Слуцкі строй.

Слуцкі строй.

Кобрынскі строй.

Кобрынскі строй.

Калінкавіцкі строй.

Калінкавіцкі строй.

Другое выданне арт-буку паводле даследаванняў вядомага мастацтвазнаўцы і этнографа Міхася Раманюка з’явілася ў сталічных крамах.

Перавыданне кнігі зладзіў сын вучонага, пісьменнік, фатограф, дызайнер і выдавец Дзяніс Раманюк.

Першае выданне кнігі — ці, дакладней, мастацкага альбому – з’явілася яшчэ ў 2003 годзе.

Яно не засталося без увагі: альбом быў ўзнагароджаны Беларускім саюзам дызайнераў знакам «Лепшае выданне ў галіне дызайну за 2003 год», дыпломам ІІ ступені на Маскоўскім міжнародным конкурсе «Мастацтва кнігі — 2004» у намінацыі «Трыумф» і двума дыпломамі на Беларускім рэспубліканскім конкурсе «Мастацтва кнігі 2004». Невялікі тыраж выдання разышоўся імгненна.

«Выдаўцом тады быў таксама я. І нярэдка людзі падыходзілі да мяне і пыталіся, ці не планую я перавыдаць гэтую кнігу, казалі, што яна патрэбная, — кажа Дзяніс Раманюк. — Гэта галоўны гонар для майго бацькі — тое, што яго праца патрэбная людзям».

А з’явілася на свет гэтае выданне наступным чынам. У 70—90-я гады мінулага стагоддзя Міхась Раманюк шмат ездзіў па Беларусі, збіраючы інфармацыю пра наша нацыянальнае адзенне. Ён рабіў фотаздымкі, запісваў і замалёўваў узоры. На падставе гэтых даследаванняў Раманюк-старэйшы першым у беларускай этнаграфіі зрабіў рэгіянаванне нацыянальнага адзення.

«У 1981 годзе ў бацькі выйшаў вялікі альбом «Беларускае народнае адзенне». Ніхто – ні прыбалты, ні украінцы, ні рускія — на той час падобнага выдання не мелі. Яно стала бібліяграфічнай рэдкасцю яшчэ ў савецкі час, — распавядае Дзяніс Міхайлавіч. — Мой бацька першым падзяліў раёны па арнаментах, па тым, што, дзе і як насілі, абгрунтаваў усё гэта навукова. Зараз вось у трэндзе вышыванкі. Дык трэба адзначыць, што практычна ўсе ўзоры бяруцца з кніг Міхася Раманюка».

На падставе сабранага за гады падарожжаў матэрыялу Міхась Раманюк зрабіў і серыю мастацка-графічных рэканструкцый народнага адзення. Можна сказаць, што, прааналізаваўшы ўсе свае веды, ён зрабіў для кожнага рэгіёна нешта накшталт канону ці ўзору мясцовага строя. Гэтая серыя экспанавалася ў Нацыянальным мастацкім музеі літаральна ў апошні год яго жыцця. І за яе Раманюк нават атрымаў ад Лукашэнкі ўзнагароду «Чалавек Году».

«Спачатку гэта былі малюнкі. А потым, ужо пасля смерці бацькі, я па гэтых малюнках зрабіў і выдаў кнігу. І вось зараз – перавыдаў яе», — кажа Дзяніс Раманюк.

Новы тыраж ужо немалы – 3000 асобнікаў. Дзяніс Міхайлавіч спадзяецца, што зараз ужо кнігу змогуць набыць усе, хто жадае. Складаецца яна з 80 старонак, 62 з іх – якасныя ілюстрацыі. Кошт для мастацкага выдання прымальны: у футарале «Беларускія народныя строі» будуць каштаваць каля 200 тысяч рублёў, без яго – 130.000.

Міхась Раманюк (1944—1997) — беларускі мастацтвазнаўца, мастак, этнограф, прафесар. Даследаваў пытанні народнага мастацтва, матэрыяльнай культуры Беларусі 19 — пач. 20 ст. (вясковая архітэктура, прылады працы, посуд, мэбля, адзенне і г. д.). Аўтар альбомаў і кніг «Беларускае народнае адзенне» (1981), «Народны касцюм Чачэрска і ваколіц» (1993), серыі буклетаў-плакатаў «Беларускі нацыянальны касцюм» (1989—1992), а таксама аднайменнай серыі паштовых картак і марак (1995—1997). Сабраў калекцыю беларускага народнага адзення. Ствараў сцэнічныя касцюмы для Дзяржаўнага народнага хору БССР, Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі, шматлiкiх самадзейных калетываў. Як спецыялiст па касцюме i матэрыяльнай культуры ён кансультаваў многiя мастацкiя фiльмы «Беларусьфільма», у тым лiку фiльм «Людзi на балоце». Удзельнік і арганізатар шэрагу мастацкіх выставак, сярод якіх «Беларускі нацыянальны касцюм» (Мінск, 1981, 1996; Парыж, Ліён 1981—1982).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?