Выпякаць хлеб з выкарыстаннем касмічных тэхналогій пачалі на Калінкавіцкім хлебазаводзе.

Рэцэптура хлеба — звычайная, незвычайная печ, у якой хлеб пякуць. У ёй выкарыстаны эфект СЦІР, які прымяняецца ў касмічных распрацоўках. Такая печ — першая ў Беларусі.

Новая печ на Калінкавіцкім хлебазаводзе з’явілася 4 месяцы таму. Ідэю набыць такую ўстаноўку адміністрацыя прадпрыемства прывезла год таму з Мюнхена. Там на міжнароднай выставе і прэзентавалі цуда‑печ вытворцы. Іх довады падаліся беларусам пераканаўчымі.

Унікальнасць печы — у выкарыстанні эфекту СЦІР. На яе ўнутраную паверхню нанесены тонкі слой спецыяльнага керамічнага напылення. Такое ж выкарыстоўваецца ў касмічных распрацоўках. Кераміка не дае цяплу з печы выходзіць, і яно, адбіваючыся, выпякае хлеб знутры.

Ужо першыя месяцы работы незвычайнай печы апраўдалі прагнозы па беражлівасці. За кошт больш рацыянальнага выкарыстання цеплавой энергіі паскорыўся працэс выпечкі, і адпаведна — прадукцыйнасць. Але самае галоўнае: калі раней хлеб і белабулачныя вырабы выпякалі ў розных печах, зараз дастаткова адной такой устаноўкі. Варта толькі змяніць тэмпературны і часавы рэжымы. І калі раней дзённы аб’ём прадукцыі завода дзве стальныя печы выпякалі па 20 гадзін, то зараз адна і ўсяго за 16.

Але і гэты разлік эканоміі яшчэ не канчатковы. Першыя два месяцы печ працавала ў рэжыме тэсціравання, а значыць не на поўную магутнасць. Тым часам у Калінкавіцкага хлебазавода з’явіліся паслядоўнікі. Такую ж устаноўку набылі і ў суседнім, Рэчыцкім, раёне.

АТН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0