Начны Брусэль

Нягледзячы на ўсе ідэалягічныя разыходжаньні і абмежаваныя кантакты сярод высокіх чыноў, простыя сувязі між вайскоўцамі Беларусі і NATO няспынна растуць. Толькі летась нашы вайскоўцы супольна з NATO правялі больш сотні сумесных мерапрыемстваў. Рэпартаж з штаб‑кватэры NATO.

Валёнія і Фляндрыя

Брусэль сустрэў нас дробным халодным дажджом. Кажуць, што гэта звычайнае надвор’е для першага зімовага месяца ў Бэльгіі. Дождж церусіў усіх тры дні, якія мы прабылі тамака. У сваю чаргу, сонца практычна не было. Самі бэльгійцы з самаіроніяй расказваюць нам наконт гэтага наступную показку: «Эўрапейскія дзеці, калі сабраліся гуляюць разам, пытаюцца ў бэльгійскага хлопчыка, чаму ён такі белы і незагарэлы, хіба ў вас лета няма? Лета, канечне, ёсьць, але акурат той дзень я прахварэў».

Галоўная тэма, якая сёньня турбуе і бударажыць краіну — гэта магчымы падзел Бэльгіі на Фляндрыю і Валёнію. Фактычна адразу нас папярэджваюць, што ў некаторых крамах могуць зрабіць выгляд, што нас не зразумелі, калі будзем зьвяртацца да прадаўца па‑француску. Нягледзячы нават на тое, што Брусэль на 80 % франкамоўны горад, геаграфічна — гэта частка Фляндрыі.

Цягам апошніх пяці месяцаў дзяржава ня можа нармальна і паўнавартасна працаваць акурат праз гэтыя разнагалосьсі між двума народамі. Падзел на флямандцаў і валёнцаў у краіне відавочны. Ужо сёньня не існуе такога панятку, як, скажам, Міністэрства гандлю Бэльгіі, на іх месцы прыйшлі асобныя міністэрствы Фляндрыі і Валёніі.

На пытаньне, дзе канчаецца Валёнія, брусэльскі таксіст адказвае шчыра: «Валёнія — гэта ўся Бэльгія». Думаю, што флямандзец адказаў бы тое самае, толькі пра Фляндрыю.

Наколькі глыбокім можа быць гэты раскол і чым ён скончыцца, пакуль не бярэцца гадаць ніхто. Пакуль сытуацыю ратуе кароль, які не зьяўляецца ні валёнам, ні флямандцам.

Нягледзячы на гэта, на кожным пятым доме вісяць дзяржаўныя бэльгійскія сьцягі. У Менску такога ня ўбачыш і блізка.

Калядная атмасфэра

Проста пад вокнамі гатэлю, які разьмешчаны за пяць хвілінаў хады ад цэнтральнай плошчы гораду, раскінуўся калядны кірмаш. У дзясятках шапікаў прадаюцца самыя розныя рэчы — ад брусэльскіх сувэніраў у выглядзе гадзіньнікаў да карцін мясцовых мастакоў. Працуе кірмаш аж да дзясятай вечара, тады як большасьць звычайных крамак зачыняюцца ўжо а шостай вечара — каталіцкая краіна!

На кірмашы заўсёды можна паласавацца стравамі розных кухняў сьвету — аргентынскай, турэцкай, пакістанскай, гішпанскай. Між шэрагаў блукаюць нейкія джазавыя музыкі, якія сваёй жыцьцярадаснай музыкай уздымаюць усім настрой, а таксама звычайныя махляры і зладзеі. Апошніх таксама дастаткова шмат.

Тамсама залітая коўзанка. Нават калі зь вечара ліў дождж, і каток ператвараўся ў сапраўднае балота, то назаўтра ён ужо быў у надзвычай добрым стане. І калі толькі пасьпяваюць?

На цэнтральнай Гранд-Пляс увесь час гучыць музыка. Мясцовыя майстры ладзілі лязэрныя шоў на сьцяне гарадзкой ратушы. Гучала ці опэрная музыка ці клясыка сусьветнага рок‑н‑ролу. Калядная ялінка, здаецца, упрыгожаная менш за менскую, але ад гэтага яна зусім не прайграе.

На гэтым самым пляцы стаяць ясьлі, з дзіцяткам Ісусам. У загарадцы бегаюць дзьве жывыя авечкі. А яшчэ паўсюдна прадаецца шакаляд і піва. Знаўцы кажуць, што апошняга тут нават болей, чым у Нямеччыне.

Зялёныя папугаі NATO

Галоўнай мэтай нашага візыту зьяўлялася наведваньне структур NATO. Цэнтральны офіс альянсу асабліва не ўразіў сваім размахам. Чакалі ўбачыць нейкую магутную шматпавярховую спаруду, а на яе месцы аказаўся цэлы квартал невялікіх шэрых будынкаў. «Нагадвае нашы абшчагі», — пажартаваў нехта з дэлегацыі. Унутры таксама мінімалісцкі стыль.

Пры ўваходзе — пільны надгляд кожнага. Адразу забіраюць фотаапараты і дыктафоны. Кажуць, што нельга, але абяцаюць дазволіць кожнаму сфатаграфавацца ля вядомага НАТАўскага сымбалю. Не падманулі.

Яшчэ на тэрыторыі офісу NATO ў Брусэлі жывуць зялёныя папугаі, як яны там зьявіліся і як выжываюць у ня самыя цёплыя бэльгійскія зімы для ўсіх загадка. На двух дрэвах сядзяць каля сотні такіх птушак. Ніхто выганяць іх адсюль не зьбіраецца, яны ўжо сталі сапраўднымі сымбалямі арганізацыі.

Унутры офісу нас адразу папярэджваюць, што ўсе размовы тутака будуць мець паўафіцыйны характар. Нельга цытаваць нікога з суразмоўцаў. Можна толькі пісаць наступнае: «Як паведамілі нам у офісе NATO ў Брусэлі…». Афіцыйную пазыцыю Паўночнаатлянтычнага альянсу можа выказваць толькі генэральны сакратар арганізацыі Яап дэ Хооп Схефэр ці нехта з прэс‑сакратароў. Іншыя лічаць за лепшае не сьвяціць свае імёны ў прэсе.

10 сьнежня, калі мы акурат знаходзіліся ў NATO, павінен быў вырашацца далейшы лёс Косава. Амаль кожны суразмоўца паўтараў адну і тую ж фразу: «Косава — гэта не Швайцарыя, але, каб ня NATO, там было б яшчэ горш…». Часта згадваюць пра Аўганістан, крыху радзей пра Ірак. Аднак, як падаецца, найбольш функцыянэраў альянсу цікавіць, як можа пайсьці разьвіцьцё адносін з Расеяй, калі сыстэмы ПРА будуць усталяваныя ў Польшчы і Чэхіі. Ці ня можа гэта азначаць канчатковы разрыў адносін з нашай усходняй суседкай?

Стратэгічнае партнэрства

Беларусь — адна з 49 краінаў сьвету, якія не ўваходзяць у NATO, але маюць з блёкам партнэрскія адносіны. Наша супраца адбываецца ў рамках Рады эўрапейска‑атлянтычнага супрацоўніцтва і праграмы «Партнэрства дзеля міру». У офісе арганізацыі ўвесь час падкрэсьлівалі, што кантакты з нашай краінай працягваюць узрастаць і павялічвацца, але ў сілу «ўсім вядомых абставін», яны ня могуць разьвівацца так інтэнсіўна, як хацелася б абодвум бакам. «Беларусь — гэта, хутчэй, выключэньне з правілаў партнэрства блёку», — казалі ў NATO.

Летась канадзкія вайскоўцы скончылі ў Беларусі рэалізацыю мэтавага фонду NATO, які накіроўваўся на зьнішчэньне 700 тысяч супрацьпяхотных мін у нашай краіне. Абяцаюць, што гэтая праграма не апошняя, бо падобных мін у Беларусі яшчэ засталося досыць многа.

У офісе адзначаюць, што мінулыя прэзыдэнцкія выбары ў нашай краіне прымусілі арганізацыю пераглядзець узаемаадносіны зь Беларусьсю. Яап дэ Хооп Схефэр тады рэзка скрытыкаваў дзеяньні беларускіх уладаў, арышты і разгон дэманстрантаў. Разглядаўся нават варыянт поўнага спыненьня сувязяў зь Беларусьсю, але ўрэшце палічылі, што такое разьвіцьцё падзей было б неразумным і не прынесла б нікому карысьці.

Налета ў лютым Беларусь маюць наведаюць прадстаўнікі Міжнароднага сакратарыяту NATO. Плянуецца, што падчас візыту будзе абмеркаваная рэформа беларускага вайсковага комплексу. Прынамсі, гаворка пойдзе пра стварэньне ў беларускім войску ротаў, якія б маглі ўдзельнічаць у міратворчых місіях NATO. Размова пакуль ня ідзе пра сам удзел, а толькі пра элітныя часткі, якія ў выпадку чаго маглі браць удзел у такіх апэрацыях. На сустрэчы таксама будзе весьціся пра абмен досьведам ва удзеле ў міжнародных місіях і міжнароднага супрацоўніцтва.

Яшчэ адзначалася, што энэргетычная бясьпека можа стаць адным з пунктаў супрацы Беларусі і NATO. «Было некалькі непрыемных момантаў з боку Расеі», — зазначылі ў NATO.

«Дыялёг з вашай краінай сёньня вельмі жорсткі, але гэта лепш за ізаляцыю», — казалі NATO. Нягледзячы на ўсе ідэалягічныя разыходжаньні і абмежаваныя кантакты сярод высокіх чыноў, простыя сувязі між вайскоўцамі Беларусі і NATO няспынна растуць. Кантакты адбываюцца на ўзроўні намесьніка абароны Беларусі ці палкоўнікаў. Толькі летась нашы вайскоўцы супольна з NATO правялі больш сотні сумесных мерапрыемстваў. Штогод гэты паказьнік расьце. Альянс стала праводзіць мерапрыемствы для нашых вайскоўцаў і прадстаўнікоў Міністэрства па надзвычайных сытуацыях.

Зьміцер Панкавец, Брусэль — Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0