Навагодні феерверк у сталіцы пераносіцца з пляцоўкі каля будынка Нацыянальнай бібліятэкі да стэлы «Мінск — горад‑герой» на праспекце Пераможцаў. Пра гэта паведаміў на прэс‑канферэнцыі 20 снежня намеснік начальніка ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Найдзенка.

Паводле яго слоў, такое рашэнне было прынята старшынёй гарвыканкама Міхаілам Паўлавым па просьбе кіраўніцтва мінскай міліцыі «з мэтай забеспячэння грамадскай бяспекі». «Мы ўлічылі, што летась былі праблемы з перапоўненасцю метрапалітэна, а да стэлы трэба ісці ад станцыі метро «Няміга» каля аднаго кіламетра, што больш бяспечна, чым блізкае да бібліятэкі размяшчэнне станцыі метро «Усход», — сказаў А.Найдзенка.

Феерверк пачнецца а 1.30 1 студзеня 2008 года і будзе доўжыцца 20 хвілін. Яго традыцыйна арганізуе фірма «Кальвін» з Дзяржынска (Мінская вобласць). Залпаў на навагодні феерверк будзе не менш, чым на свяце горада (тады было зроблена больш за пяць тысяч залпаў і зрасходавана каля трох тон піратэхнічнай прадукцыі).

Паводле слоў начальніка аддзела па культуры ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Уладзіміра Анціповіча, усяго ў сталіцы пройдзе каля 150 святочных мерапрыемстваў, галоўнае з якіх адбудзецца на пляцоўцы перад Нацыянальнай бібліятэкай. Тут у ноч з 31 снежня на 1 студзеня будзе паказана вялікая шоу‑праграма з удзелам артыстаў беларускай эстрады. Днём тут жа пройдзе дзіцячае свята, а вечарам — маладзёжная дыскатэка.

У.Анціповіч таксама паведаміў, што 31 снежня грамадскі транспарт Мінска будзе працаваць да 3.00, метрапалітэн — да 2.30, а аўтобусы, якія падвозяць да галоўных пляцовак гарадскіх мерапрыемстваў, — усю ноч.

Паводле слоў А.Найдзенкі, чакаецца, што паглядзець на феерверк прыйдуць прыкладна 200 тыс. чалавек. Столькі ж гледачоў, як прагназуецца, будуць назіраць за шоу‑праграмай каля Нацыянальнай бібліятэкі.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0