Другі музычны фестываль «Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны» праходзіць у рэгіёне 8-9 лістапада, паведамілі ў райвыканкаме.

Першы фестываль арганнай музыкі ў Паставах адбыўся ў кастрычніку мінулага года. І ў гэтым годзе на свята запрошаны адзін з яго ініцыятараў, ураджэнец Пастаўскага раёна, былы намеснік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі. Фестываль адкрываецца сёння канцэртам арганнай музыкі ў касцёле Святога Антонія Падуанскага Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Паставах. Тут жа на наступны дзень адбудзецца закрыццё. У цэлым фестываль захавае камерны фармат, на працягу двух дзён канцэрты пройдуць у касцёлах у Паставах, вёсцы Лучай, аграгарадках Лынтупы і Камаі. У апошнім, дарэчы, знаходзіцца 100-гадовы орган.

Слухачоў чакае выступ саліста Беларускай дзяржаўнай філармоніі, народнага артыста Беларусі, лаўрэата міжнародных конкурсаў Ігара Алоўнікава. Таксама ў канцэртах удзельнічаюць выкладчык Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, лаўрэат міжнародных конкурсаў Кацярына Мікалаева, выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэат міжнародных конкурсаў Вольга Падгайская, лаўрэат міжнародных конкурсаў Віталь Дарашук.

Вядучая — дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вольга Савіцкая. Арганізатарам выступае райвыканкам пры падтрымцы Беларускай дзяржаўнай філармоніі, парафіі касцёла Святога Антонія Падуанскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?