меры, каб не дапускаць надалей правядзеньня мерапрыемстваў такога кшталту, як вечарынкі «Русским быть модно», а таксама просіць прыцягнуць да адказнасьці арганізатараў вечарынкі аж да «дэпартацыі з тэрыторыі Рэспублікі за антыдзяржаўную дзейнасьць і распальваньне міжнацыянальнай варожасьці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?