Фільм «Інтэрстэлар» быў адным з самых чаканых у 2014 годзе і, верагодна, стане адным з галоўных прэтэндэнтаў на букет «Оскараў» у 2015-м. Хай гэта не новая «Касмічная Адысея 2001», хай не без ляпаў, усё роўна гэта «mustsee». Асабліва для тых, хто складае бюджэт на навуку.

На Зямлі засуха. Па ЗША, як і па ўсім свеце, ходзяць пясчаныя буры, а адзіная расліна, якая яшчэ здольная пракарміць людзей — кукуруза. Планеце больш не патрэбныя інжынеры, цяпер усе сталі фермерамі. Здаецца, толькі былы пілот NASA Купер (амаль нуарны герой у выкананні Мэцью МакКонахі) сумуе па часах, калі чалавецтва глядзела ў неба, а не на глебу. Яго дачку вучаць, што высадка на Луну «Апалона-11» была інсцэніроўкай, каб разарыць СССР. Сам ён з дзецьмі без ваганняў ловіць і разбірае беспілотнік, які ўжо дзесяць год лётае без мэты.

Не спяшайцеся лаяцца на спойлеры — гэта толькі першыя дзесяць хвілін 170-хвіліннага фільма.

Стужка насычаная падзеямі і не дасць засумаваць. Далей Купера і дачку містычным чынам занясе ў цэнтр кіравання палётамі, дзе яму прапануюць знайсці новы дом для чалавецтва, праляцеўшы праз кратовую нару, што раскрылася ля Сатурна.

Агульная тэорыя рэлятыўнасці Эйнштэйна насамрэч дапускае існаванне такіх «глюкаў» у чатырохмернай прасторы-часе, калі з пункта А да пункта Б можна трапіць з хуткасцю, вышэйшай за хуткасць святла. Проста трэба ляцець не па прамой у трохмернай прасторы, а па карацейшым шляху ў чатырохмернай прасторы-часе — а такім шляхам і ёсць кратовая нара (таксама «кратавіна», «чарвяточына», англ. «wormhole»).

У адрозненне ад чорных дзіраў, якія чалавецтва ўжо назірае і вывучае, кратовыя норы — чыста тэарэтычны, матэматычны аб’ект. Вандроўкі ў часе блізу гарызонту падзей чорнай дзіры — любімая тэма фантастаў, якая грунтуецца на няверным разуменні чорных дзіраў. Назіральнік не пастарэе хутчэй за вандроўніка, які пралятае ля чорнай дзіры — проста «карцінка» вандроўніка будзе даходзіць да назіральніка са спазненнем.

На такіх калянавуковых, псеўданавуковых і антынавуковых дапушчэннях і грунтуецца «Інтэрстэлар».

«Гравітацыя! Пятае вымярэнне! Гіперкуб!» — тлумачаць героі падзеі вакол сябе. Для звычайнага гледача гэта гучыць як «Магія! Дэманы! Ышурдбагук!» — усё прамаўляецца спешна і без намёкаў на лікбез. Хіба закону Мёрфі (у гонар якога Купер назваў сваю дачку) спрабуюць даць тлумачэнне, і тое нельга назваць дастаткова поўным і верным.

Фільм пачынаецца як эпічны «Армагедон» з Брусам Уілісам, перарастае ў дынамічную «Гравітацыю» з Сандрай Булак, пад канец ператвараецца ў казачны «Фантан» з Х’ю Джэкманам. Але на «Касмічную адысею 2001» спасылаецца хіба абеліскападобнай формай робата-памочніка, на месца якога ў дэкарацыях фільма больш пасаваў бы цалкам рэальны Big Dog кампаніі DARPA.

Кульгае і логіка дзеянняў саміх герояў. Як яны разлічвалі зэканоміць час, калі высаджваліся на планету-акіян? Чаму вырашылі, што адзін чалавек важнейшы за лепшыя ўмовы для чалавецтва? Здаецца, героі і самі прызнаюць свае памылкі: не разлічылі, не падумалі.

Каханне, адвага, дзівы сусвету — здаецца, фільм не пра гэта, а пра памылкі, якія мы робім.

«Выкарыстоўвай навуковы падыход. Назірай, пралічвай, аналізуй», — Купер вучыць дачку не верыць у прывідаў. А потым сам церпіць ад таго, што людзі не кіруюцца гэтым прынцыпам.

Чалавецтва на мяжы вымірання, а большасць людзей не шукаюць ратавання ў навуцы, а вырошчваюць кукурузу. Калі б не сакрэтная супольнасць тэхнароў-рамантыкаў, у чалавецтва не было бы ніводнага плана ратавання.

Купер хоча ведаць усё, але параметр «шчырасць» у робата-абеліска выстаўлены на 90%. Той жа, хто ведаў 100%, нічым добрым не скончыў.

Фільм глядзіцца як «Трансформеры» Майкла Бэя — прыгожы, эпічны і не перагружаны мудрагелістасцямі. Кадры з грандыёзнымі пейзажамі хочацца паставіць на паўзу і паразглядаць, як тое было з «Аватарам» Джэймса Кэмерана. Празмерны пафас герояў-людзей разбаўляе гумар робата, падобны да выказванняў Марвіна з «Аўтаспынам па Галактыцы». Саўндтрэк уражвае не меней, чым той з «Уладара пярсцёнкаў».

Праўда, рэжысёр Крыстафер Нолан не паўтарае прыём з «фінальнай загадкай» з «Inception» (у нашым перакладзе «Пачатак», карэктней «Зачын»), «Інтэрстэлар» сканчваецца даволі адназначна.

«Інтэрстэлар» не зрабіў рэвалюцыі ў кіно і не выказаў нечаканых ідэй. Але адназначна ўвайдзе ў спіс лепшых фільмаў дзесяцігоддзя.

Галоўнае, што пасля фільма ўзнікае жаданне пачытаць прынамсі Вікіпедыю і пасумаваць па часах касмічнай гонкі. Нічога, вунь амерыканцы збіраюцца адсылаць людзей на Марс, а Расія плануе каланізаваць Луну. Адно шкада — у Беларусі аматару навукі выгадней пайсці працаваць на Ждановічы, чым у Акадэмію навук.

«Інтэрстэлар» не выставіў на новую вышыню планку навукова-фантастычнага кіно, як тое зрабіла ў мінулым годзе «Гравітацыя». Але глядзець яго параім усім — і асабліва тым, хто адказвае за выдаткі на айчынную навуку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?