Фота tio.by
Прызначаны на 28 кастрычніка конкурс па продажы хлебазавода №1 прызнаны несапраўдным, паведамляе TUT.BY са спасылкай на крыніцу ў Мінгарвыканкаме.
На працягу 2012—2014 гадоў мінскімі ўладамі былі зробленыя 5 спробаў прадаць аб'ект, але пакупнік так і не знайшоўся.
Будынкі прадпрыемства па вул. Ракаўскай з'яўляюцца помнікамі архітэктуры XIX стагоддзя, г. зн. іх нельга знесіць.
Абавязковымі ўмовамі продажу застаюцца захаванне профілю прадпрыемства і колькасці працоўных месцаў (408 супрацоўнікаў) на працягу двух гадоў; пагашэнне новым уласнікам крэдыторскай запазычанасці і інш. Будынкі можна перапрафіляваць ў аб'екты грамадскага прызначэння, з размяшчэннем у іх культурна-забаўляльных, спартыўна-забаўляльных і гасцінічных і музейных аб'ектаў.
«Патэнцыйныя інвестары лічаць цану актыву завышанай», — сказалі ў мэрыі. На пытанне, ці мае намер дзяржава зніжаць цану аб'екта, у Міннгарвыканкаме адказалі наступным чынам: «Ёсць дзяржаўная ацэнка — мы ад яе і зыходзім».
Заяўлены пачатковы кошт таргоў — 108,2 млрд рублёў. З моманту першых таргоў, якія прайшлі ў 2012 годзе, кошт зніжаны на 17 млрд рублёў.
Чарговыя таргі могуць адбыцца «толькі налета», сказалі ў Міннгарвыканкаме.