Студэнтка Анхела Эспіноса Руіс з Іспаніі можа даць фору любому беларусу ў валоданні беларускай мовай. Дзяўчына з'явілася на свет на радзіме вядомага мастака Пабла Пікаса – у іспанскім горадзе Малага, вучыцца ў Гранадзе на філалагічным факультэце, чытае ў арыгінале творы беларускіх пісьменнікаў і марыць прыехаць у Мінск.

Анхела расказала журналісту TUT.BY, як адкрыла для сябе Беларусь, чаму вывучае беларускую мову, што перакладае на іспанскую, якой літаратуры аддае перавагу і што будзе рабіць, калі прыедзе ў нашу краіну.

Вырашыла вывучыць беларускую мову пасля выбараў 2010 года

Дзяўчына нарадзілася на поўдні Іспаніі ў сям'і настаўніцы і менеджара. Анхела добра вучылася, ёй падабаліся музыка, літаратура, замежныя мовы ды вандроўкі. 

– Я заўсёды цікавілася мовамі: і сваёй роднай, і замежнымі. Калі мне было 15 гадоў, я атрымала стыпендыю ад амерыканскай дзяржавы. Мяне запрасілі на семінар для маладых дыпламатаў. Там я сустрэла людзей з розных краін, у тым ліку з Беларусі. Праз маіх беларускіх сяброў я больш даведалася пра культуру, літаратуру, музыку, палітыку і, канешне, мову. Пасля выбараў 2010 года я напісала артыкул пра сітуацыю ў Беларусі, за які атрымала журналісцкую прэмію ад арганізацыі «Салідарнасць з дэмакратычнай Беларуссю». Я паехала тады на іх семінар у Варшаву, дзе зразумела, што трэба тэрмінова вывучыць мову, каб цалкам разумець, што адбываецца ў краіне. Тады я пачала вывучаць беларускую мову, – распавядае беларускамоўная іспанка.

Зараз дзяўчыне 21 год, яна студэнтка філалагічнага факультэта (славянская філалогія) ва ўніверсітэце горада Гранада.

Анхела ведае восем моў: англійскую, французскую, латынь, старагрэцкую ды славянскія: рускую, украінскую, польскую і беларускую. Яе студэнтка пачала самастойна вывучаць два гады таму. За гэты час дабілася неверагодных поспехаў.

Беларуская мова стала ўлюбёнай

– Спачатку я трымала ў сакрэце вывучэнне беларускай мовы, таму што хацела зрабіць сябрам неспадзяванку. Я займалася па некалькіх кнігах ды падручніках, якія набыла ды спампавала ў інтэрнэце. Іх было даволі шмат: «Гавары са мной па-беларуску», напрыклад, вельмі дапамог, - расказвае студэнтка.

Дзяўчына прызнаецца, што першы час было цяжка вывучаць беларускую мову. Пасля штодзённых заняткаў ва ўніверсітэце не заўсёды быў час на самастойную працу над улюбёнай мовай, але Анхела не апускала рукі і паціху вывучала.

– Самым складаным, напэўна, былі вымаўленне ды арфаграфія. Я была вельмі задаволеная, калі пачала размаўляць па-беларуску, але я вывучала замежную мову не ў першы раз, і таму ўжо ведала працэс даволі добра. З беларускімі сябрамі я пазнаёмілася ў Амерыцы і ў інтэрнэце. Канешне, адносіны з носьбітамі мовы заўсёды дапамагаюць– працягвае Анхела Эспіноса Руіс.

Пакуль дзяўчына вучыцца, паспявае браць падпрацоўку і перакладаць для розных фірм. Але шмат перакладаў студэнтка філалагічнага факультэта робіць для сябе і грамадзян сваёй краіны.

«Было б вельмі файна пажыць хаця б некалькі гадоў у Беларусі»

– Я даволі доўга займаюся літаратурным перакладам. Я пераклала шмат вершаў украінскай паэткі Ліны Кастэнка. Яшчэ розныя вершы з іспанскай на рускую ды польскую для ўніверсітэцкага праекта. Для дыпломнай працы я перакладаю Купалу, Баршчэўскага ды Рымшу. Планую яшчэ шмат чаго перакласці.

Беларускамоўная іспанка вельмі любіць чытаць. Не выключэнне і творы беларускіх класікаў: Купалы, Быкава, Багдановіча, Барадуліна, - і сучасных аўтараў: Ігара Кулікова, Міхася Баярына. 

Анхела плануе ўсё жыццё пісаць і чытаць па-беларуску. Пакуль дзяўчына яшчэ не была ў Беларусі, але вельмі хоча патрапіць у Мінск і іншыя гарады.

Дадае, што было б вельмі файна пажыць хаця б некалькі гадоў у нашай краіне. Такую магчымасць пакуль не выключае, але кажа, што будзе сумаваць па моры.

На пытанне, што яна хоча ўбачыць у Беларусі і пра што запытае перш за ўсё, іспанка адказала: 

– Калі прыеду, хачу абсалютна ўсё пабачыць і пра ўсё даведацца. А першае пытанне, напэўна, будзе: «А дзе тут можна знайсці таксі?».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?