Эканаміст Яраслаў Раманчук разважае пра тое, што значыць мадэрнізацыя па-беларуску, якія галіны ў нашых умовах маглі б стаць лакаматывам рыўка і якія рэформы сапраўды патрэбныя Беларусі.

— Не сакрэт, што на мадэрнізацыю беларускае кіраўніцтва кінула вялізныя сілы — і фінансавыя, і адміністрацыйныя. З-за правалаў у мадэрнізацыі здымаюць з працы і нават садзяць. Але відавочна, што нейкіх значных і яркіх вынікаў да гэтага часу няма. Чаму?

— У нас слова «мадэрнізацыя» мае свой асаблівы сэнс. Гэта як прыгожая абгортка для прыкрыцця зусім непрывабных працэсаў. Распарадчыкі чужога (палітыкі і чыноўнікі) выкарыстоўваюць яго дзеля легалізацыі схем каналізацыі бюджэтных рэсурсаў у свае асабістыя праекты, а таксама працягу выкачванне грошай з безгаспадарных дзяржаўных актываў.

Мадэрнізацыя па-наску дазваляе чыноўнікам і іх партнёрам у бізнэсе атрымліваць штогод $8—10 млрд пад камерцыйныя праекты. Нават пры суме адкатаў і хабараў ў 25% — гэта $2—2,5 млрд «жывых» грошай. Каб зарабіць такія грошы ва ўмовах свабоднага рынку, трэба вельмі сур'ёзна пацець гадамі.

У наяўнасці жорсткай сістэмы ўзбагачэння наменклятурных начальнікаў. Яны не могуць адкрыта заявіць: «Мы цябе, народзец, будзе абдзіраць як ліпку». Яны заяўляюць: «У імя нашай светлай будучыні мы мадэрнізуем нашу краіну».

Няправільна лічыць, што яны правальваюць мадэрнізацыю краіны. Проста для іх паняцце «сучасная краіна» роўна паняццю «маё асабістае багацце».

Нашы начальнікі выдатна падрыхтаваліся да будучай прыхватызацыі. Яны назапасілі мільярды, напрацавалі вопыт кіравання камерцыйнымі арганізацыямі, захапілі камандныя вышыні ў эканоміцы, падзялілі сферы ўплыву. Яны не пусцяць у краіну ні акул з Расіі, ні магутныя ТНК з Еўропы.

Стварэнне інстытутаў кантролю над усёй значнай уласнасцю, уключаючы зямлю, з'яўляецца вынікам працэсу, які распарадчыкі чужога ўсунулі нам пад назвай «мадэрнізацыя». Засталося «адмадэрнізаваць» насельніцтва чарговай інфляцыйна-дэвальвацыйнай спіраллю, легалізаваць беспрацоўе і выйсці на 100 працэнтаў аплаты ЖКГ, каб людзі на сваёй шкуры пераканаліся: беларускія мадэрнізатары для сябе любімых нічога не шкадуюць.

— Сярод эканамістаў пераважае меркаванне: немагчыма адначасова выцягваць усю эканоміку, нейкія сферы павінны стаць лакаматывам рыўка і мадэрнізацыі. Якія галіны ў беларускіх умовах маглі б стаць такім лакаматывам?

— Чыноўнікі вераць у цэнтралізаваны мозг, у праграмаванне прагрэсу і ў тое, што калі забраць грошы ў прадпрымальнікаў і перадаць іх «вертыкалі», то нейкім цудам вызначацца так званыя кропкі росту. Гм, тут вялікі тэарэтычны і практычны падман… Чыноўнікі не ведаюць, што перспектыўна, што будзе прыбыткова праз год, два ці дзесяць. Гэтага не ведаюць ні нобелеўскія лаўрэаты, ні прафесара вядучых універсітэтаў свету. Будучыня няпэўная і непрадказальная. Заявы чыноўнікаў ці шарлатанаў ад навукі, маўляў, яны ведаюць, куды ўкладаць грошы, — брахня. Таму што за імі заўсёды стаіць адна ідэя: распарадчыкі чужога ніколі не рызыкуюць сваімі грашыма.

Дайце беларусам зямлю, актывы, эканамічную свабоду — і лакаматывы росту з'явяцца натуральна. Як з'явіліся Epam, ITransiition, World of Tanks, Алютэх і многія іншыя кампаніі таленавітых беларускіх менеджэраў.

— У папярэднім нумары «Свободных новостей плюс» было апублікавана меркаванне вядомага беларускага ваеннага эксперта Аляксандра Алесіна, які адзначыў, што адной з самых паспяховых сфер беларускай эканомікі стала «абаронка». Парадаксальна: менавіта тут назіраецца найменшае ўмяшанне дзяржавы ў эканоміку, многія фірмы дзейнічаюць на свой страх і рызыку. Чаму б гэты вопыт і прыклад не пераняць іншым галінам беларускай эканомікі?

— Не падзяляю такі пункт гледжання. Мінімальнае ўмяшанне дзяржавы ў «абаронку»? Гэта нонсэнс! Дзяржава валодае, цалкам кантралюе, фінансуе, забяспечвае збытавую падтрымку, плаціць за тэхналогіі, трымае пад жорсткім кантролем кадры — і гэта называецца «не ўмешваецца»? Мне цяжка меркаваць аб паспяховасці інвестыцый у вытворчасць узбраення. Наўрад ці хто-небудзь у Беларусі за выключэннем вузкага кола прысвечаных у тэму валодае паўнатой фінансавай інфармацыі, каб зрабіць выснову аб камерцыйным поспеху «абаронкі».

Гэты сектар — дзяржава ў дзяржаве. Як у свой час у Савецкім Саюзе. Ёсць падставы лічыць, што калі яго паставіць працаваць у такія ж умовы, як звычайны беларускі бізнэс, то ён узвые ад высокіх падаткаў, дарагіх крэдытаў, непад'ёмнай арэнды і г.д. За грыфам «сакрэтна» ў Беларусі вельмі часта хаваюцца камерцыйныя ўтрыманцы бюджэту. Вось калі б беларускі ВПК, як прыватныя амерыканскія ці еўрапейскія кампаніі, паказаў бы лічбы, якія гавораць аб поспеху сваёй камерцыйнай дзейнасці, вось тады б можна было ставіць ВПК у прыклад.

— Ліберальныя эканамісты часта выступаюць за памяншэнне ўмяшання дзяржавы ў эканоміку. Але тая ж Маргарэт Тэтчэр праводзіла свае рэформы ў Вялікабрытаніі жалезнай рукой, менавіта ўмяшальніцтва дзяржавы дазволіла аздаравіць эканоміку, правесці прыватызацыю, павялічыць прыватны сектар. Што ж павінна рабіць дзяржаўная ўлада ў Беларусі: менш умешвацца, ці наадварот, сваім умяшаннем павялічваць прыватны сектар, уводзіць сучасныя тэхналогіі і гэтак далей — іншымі словамі, праводзіць эканамічныя рэформы?

— Памяншэнне ўмяшання дзяржавы — абавязковы элемент ачышчэння эканомікі ад памылак распарадчыкаў чужога. Тэтчэр ратавала Брытанію ад нацыяналізаваных вугальшчыкаў, энергетыкаў, металургаў і г.д. Жалезная рука Тэтчэр была накіравана на тое, каб нейтралізаваць галіновых лабістаў, палітыканаў, натоўпы халяўшчыкаў, якія прывыклі жыць за кошт бюджэту і спажыўцоў. Яна выдатна выканала працу антыкрызіснага кіраўніка краіны. Яе дзейнасць ні ў якім разе нельга лічыць умяшаннем дзяржавы ў эканоміку. Яна ўмешвалася ў саму дзяржаву, ліквідуючы канфлікт інтарэсаў у органах дзяржкіравання, неўласцівыя дзяржаве функцыі і заганныя практыкі абмежавання канкурэнцыі вялікімі камерцыйнымі структурамі.

У Беларусі ўлада павінна выканаць наступнае:

1) зрабіць 80—85% усёй эканомікі прыватнай на працягу трох гадоў;
2) абмежаваць ўсе дзяржвыдаткі 25% ВУП;
3) забараніць дэфіцыт бюджэту;
4) вызначыць інфляцыйную мэту 2—3% у год;
5) стварыць сістэму адраснай падтрымкі чалавека ў бядзе;
6) дазволіць розным сектарам бізнэсу актывізаваць механізмы самарэгуляцыі;
7) абараніць беларускага спажыўца адкрытай канкурэнцыяй, т. б. зняццем гандлёвых бар'ераў у знешнім гандлі.

І галоўнае — стварыць такую сістэму абароны правоў уласнасці, каб расейцы, украінцы і казахі ездзілі ў нашы суды высвятляць адносіны, а не ў Лондан, Стакгольм ці Парыж.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?