Кандуктарка тралейбуснага парка ў Магілёве вырабляла дома квіткі на адну паездку ў тралейбусе і прадавала іх пасажырам. Пра гэта паведаміў начальнік АБЭЗ Ленінскага РАУС Магілёва Мікалай Старадубцаў.

Аператыўная інфармацыя аб тым, што адзін з кандуктараў Магілёўскага прадпрыемства «Гарэлектратранспарт» збывае пасажырам падробленыя квіткі на адну паездку ў тралейбусе, паступіла супрацоўнікам АБЭЗ Ленінскага РАУС. У ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў міліцыянты выявілі, што акрамя 50-гадовай жыхаркі Магілёва падробленыя квіткі ў тралейбусах маршрутаў №2 і №4 прадавалі і дзве яе знаёмыя, таксама кандуктаркі. Падчас аглядаў па месцы жыхарства ў іх канфіскавалі 312 падробленых квіткоў, камп'ютарную тэхніку і ўпакоўку газетнай паперы.

Па словах Мікалая Старадубцава, падробленыя квіткі былі вельмі падобныя на сапраўдныя. Кандуктарка вырабляла іх з дапамогай каляровай друкаркі, разразала і ўперамешку з сапраўднымі квіткамі ўклейвала ўсё ў катушку з сапраўднымі квіткамі. З чэрвеня па жніўні 2014 кандуктаркі збылі пасажырам 1368 падробленых квіткоў. Пасля экспертызы, праведзенай супрацоўнікамі ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці, з улікам сумы шкоды, нанесенай прадпрыемству, іх дзеянні кваліфікаваныя як выраб або збыт квіткоў ці іншых дакументаў на праезд пасажыраў.

У дачыненні да кандуктарак складзеныя адміністрацыйныя пратаколы па арт. 11.33 КаАП Рэспублікі Беларусь. Матэрыялы перададзеныя ў суд Ленінскага раёна г. Магілёва. Дадзенае правапарушэнне прадугледжвае штраф у памеры ад дзесяці да дваццаці базавых велічынь (адна базавая цяпер складае Br150 тыс.).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0