Цела 24-гадовай Яні знайшла суседка па інтэрнатаўскім пакоі. Прыехала з выхадных 27 кастрычніка, а дзяўчына нежывая.

«Праводзіцца праверка. Першапачатковая прычына смерці — сардэчная недастатковасць. Прызначаны шэраг экспертыз, каб выключыць крымінальны характар смерці — напрыклад, верагоднасць, што яе не атруцілі», — адзначыла прадстаўніца УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк.

Яня нарадзілася ў Мазыры. Вучылася ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Куляшова. 5 курс факультэта педагогікі і псіхалогіі дзяцінства. Рыхтавалася да абароны дыплома. За гады вучобы праявіла сябе толькі са станоўчага боку. Ва ўніверсітэце вывесілі партрэт дзяўчыны са спачуваннямі: «Сумленна ставілася да вучобы, брала актыўны ўдзел у грамадскай і валанцёрскай дзейнасці факультэта».

Але што ў такія маладыя гады магло стацца з сэрцам? Сябры кажуць, што віной таму — не заўсёды ўзаемнае каханне.

«Асабіста я магу расказаць пра яе толькі станоўчае. Не таму, што так трэба, а таму, што гэта было так. Добры і спагадлівы чалавек. Ніколі не заставалася абыякавай да маіх праблем і перажывала. Ведала, што сказаць і як суцешыць… Аддана кахала свайго маладога чалавека. І мы нават не думалі, што настолькі моцна, што не вытрымала. У апошнія дні яна ўсім казала: «У мяне ўсё будзе добра…» — падзялілася сяброўка Карына.

Яня ўмела знайсці патрэбныя словы для іншых, як псіхолаг, а вось справіцца са сваімі пачуццямі не змагла. На дзявочыя плечы звалілася шмат выпрабаванняў.

«Яню гадавала і выхоўвала бабуля. Яна ўзяла дзяўчынку адразу з радзільні. Чаму не было бацькоў, я не ведаю і ніколі не пытаўся. І яна не была распешчанай, была абмежавана ў нейкіх рэчах, — дзеліцца прыяцель дзяўчыны Яўген. — Калі ўсе Яніны сяброўкі паступілі ва ўніверсітэты, а яна не, была засмучана. Я яе падбадзёрваў. І праз год яна паступіла таксама вучыцца».

Яўген кажа, што дзяўчына была сарамлівай. Калі ўсе хадзілі на пляж, яна саромелася сваёй фігуры.

«Яня была пампушкай. Але мы здолелі пераадолець яе страх, і яна з сяброўкамі пачала хадзіць загараць. Раніцай, калі лянота прачынацца і яе сяброўкі яшчэ валяліся па ложках, я бачыў здалёк нашу смуглянку Яню, якая кіравалася ўжо на пляж. Яна ператварылася ў прыгажуню. І хутка з’явіўся ў яе каханы. Праўда, каханне было не зусім добрае і ўзаемнае. Але Яня намагалася, каб у яе было не горш за сябровак. А ён карыстаўся і не цаніў». Рассталіся. Але ў дзяўчыны з’явіўся новы прыхільнік, з якім працяглы час сустракаліся.

«Яны ідэальна падыходзілі адно да аднаго. І Дзяніс зрабіў ёй прапанову. А па словах бабулі я зразумеў, што яны пасварыліся. Яня плакала па начах.

Дурненькая, узяла ўсё блізка да свайго сэрца, якое проста не вытрымала і спынілася. Проста не магу ўсвядоміць, што не ўбачу больш гэтай ўсмешлівай смуглянкі».

***

Сардэчная недастатковасць — гэта стан, пры якім сэрца не можа забяспечваць арганізму нармальны кровазварот: сэрца становіцца няздольным працаваць як помпа.

Каб захаваць сэрца здаровым, медыкі рэкамендуюць прытрымлівацца здаровага ладу жыцця. Не дапускаць з’яўлення лішняй вагі. Правільна харчавацца: чатыры разы на дзень, мінімізаваць спажыванне солі. Больш спажываць прадуктаў з утрыманнем калію і магнію, садавіну, якая служыць для прафілактыкі атэрасклерозу (яблыкі, грушы, бананы, ківі, слівы). Тлустае мяса лепш замяніць на мяса хатняй птушкі і рыбу, а жывёльны тлушч рэкамендуецца замяніць на раслінны.

Безумоўна, варта адмовіцца ад шкодных звычак (курэнне, ужыванне алкаголю). І павысіць фізічную актыўнасць

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?