У 2015 г. адзначыць 115-гадовы юбілей «Myer» — найбуйнейшая рознічная сетка Аўстраліі, якая спецыялізуецца на продажы адзежы і аксесуараў. Аўстралійскі брэнд вядомы па ўсім свеце і з’яўляецца сінонімам стылю на Зялёным кантыненце і, наогул, Паўднёвым паўшар’і.

Нягледзячы на штогадовае падзенне прыбытку, кампанія па-ранейшаму трымае 66 крамаў па ўсёй Аўстраліі і не збіраецца здавацца.

Беларусам будзе цікава даведацца, што аўстралійскі рытэйлер быў створаны іх земляком — Сімхам Маерам Баеўскім з Крычава.

Баеўскі праславіўся не толькі тым, што з эмігрантаў выбіўся ў самыя вядомыя аўстралійскія бізнэсоўцы, заснаваўшы сетку Myer, але і тым, што ў час эканамічнага крызісу сваёй філантрапічнай дзейнасцю выратаваў ад галоднай смерці тысячы сем'яў працоўных.

Лёс Сімхі Баеўскага, які толькі ў сталым веку стане называцца Сідам, амаль нічым не адрозніваўся ад лёсу той яўрэйскай моладзі, якая бегла на пачатку ХХ ст. з беларускіх губерніяў за акіян.

Сімха Маер Баеўскі нарадзіўся ў 1878 г. у Крычаве Магілёўскай губерні ў межах рысы аселасці ў сям’і талмудыста Эзекіля Баеўскага і Куны Дубруш, у дзявоцтве Шур.

Пачатковую адукацыю Сімха атрымаў у родным Крычаве, але ж замест талмудычнай «кар’еры» выбраў, а пазней і пераняў, справу маці – гандаль тканінамі.

Справа Маера ішла не дужа бойка, і ў беднаватым Крычаве ўсё больш і больш пачынаюць разгарацца кагальныя спрэчкі. Зрабіўшы выснову, што пракарміцца ў беларускай глыбінцы амаль немагчыма, у жніўні 1899 Баеўскі пераязджае ў Мельбурн да старэйшага брата Элькона, амаль не маючы грошай і практычна не ведаючы англійскай.

Сіднэй, як пачаў сябе называць на англійскі манер юнак, і яго брат Элькон спачатку разам працавалі ў майстэрні па пашыву бялізны земляка Слуцкіна ў Фліндэрс Лэйн, але, маючы камерцыйныя амбіцыі, неўзабаве адкрылі невялікую лаўку тканін у Бендыга.

Справа з самага пачатку не заладзілася, таму малады прадпрымальнік вымушаны быў хадзіць з панчохамі і матузкамі ўласнай вытворчасці з дома ў дом, амаль як на Магілёўшчыне.

Ашчадзіўшы грошай, прадпрымальнік Баеўскі купляе воз, на якім развозіць тавар па гарадах. Ідэя была цудоўнай, павысіўшы ККДз прадпрыемства ў некалькі разоў.

Заставалася толькі выбраць раён, дзе было менш канкурэнтаў. У выніку браты пасяліліся ў Пэл Мэл, дзе гандаль сапраўды пайшоў у гару.

Маладыя эмігранты, назбіраўшы патрэбную суму, адкрылі некалькі лавак, і хутка набылі стагнуючую фірму Craig Williamson&Thomas.

У 1911, сур’ёзна стаўшы на ногі, Баеўскі купіў гандаль мануфактурнымі таварамі Wright&Neil на вуліцы Бурке побач з Галоўным паштамтам, а ў 1914 г. у гэтым прэстыжным раёне быў завершаны і новы будынак, які адчыніў свае дзверы пакупнікам.

Гэта быў пачатак гандлёвай сеткі Маера, акцыянернага таварыства, якое ў 1934 г. мела ў сваім фондзе £2,500,000.

Пасля таго, як Баеўскі набыў ў Адэлаідзе фірму Marshall's Limited, ў кампаніі працавала 5300 чалавек, якія атрымлівалі медыцынскую дапамогу, харчаванне за кошт фірмы, а таксама ездзілі ў дом адпачынку на ўзбярэжжы. Для 1930-х гг. такія сацыяльныя навіны былі для Аўстраліі сапраўдным дзівоцтвам. Добра памятаючы налёгкія часы маладосці ў Беларусі, цяжкую працу і голад першых год у эміграцыі, Маер пакляўся сабе, што любым коштам будзе дапамагаць простаму чалавеку.

У часы Вялікай дэпрэсіі 1930-х Маер востра адчуў адказнасць перад грамадой, якая дапамагла яму дамагчыся поспеху і ўласнага дабрабыту.

Замест таго, каб звольніць працаўнікоў сваіх крамаў, ён радыкальны панізіў заробак кіраўніцтву, уключаючы сябе самога. На грамадскія працы для беспрацоўных Маер з уласнае кішэні даў 22,000 фунтаў.

Сацыяльны эксперымент Сіда Баеўскага атрымаўся і яго кампанія выстаяла ў час агульнага безграшоўя. Аднак тытанічная праца і перагрузкі адбіліся негатыўным чынам на здароўі прадпрымальніка. 5 верасня 1934 Баеўскі памёр ва ўзросце 56 гадоў.

Нашчадкам Маера дасталася багацце памерам £922,000, а на яго пахаванні прысутнічала амаль 100,000 чалавек.

Сям’я і сябры набожчыка заснавалі Фонд Сіднэя Маера, які па сённяшні дзень працягвае філантрапічную дзейнасць, распачатую яго заснавальнікам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?