У рэдакцыю «Нашай Нівы» звярнуўся чытач Яўген Судзілоўскі, які заўважыў у пастанове Савета міністраў РБ ад 29 кастрычніка 2014 «Аб фінансаванні дзяржаўных праграм і мерапрыемстваў у 2015 годзе» ўзгадку аб станцыі метро «Каржанеўскага».

У плане фінансавання ААТ «Банк развіцця РБ» дзярпраграм пунктам 28 значыцца «Дырэкцыя па будаўніцтву Мінскага метрапалітэна», а рэалізуемая імі праграма называецца «Першы участак трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна ад станцыі «Каржанеўскага» да станцыі «Юбілейная».

«Няўжо станцыі метро пераіменавалі явачным парадкам?» – пытаецца Яўген Судзілоўскі. Сапраўды, планы назваць адну з новых станцый метро «Каржанеўскага» былі, але быў прыняты варыянт «Слуцкі гасцінец».

У прэс-службе Мінскага метро кажуць, што «станцыі метро «Каржанеўскага» ў нас няма. Нідзе такога не праходзіць».

Давялося звяртацца да намесніка галоўнага інжынера «Дырэкцыі па будаўніцтву Мінскага метрапалітэна» Дзяніса Забалотнага, ён і растлумачыў, у чым рэч.

«Гэта рабочая назва. Яна існавала яшчэ на стадыі абгрунтавання інвеставання праекта, так зацвярджалася. Таму мы не рабілі ніяк зменаў. Правільныя назвы метро сёння пазначаныя на схемах у вагонах. А назва «Каржанеўскага» праходзіць па дакументацыі як рабочая», — сказаў сп.Забалотны.

Не трэба хвалявацца, прыгожыя беларускія назвы трэцяй лініі Мінскага метро нікуды не дзеліся. Будзе і «Слуцкі гасцінец», і «Немаршанскі сад», і «Кавальская Слабада».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?