Палата прадстаўнікоў прыняла сёння ў першым чытанні законапраект аб альтэрнатыўнай службе, а таксама адпаведныя папраўкі ў некаторыя законы.

Першапачаткова прапаноўвалася, што грамадзяне без вышэйшай адукацыі павінны будуць праходзіць альтэрнатыўную службу на працягу 30 месяцаў, а выпускнікі ВНУ — 20 месяцаў. Цяпер тэрміны вырашана павялічыць да 36 і 24 адпаведна.

Як адзначыла сёння міністр працы і сацабароны Мар'яна Шчоткіна, законапраект прымаецца для таго, каб забяспечыць права, закладзенае ў арт. 57 Канстытуцыі. «Абарона Рэспублікі Беларусь — свяшчэнны абавязак грамадзяніна краіны. Парадак праходжання воінскай службы, падставы і ўмовы вызвалення ад воінскай службы або замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам», — працытавала міністр.

Плануецца, што «альтэрнатыўшчыкі» будуць працаваць у сферы сацабароны, медустановах, лясной гаспадарцы і сферы ЖКГ. У законапраекце гаворыцца, што на час праходжання такой службы чалавека забяспечваюць памяшканнем, прыдатным для пражывання.

«Альтэрнатыўшчыкам» трэба будзе працаваць 48 гадзін (6 дзён) у тыдзень. Грашовае забеспячэнне плануецца ў памеры 150 працэнтаў ад найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва за два апошнія кварталы. У далейшым выплаты могуць павышацца, калі «альтэрнатыўшчык» будзе служыць без нараканняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?