Рэдакцыя атрымала ўспамін аднаго зь вязьняў Акрэсьціна, у якім ён распавядае пра прафіляктычную гутарку з затрыманымі студэнтамі чыноўнікаў МУС.

30 сакавіка, чацьвер, Акрэсьціна.

Чалавек у цывільным, які называе сябе намесьнікам начальніка спэцпрымальніка-разьмеркавальніка, паводле сваіх сьпісаў зьбірае адвольна 15 вязьняў сумленьня «на размову з асобамі высокага рангу з МУС». Дванаццаць хлопцаў і тры дзяўчыны займаюць месцы ў «ленінскім пакоі». На сьценах – савецка-беларускі сьцяг з гербам, рознага кшталту інфармацыйныя дошкі пра міліцыю. Намесьнік начальніка на просьбу падаць сваё імя называецца Андрэем, настойлівыя ж спробы даведацца прозьвішча натыкаюцца на катэгарычную адмову. Нехта з хлопцаў гаворыць, што варта было б зьмяніць сьцяг на беларускі. «Яшчэ ня час», – адказвае «Андрэй».

Адчуваецца, што міліцыянты нэрвуюцца: нячаста зь вязьнямі Акрэсьціна гавораць генэралы міністэрскага ўзроўню. Хлопцы й дзяўчаты абменьваюцца ўражаньнямі пра жорсткія затрыманьні, абразлівыя судзілішчы ды нечалавечыя ўмовы турмы.

Адчыняюцца дзьверы, уваходзяць трое ў цывільным і двое ў форме. Вітаюць, аглядаюць прысутных ды займаюць месцы за сталом (адзін у ваенцы сядае ў першым шэрагу тварам да «міністэрскіх» – пэўна, хтосьці з адміністрацыі Акрэсьціна).

«Міністэрства палічыла за патрэбнае сустрэцца й абмеркаваць сытуацыю. Хацелася б падумаць што ды як», - пачынае «размову» чалавек у цывільным. Далейшыя прамовы мелі вельмі тонкі падтэкст: маўляў, мы разумеем вас, хлопцы-дзяўчаты, зразумейце ж і вы нас – вінаватыя ў тым. што адбылося, ня мы, бо мы выконвалі толькі загад зьверху. Відаць было, што чыноўнікі добра ўсьведамлялі: заўтра ўсё можа зьмяніцца і ім прыйдзецца адказваць па поўнай. «Размова» з аднаго боку выглядала як спроба давесьці да моладзі «няслушнасьць» яе пазыцыі, а з другога – як апраўданьне сваіх дзеяньняў і перастрахоўка ад перасьледу за злачынствы на выпадак зьменаў.

«Ці не маглі б вы назвацца?» – гучыць пытаньне да чынавенства. Памарудзіўшы, чалавек у цывільным прадставіў сябе й сваю сьвіту. Дрозд Н.Н., начальнік Упраўленьня прафіляктыкі МУС; Маліноўскі А.М., яго намесьнік; Міцкевіч В.В. і Голубеў В.Л., прафэсары Акадэміі МУС. Калі першыя два яшчэ ішлі на нейкі дыялёг, дык спадары акадэмікі гнулі «партыйную лінію», шакуючы закасьцянеласьцю думак і поўнай замбаванасьцю айчынным тэлебачаньнем.

«Мы сабраліся тут, – працягнуў «выяздное паседжаньне» сп.Дрозд, – каб падзяліцца думкамі. Каб вы слушна зразумелі, мы хочам дыялёгу, нам разам у гэтай краіне жыць. Магчыма, вы штосьці зможаце прапанаваць». Пры гэтым ён адзначыў, што «меньшасьць павінна прытрымлівацца большасьці», маючы на ўвазе вынікі выбараў. Адказ ад «слухачоў» быў дадзены неадкладна: «Вось і будзьце ласкавыя, прытрымлівайцеся той большасьці, якая насамрэч існуе, а ня той, якую намалявала хунта хлусаў». Рэакцыяй былі апушчаныя вочы высокапастаўленых наведнікаў Акрэсьціна.

Далей «нарада» працягвалася ў фармаце пытаньняў-адказаў, хоць часта замест канкрэтнага адказу, нібы акрэсьцінская каша па талерцы, размазваліся агульныя словы.

Хлопец: «Якім чынам паўплываюць апошнія падзеі на студэнцтва?»

Сп.Дрозд: «Цяжка сказаць. Шмат будзе залежыць ад рашэньня вашага ВНУ, ад вашых далейшых паводзінаў. Мне цяжка вырашыць замест вашага ВНУ, замест Міністэрства адукацыі... Чарговы ўдзел у нечым падобным адаб’ецца нэгатыўна, гэта факт. Тут мы разумеем: магло так стацца, што вы папросту былі ўцягнутыя ў гэта, былі выкарыстаныя ў якасьці «мяса гарматнага». Дзень таму праводзілася сустрэча зь кіраўнікамі вядучых ВНУ Менску, усе яны сказалі, што няма й ня будзе захадаў кіраўніцтва па адлічэньні студэнтаў. Вы пакараныя тым, што прысутнічаеце тут».

Сп.Маліноўскі: «Маё імя Маліноўскі Міхаіл Аляксандравіч. З поўнай адказнасьцю заяўляю, што пытаньне датычна адлічэньня студэнтаў з ВНУ з-за удзелу ў акцыях ня будзе стаяць (толькі калі не пасьпяваеце з вучобай). Калі ўсё ж такі будзе хоць адзіны такі выпадак, заклікаю вас тэлефанаваць мне асабіста на нумар! Вы не чужыя для нас людзі, ламаць маладыя лёсы мы ня будзем».

Наступнае пытаньне ад дзяўчыны тычылася «канвэернага судовішча». У адказ гучыць: «Мы ня маем кампэтэнцыі абмяркоўваць прысуды. Судовыя рашэньні зьяўляюцца канчатковымі й не падлягаюць абскарджваньню». А мусаўскі прафэсар дадаў, што «так проста а 3-й ночы не шпацыруюць».

Пасьля сп.Дрозд прыадчыніў таямніцу масавых затрыманьняў людзей за межамі плошчы, хоць у пратаколах ды рапартах пісалася, што ўсіх бралі на Кастрычніцкай: «Дазвольце падзяліцца з вамі тактыкай. Калі стаіць тысяча людзей, вы разумееце, што можа быць. Таму нам прасьцей затрымліваць па-за плошчай. Канешне, вы ня скажаце, што былі ў эпіцэнтры справаў усіх, але нам так лягчэй». Дадае сп. Маліноўскі: «На плошчы ўсталяваная пэўная апаратура, з яе дапамогай усё пільна адсочвалі... Я наўмысна, ў якасьці экспэрымэнту, пайшоў у той раён. Калі сыходзіў адтуль, была зробленая спроба мяне затрымаць...»

Што, шаноўны чыноўнік размахваў рукамі, выкрыкваў лёзунгі «Жыве Беларусь! Далоў Лукашэнку!», не рэагуючы на шматлікія заклікі міліцыянтаў спыніць несанкцыяваную акцыю, ці мо лаянкай ды абразамі паліваў тутака-тамака? Сумнеўна. Ягоныя словы пацьвярджаюць, што хапалі ўсё, што рухалася ў бок плошчы і адтуль.

Прагучала абурэньне зьбіцьцём людзей, у адказ сп. Маліноўскі душэўна выбачыўся за «надта рэзкія дзеяньні» ўсіх, хто меў да гэтага дачыненьне. А пра ліпавыя рапарты-пратаколы ніхто з чыноўнікаў «ня чуў». Нібыта пазначыўшы нешта сабе ў нататніку, спадарства паабяцала ўсё высьветліць.

«Чаму так непрафэсійна працуе ў нас суд?» – наіўна пытаецца дзяўчына.

Сп.Маліноўскі пачынае здалёк – «А судзьдзі хто?» І тлумачыць, што гэта па-за ягонай кампэтэнцыяй: «Калі вы спытаецеся, чаму якасьць нашае кілбасы такая нізкая, мне таксама ня будзе чаго вам адказаць».

Хлопец абураецца рапартаўскай хлусьнёй пра тое, што на мітынгу 20-га ўвесь час гучалі папярэджаньні з боку міліцыянтаў, каб людзі разышліся. Адказ – «палкоўнік Палодзін выходзіў і папярэджваў...» – гучыць нечакана. Хіба што не туды выходзіў? Ці не тады? Ці мо ўсе тыя людзі, на каго былі складзеныя ілжывыя рапарты, былі ня ў тым месцы і ня ў той час, каб пачуць палкоўніка?

Прафэсароў працягвае турбаваць пытаньне: «Ну чаго вас пацягнула ў тое месца?» На жаль, ніхто не наважваецца патлумачыць сівым акадэмікам , чаму тысячы людзей апынуліся на плошчы Каліноўскага.

Сп. Дрозд недаверліва ставіцца да заяваў пра фальсыфікацыі і пра неабгрунтаванасьць прысудаў: «Ну прызнайцеся, былі на плошчы? Хто прызнаецца – першы герой на Канаду!» Дзяўчына абсякае высокую асобу: «Што мне прызнавацца вам?! Я застаюся ў Беларусі і зраблю ўсё для таго, каб пачувацца тут ня горш, чым у Канадзе».

Наступнае пытаньне тычыцца падзеяў на Плошчы. На думку высокіх службовых асобаў, на Кастрычніцкай былі «ўсе тыя людзі, хто падзяляе пазыцыю Мілінкевіча». А куды падзеліся «казулінскія» ды папросту неабыякавыя людзі, засталося цалкам незразумелым. Увогуле, зь лічбамі ў МУСаўцаў дзіўна выходзіла: падчас «нарады» казалі, што колькасьць затрыманых у «мітынгавы пэрыяд» сягала 500 асобаў, а пасьля сустрэчы аднаму з прысутных «па сакрэце» паведамілі пра 700. Дзьвесьце чалавек туды-сюды – неістотна! Калі грэбаваць сотнямі тысяч, на такія «дробныя недарэчнасьці» ўвага не зьвяртаецца...

Далей чыноўніцкі шэраг гэнэруе сапраўды глыбокую думку: «Так...моцны таталітарны (заля заінтрыгаваная шчырасьцю! Прамоўца выпраўляецца: «прабачце, адміністрацыйны!») рэжым кіраваньня ў нас...» Думка падхопліваецца: «Але выходзіць на плошчу ня спосаб пратэсту!»

Непарушная ў сваёй пасьлядоўнасьці прафэсура трымаецца вызначанае для сябе лініі: «Так-так, куды гэта, каб дачка з бацькам ішлі па вуліцы а 3-й уначы?! Так быць не павінна!» Дзяўчына ня стрымліваецца: «Шаноўныя, па ТБ паказваюць, што ў Беларусі ўсё ідзе найвыдатнейшым чынам... Чаму я павінна баяцца выходзіць на вуліцу нават ўдзень? Чаму я павінна пужацца супрацоўнікаў правапарадку больш чым злачынцаў? Адкуль такі страх у грамадзтве?» У спадара Маліноўскага на ўсё адзіны адказ: «Не падабаецца хлусьня БТ, уключайце іншы канал! Упэўнены, ваш тэлевізар прымае іх шмат». Пытаньне, што б параіў спадар намесьнік: ОНТ, СТБ ці «Лад» – губляецца ў разгалосьсі думак на гэтую тэму.

Сп.Дрозд да аўдыторыі: «Вы й надалей будзеце супрацьстаяць? Гэта ніколі й нідзе ў сьвеце ня мела плёну! Гэта бессэнсоўна, зразумейце!» Прыклад польскай «Салідарнасьці» бянтэжыць чыноўнікаў і прымушае хуценька зьмяніць тэму. І вось ужо прафэсары спрабуюць ратаваць сытуацыю: «Каб мы зразумелі адно аднаго, трэба час. Нашыя дзеці, магчыма, маюць такія ж погляды, як і вы... Мы зацікаўленыя, каб усё было грунтоўна прааналізавана, каб не парушаўся закон...» З падтэкстам гучаць наступныя словы: «Нікому і нідзе апошнім часам не было адмоўлена ў санкцыянаваньні й арганізацыі мітынгу!» Аўдыторыя таксама валодае мовай падтэкстаў: «І сапраўды, будзе вельмі добра для ўсіх, калі мы будзем жыць у межах законаў, а не загадаў!»

Пры канцы сустрэчы хлопец цікавіцца: ці праўда, што знаходжаньне ў спэцпрымальніку трэба аплачваць. Высокае начальства губляецца, а чалавек з адміністрацыі Акрэсьціна гаворыць, што «чуў нешта». У выніку, гучыць лічба 4650 рублёў за дзень у турме. «Сапраўдны гатэль!» – усьміхаецца сп.Дрозд. Толькі вось тым, хто вымушаны спаць, седзячы ля паўцёплай батарэі ці на нарах разам з дзесяцьцю асобамі, паварочваючыся «па камандзе», тым, хто атрымлівае супы з учорашняй кашы, тым, хто пакутуе ад немагчымасьці патэлефанаваць родным, тым, хто зьведаў на сабе гэты «гатэль», зусім незразумела, чаму за яго трэба яшчэ й плаціць.

Начальнік Упраўленьня вырашае рэзюмаваць размову: «Нашыя сустрэчы адбываюцца ня так часта. Таму ўпэўнены, што размова мела карысьць для абодвух бакоў. Спадзяемся, што ўсе зробяць высновы і ў кагосьці штосьці зьменіцца». Сп.Маліноўскі нечакана падхоплівае: «Да сутрэчы на мірнай дэманстрацыі!»

Удзельнікі «нарады» пакідаюць «ленінскі пакой»: хтосьці едзе ў цёплую кватэру, каб схавацца ў стабільнасьці шэрых сьценаў ад рэчаіснасьці, каб смачна павячэраць разам з жонкай і дзецьмі, каб пасьля працы забыцца пра ўсё на сьвеце і спадзявацца на тое, што заўтра нічога ня зьменіцца. А хтосьці вяртаецца да свабоднае прасторы «гатэльнай» камэры, каб падзяліць «перадачку» зь нібыта новым, а, здаецца, такім даўнім сябрам. Каб разам прасьпяваць «Паветраны шар» увечары. Каб адчуць тую еднасьць, дзякуючы якой ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ.

Акрэсьцінец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0