Лідары «ДНР» і «ЛНР» у Мінску: Захарчанка (першы), Платніцкі (трэці), фота Tut.by
Кіраўнік самаабвешчанай «Луганскай народнай рэспублікі» Ігар Платніцкі заявіў аб магчымасці правядзення рэферэндуму аб далучэнні «ЛНР» да Расіі. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
«Я планую ўнесці на разгляд народнага савета ЛНР пастанову аб падрыхтоўцы да правядзення рэферэндуму, на якім народ Луганскай рэспублікі прыме рашэнне, ці заставацца нам незалежнай дзяржавай, ці ж далучыцца да Расійскай Федэрацыі», — напісаў Платніцкі ў каментары да свайго допісу.
Калі ўдзельнікі рэферэндуму прагаласуюць за далучэнне да РФ, Масква «атрымае поўнае права» накіраваць у Луганскую вобласць рэгулярную армію, заявіў кіраўнік «ЛНР».
Паводле яго слоў, «да рашучых дзеянняў» кіраўніцтва «ЛНР» падштурхоўвае рашэнне ўкраінскіх уладаў спыніць сацыяльныя выплаты жыхарам самаабвешчаных «рэспублік».
У сераду першы «старшыня» «савета міністраў» самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» Аляксандр Барадай заявіў у эфіры Дождя,
што жыхары «Наваросіі» чакаюць далучэння да Расіі.
«Ёсць яшчэ надзеі, што «Данецкая народная рэспубліка» і «Луганская народная рэспубліка», ды і ўся «Наваросія «калі-небудзь далучацца да Расіі і стануць яе паўнавартаснай часткай», — сказаў ён.