Улётка беларускіх камуністаў наконт таго, што «Без Кастрычніцкай рэвалюцыі не было б БНР», канечне, тонкі тролінг і не абавязаная быць цалкам акуратнаю (бо хто ведае, што б там было ва ўмовах дэмакратычнай фэдэратыўнай «лютаўскай» Расеі), але ж штосьці за гэтымі тэзісамі бясспрэчна ёсьць.

Сучасныя расейскія імпэрскія шавіністы і кансэрватыўныя камуністы любяць савецкі рэжым за тое, што гэта быў рэпрэсіўны таталітарны і кансэрватыўны рэжым, якога ўсе баяліся, які імкнуўся да ўзброенай экспансіі, тэрарызаваў людзей паводле іх сацыяльнага і этнічнага паходжаньня, падаўляў наватарскія праявы ў эканоміцы, культуры і мастацтве. Але ж

ёсьць рэчы ў раньнім савецкім рэжыме, якія тыповым сучасным «савецкім патрыётам» рашуча ня могуць падабацца - і як раз яны пералічаныя ў той улётцы.

Бальшавікі прыйшлі да ўлады на хвалі адмаўленьня старой Расеі - грамадзтва, чые супярэчнасьці, сацыяльную і нацыянальную несправядлівасьць трэба было вырашаць іншымі мэтадамі, чым як гэта спрабавалі (або рабілі выгляд, што спрабуюць) камуністы. Але адмаўляць наяўнасьць гэтых супярэчнасьцяў і праблемаў можа толькі Нікіта Міхалкоў, які ў сваіх найноўшых інтэрвію чамусь сьцьвярджае, што дарэвалюцыйную Расею загубілі лібэральныя інтэлігенты, а не, напрыклад, рэпрэсіўны і адсталы палітычны рэжым на чале зь некампэтэнтным царом.

Ужо ў канцы 1920-х гадоў бальшавіцкая парадыгма зьмянілася, на зьмену фанатыкам-ідэалістам да кіраўніцтва прыйшла, кажучы простымі словамі, кансэрватыўная чэрнь, якой прывілеі і доступ да кармушкі былі важнейшыя за марксісцкія ўтапічныя ідэалы. Прыкладна тады ж скончылася і хвалёная савецкая «беларусізацыя» ў БССР.

З гэтае чэрні вырасла застойная брэжнеўская намэнклятура, гэтая ж чэрнь сваім цынізмам спарадзіла цынізм ва ўсім савецкім грамадзтве, якое на словах клялася ў вернасьці адарваным ад рэчаіснасьці сацыялістычным ідэалам, а ў душы было наскрозь нігілістычным і пазбаўленым інтарэсаў, якія былі б вышэйшымі за карыта з харчом.

Дакладна як для цяперашняга кіраўніцтва Расеі, для якога галоўную ролю адыгрывае тая ж самая кармушка і для якіх сёньняшні праваслаўны нацыяналізм і імпэрыялізм - збольшага «панты», вынік празьмерна разьдзьмутага на нафтагазавых грошах пачуцьця ўласнай значнасьці і беспакаранасьці. Пачуцьця, ад якога па меры падзеньня цаны на нафту і па меры рэалізацыі эфэкта ад міжнародных санкцый расейцы ўжо хутка могуць пачаць церазьвець.

Хваля рэпрэсій 1937 года - пік савецкага тэрора - была скіраваная ў найбольшай ступені менавіта супраць старых бальшавікоў, супраць занадта ідэйных камуністаў:

людзей з ультрарадыкальнымі палітычнымі поглядамі, але з наяўнасьцю гэтых самых поглядаў, а ня проста ляяльных да Сталіна. Зрэлы і позьні СССР - імпэрскі, шавіністычны, кансэрватыўны - быў антаганістам духу раньняе савецкае ўлады - дынамічнай, утапічнай, вар'яцкай (і крывавай, зрэшты, таксама). Быў, зрэшты, антаганістам і карцінцы пра самога сябе, антаганістам камсамольска-касманаўцкаму энтузіязму, які выпраменьвала савецкая прапаганда.

Але ж няўжо

савецкія энтузіязм, аптымізм, ідэалізм, скіраванасьць у будучыню і (калі не паглыбляцца ў дэталі) прага да пабудовы проста справядлівага і сумленнага грамадзтва, рашучасьць у зрынаньні несправядлівых парадкаў - няўжо ўсё, абсалютна ўсё гэта было несапраўднае?

Няўжо ўсё гэта было хлусьнёй? Усе гэтыя рэчы, якіх так не хапае нам з вамі, сучасным?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?