Тэлеканал АНТ скончыў здымкі ў мінскім Палацы рэспублікі каляднага праекту «Нашы песні. Версія‑2007». Гэты канцэрт будзе складацца з дзвюх частак — першую пакажуць 24 снежня 2007 года, другую — 7 студзеня 2008 года. Усе ўдзельнікі гэтага праекту спявалі выключна па‑беларуску: свае галоўныя хіты і агульнавядомыя песні. Сярод плоймы поп‑выканаўцаў, якія зазвычай бяруць удзел у праектах беларускага тэлебачання, свае песні заспявалі гурт «Крама» ды Зміцер Вайцюшкевіч.

Генеральны прадзюсер тэлеканала АНТ Ягор Хрусталёў кажа, што на стварэнне беларускамоўнага каляднага шоў іх натхніў поспех канцэрту, які быў зняты для АНТ сёлета ўвосень — на замову тэлеканала тады музыкі рабілі вядомыя беларускія песні ў новых аранжыроўках. Са слоў Хрусталёва, тэлеверсыя таго канцэрту мела проста шалёны поспех сярод гледачоў.

‑ Першы канцэрт выйшаў вельмі ўдалым. Прычым па дадзеных рэйтынга ён апярэдзіў усе іншыя канцэрты АНТ — і Тота Кутуньё і «Дыскатэку 80‑х».

Калядны праект «Нашы песні» будзе складацца з двух роўназначных частак: новыя версіі старых хітоў і аўтарскія прэм’ерныя песні на беларускай мове. Акрамя поп‑зорак прадзюсеры шоў вырашылі запрасіць і некалькі прадстаўнікоў альтэрнатыўнай беларускай сцэны. Ягор Хрусталёў кажа, што не вельмі проста было схіліць да ўдзелу ў тэлешоў Змітра Вайцюшкевіча і гурт «Крама».

‑ Як я адразу прапанаваў Вайцюшкевічу, той кажа: толькі за грошы! А Ігар Варашкевіч некалькі разоў нават адмаўляўся. Казаў: я вось выступлю, а мне пачанаюць гаварыць, што ідэю прадаў… Урэшце рэшт Дзіма пагадзіўся і спяваў «Зорку Венеру», а Ігар з «Крамай» — новую версію «Стэфкі».

Ігар Варашкевіч кажа, што пагадзіўся на здымкі для АНТ толькі пры ўмове, што аніякай палітычнай афарбоўкі ў гэтага мерапрыемства не будзе. «Крама» выканала дзве песні — «Стэфка. Праз 20 год» і «Ўсё жыццё — дзіўны сон». Лідэр «Крамы» кажа, што не любіць удзельнічаць у тэлешоў толькі з адной нагоды.

‑ Пад фанаграму вельмі не люблю выступаць. Вось галоўная праблема. А ў астатнім — два мільёны гледачоў убачаць такі гурт «Крама». Думаю, што шмат хто з іх і не ведае, што ён існуе…

Зміцер Вайцюшкевіч выканаў у Палацы рэспублікі для праекту «Нашы песні» — «Зорку Венеру» на верш Максіма Багдановіча і твор «У нашых снах» на словы Уладзіміра Някляева. Музыка кажа, што ў падобным мерапрыемстве апошні раз ён удзельнічаў ажно чатары з паловай гады таму. Хоць ганарару не плацілі, спявак вырашыў даць згоду на здымкі.

‑ Я згадзіўся, таму што гэта была беларуская праграма. З аднаго боку, гэта можна лічыць нейкім крокам насустрач. Хаця гэта дзіўная сітуацыя для Беларусі. У любым выпадку я яшчэ не бачыў ніводнага канцэрту па тэлебачанні, дзе б спявалі толькі па‑беларуску.

На пытанне, ці можна чакаць з’яўлення ў тэлепраектах Агульнанацыянальнага тэлебачання іншых прадстаўнікоў альтэрнатыўнай беларускай сцэны, яго генпрадзюсер Ягор Хрусталёў сказаў, што ўсё можа быць, але толькі ў межах тэлефармату.

‑ Ёсць усё ж пэўныя стандарты агульнанацыянальнага каналу, які мусіць адказваць шырокаму спектру інтарэсаў. Я, напрыклад, сам даўно не гляджу праграму «Поле цудаў», але ці замяніць яе канцэртам N.R.M.? Пэўна, што будуць людзі, якія скажуць вялізны дзякуй за гэта, але большасць будзе прагнуць пабачыць «Мою прекрасную няню» ці нешта падобнае.

Сяргей Будкін, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0