На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі кіраўнік КДБ генэрал Жадобін, разважаючы пра стан апазыцыі, заявіў: "У так званую супольнасьць дэструктыўных элемэнтаў уваходзяць усяго 1 767 асобаў. Мы іх усіх ведаем пайменна, па прозьвішчах, і іх не становіцца ні болей, ні меней".

Пра крытэры складаньня таямнічага сьпісу нічога не сказана. Але ён відавочна меншы, чым афіцыйная сумарная колькасьць сябраў апазыцыйных партый (ня кажучы ўжо пра розныя рухі ды суполкі). Тады адно з двух: або партыі завышаюць статыстыку, або ў спэцслужбе ня ўсіх апазыцыянэраў лічаць дэструктыўнымі :) А мо' ў тым сьпісе ня толькі палітыкі? Ці ёсьць там, напрыклад, найболей няўрымсьлівыя праваабаронцы, незалежныя журналісты і г.д.? Ці можа грамадзянін патрабаваць зьвестак аб сваёй прысутнасьці/адсутнасьці ў тым сьпісе? Як вядзеньне такога кандуіту стасуецца з нормамі права?

У дэмакратычнай краіне падобная заява кіраўніка спэцслужбы, трэба думаць, выклікала б шквал пытаньняў з боку розных палітычных інстытуцый ды незалежнай грамады. Але ў нас гэта — як гарохам аб сьценку. Прэзыдэнт жа ў свой час усё папулярна патлумачыў.

"Я ў стане як кіраўнік дзяржавы паводле закону і канстытуцыі сам кантраляваць сілавыя ведамствы, у тым ліку і КДБ. Так будзе заўсёды. Я не аддаў КДБ пад кантроль нейкай грамадзянскай супольнасьці, як сёньня заведзена прыгожа казаць у іншых краінах. Кантроль нейкай грамадзянскай супольнасьці — гэта развал сілавых структураў".

Гэта прагучала з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі на нарадзе зь вярхоўкай Камітэту ў студзені 2005 году. Пройдзе два з паловаю гады — і адбудзецца скандальная гісторыя са зьбіваньнем галоўнага кантралёра, а затым — беспрэцэдэнтна суровы разбор стану спраў у спэцслужбе (памятаеце заявы, што трэба рукі па самыя плечы адсякаць тым, хто "крышует" бізнэс і г.д.)

Зрэшты, мы ж тут — трохі пра іншае. Кантэкст выступу гэнэрала Жадобіна сьведчыць, што "дэструктыўныя элемэнты" найперш асацыююцца з актыўнымі палітычнымі праціўнікамі ўлады. Менавіта 1 767 іх ці болей — у любым разе, кладучы руку на сэрца, актыў тытульнай апазыцыі і насамрэч вельмі сьціплы. Уладзе за 13 гадоў ўдалося ў значнай ступені маргіналізаваць партыі і трэці сэктар.

Але ж ёсьць яшчэ і, назавем яе так, электаральная апазыцыя. Паводле сацыялягічных апытаньняў, доля перакананых праціўнікаў цяперашняга кіроўнага курсу складае 25-30% насельніцтва.

Здавалася б, пры такой статыстыцы вулічныя маршы маглі быць стотысячнымі (сакральная лічба!). Дык не ж! Наверсе могуць паціраць рукі: тытульная апазыцыя настолькі дыскрэдытаваная, што на яе палымяныя лёзунгі не адгукаецца нават дэмакратычны электарат!

Толькі вось гэты трыюмф рэпрэсыўнага апарату над структураванай апазыцыяй можа стацца піравай перамогай. Бо калі спаўзаньне ў эканамічную яму давядзе да сапраўды масавых сацыяльных выступаў, то на чале забурэньняў могуць стаць зусім іншыя, куды меней прадказальныя фігуры.

Па вялікім рахунку для кіроўнай вярхоўкі было б болей дальнабачна пакрысе, гамэапатычнымі дозамі ажыўляць унутрыпалітычнае жыцьцё, даведзенае да стану пустыні Сахары. Але ж так і разгоняцца!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?