20.12.2007 / 18:03

На бурыя лiсты калiны закапалi кропелькi крывi… 5

Як бы цяжка нi жылося, яна трывала. Аднаго толькi стрываць не магла. I дараваць сабе не магла таго, што ў яе малодшай сястры Адэлi жыццё змарнавалася, як кажуць, нi за нюх табакi.

Хмурным ранкам, калi ўжо восень пастрасала з дрэў золата i з прыгажунi‑каралеўны ператварылася ў старую бабу ў шэрым аблезлым убраннi, Вiкця Аўцюшэўская пайшла на невялiчкi кiрмаш свайго раённага гарадка. Туды вясковыя кабеты пастаянна прывозiлi на продаж малако, тварог, смятану. Можна было купiць танней, чым у магазiне, ды i якасць не параўнаеш.

Апрануўшы старое палiто, бо на новае не было грошай, завязаўшы цёплую хустку, Вiкця ўзяла сiнi цыратовы пакет i пешшу накiравалася да недалёкага кiрмашу. Яна iшла i з сумам думала, што сваiм убраннем не адрознiваецца ад вясковых кабет, хоць i мае вышэйшую адукацыю, хоць больш як сорак гадоў адпрацавала настаўнiцай. Бацькi паўмiралi рана, пакiнуўшы яе з сястрой дзяўчынкамi‑падлеткамi. Вiкця ў школе вучылася добра, i таму пасля яе неяк агорала педагагiчны iнстытут. Кажу «агорала» не таму, што не спраўлялася з вучобай, а таму, што не было нiякай дапамогi. I посуд мыла ў сталоўцы, i вулiцы падмятала, але вучобу не кiнула.

На апошнiм курсе яна выйшла замуж за вадзiцеля грузавiка з райспажыўсаюза. Родам ён быў з iхняй вёскi Валокнiкi, але працаваў у раённым гарадку. Атрымаўшы дыплом, i яна прыехала сюды. Нажылi сына, якi цяпер жыў ажно за Магiлёвам, працаваў брыгадзiрам у калгасе. А муж гадоў з дзесяць таму кiнуў яе i знiк у невядомым напрамку. Пiсьмо прыслаў, каб нават не шукала, бо яна яму абрыдла, як i гэта беспрасветнае правiнцыяльнае жыццё. Маўляў, ён сваё шчасце яшчэ знойдзе.

Вiкця асаблiва i не гаравала па iм, бо ў апошнi час жылi не лепей, чым кот з сабакам: ледзь не штодня сваркi, як кажуць, за пусты мех. «Можа, i знойдзе тое шчасце, ‑‑ падумала раўнадушна. ‑‑ А мне адной спакайней будзе».

Пенсiю ёй, як i ўсiм, выдзелiлi невялiкую ‑‑ абы з голаду не памерла. Яе жыццё было шэрае, як гэтая восеньская ранiца, як грубая шарачковая нiтка, што некалi з рання да змяркання, ды i да позняй ночы пралi яе мама i бабуля.

Як бы цяжка нi жылося, яна трывала. Аднаго толькi стрываць не магла. I дараваць сабе не магла таго, што ў яе малодшай сястры Адэлi жыццё змарнавалася, як кажуць, нi за нюх табакi. Некалi, як Вiкця паехала вучыцца ў горад, Адэля засталася ў калгасе. Душылася на дзялках, трымала такую‑сякую гаспадарку. I калi Вiкця час ад часу наведвалася ў вёску, Адэля клала ёй у торбу то кавалак сала, то якi дзесятак яек. А аднойчы, прадаўшы парсюка, справiла ёй зiмовае палiто. Гэта ўжо была не абы якая дапамога.

Сям’i Адэля не мела нiколi. Працавала, як чорны вол, а пад старасць пачала знаходзiць уцеху ў бутэльцы гарэлкi. А ў апошнi час дык i наогул напiвалася. Усю сваю невялiчкую пенсiю марнавала на спiртное. Колькi нi ўпрошвала яе Вiкця, колькi нi ўгаворвала, ‑‑ як гарохам аб сцяну. Кабеты з iхняй вёскi, што прывозiлi на гэты маленькi кiрмаш малако ды тварог, кожны раз прывозiлi ёй i сумныя навiны. I цяпер яна iшла з горкiм прадчуваннем, што зноў будуць гаварыць пра сястру нядобрае, а яна, сцяўшыся ў камячок, будзе панура слухаць, не маючы сiлы даць якой рады гэтай чорнай бядзе.

Як толькi падышла да прылаўка, Клава Жыборчык, што жыла па суседстве з Адэляй, нават не прывiтаўшыся, пачала:

‑‑ Вiкцечка, яна ж усе рэчы з дому папрапiвала. Тое адзенне, што ты аддала ёй насiць, ёсць амаль у кожнай хаце. Вядома ж, за бесцань аддае. А людзi бяруць. Што людзям чужое гора, ‑‑ разважала Клава.

Зрабiўшы неабходныя пакупкi, Вiкця ледзь не подбегам накiравалася дадому: трэба было пакiнуць сумку з прадуктамi, узяць больш грошай i хуценька ехаць да сястры. Можа, згодзiцца палячыцца, бо дагэтуль нi пра якое лячэнне нават гаварыць не ўдавалася.

Ледзь паспела на аўтобус. Ужо шафёр завёў матор i хацеў ехаць, але ўважыў яе просьбу, даў бiлет.

Iхняя хата стаяла апошняй у вёсцы. Непадалёку ад яе, пры дарозе, рос куст калiны, нiжнiя сукi якога нехта добра‑такi паабсякаў.

Толькi параўнялася з гэтым кустом, як убачыла, што з надворку выходзiць Адэля. Пад пахай яна трымала апранатку, у якой Вiкця адразу пазнала сваю зялёную махеравую кофту. Яшчэ прыгожую, мала адзяваную. Мiнулай восенню, калi раённыя ўрачы пасылалi Адэлю на кансультацыю ў гродзенскую палiклiнiку, яна дала ёй сваю кофту. Не ехаць жа ў брудных паношаных лахманах, якiя былi для сястры ўбраннем апошнiм часам. А потым i не забiрала назад.

‑‑ Няхай будзе табе, ‑‑ сказала пры сустрэчы. ‑‑ Цi мала куды трэба апрануць цёплую i дыхтоўную рэч.

Калi гаварыць шчыра, то Вiкцi шкада было той кофты, бо сама мала ёй пацешылася. Але ж сястра…

Вiкця нiбы застыла за тым кустом калiны, а Адэля тым часам падалася да суседкi Казiмiрыхi. Такое ўражанне, што толькi зайшла i выйшла. Але махеравай кофты пад пахай у яе ўжо не было. Пад зашмальцаванай палой фуфайкi нешта вытыркалася. А што ‑‑ невядома.

‑‑ Адэля, ‑‑ паклiкала Вiкця, выходзячы з‑за куста. Убачыўшы сястру, што прыехала так неспадзявана, тая нiбы спалохалася.

‑‑ Хадзi сюды, ‑‑ паклiкала Вiкця.

Адэля нехаця прыблiзiлася. Ужо i без пытання Вiкця зразумела, што пад палой схавана бутэлька з самагонкай.

‑‑ Дай сюды тое, што хаваеш, ‑‑ прапанавала.

‑‑ Не дам! ‑‑ дзёрзка прамовiла Адэля.

Вiкця моцна страсянула сястру за грудзi, i з‑пад палы выпала паўтарачка самагонкi.

‑‑ Маю навюткую кофту памяняла на гэта смярдзючае пойла, ‑‑ грымаса крыўды i злосцi перакасiла Вiкцiн твар, i яна з сiлай пiхнула Адэлю на калiнавы куст. Трапiўшы вiском на ссечаны сук, тая нават не застагнала. На бурыя лiсты калiны закапалi кропелькi крывi, нiбы гэта падалi долу чырвоныя ягады…

Адэлю пахавалi. Неўзабаве суд вызначыць меру вiны Вiкцi i дасць ёй пакаранне.

Леанарда Юргілевіч, Народная воля

0
Руды Тамаш / Адказаць
20.12.2007 / 18:18
Карацей, ізноў, "што голы я павінен згінуць, як той у лесе чашчавік, і як сабака свет пакінуць, бо я мужык, дурны мужык", кавер-версія нумар 532. Такія нарысы больш ЛіМу пасуюць. Мо досыць ужо тыражаваць вобраз разняшчаснага беларуса і ціха цешыцца з уласнага юродства?
0
SAMANDYK da Rudoha Tamasa / Адказаць
21.12.2007 / 04:50
heta nie paciecha.
0
Руды Тамаш / Адказаць
21.12.2007 / 10:20
Пацеха, бо гэта - смакаванне ўласнай нікчэмнасці і яе апраўданне. Літаратурная вартасць нарыса сумнеўная, а псіхалагізм прымітыўны. Адзіная яго "вартасць" - кантэкст. Маўляў, во якія мы, беларусы! Співаемся, адзін аднога на каліну штурхаем. Але гэта не мы такія, гэта ў нас жызня такая, не слажылася. Можна ўрад згадаць (царскі, савецкі, санацыйны, шуш-кебічаўскі, цяперашні "антынародны" - патрэбнае ўставіць) і працягнуць горка-салодкія мары на канапе пра той светлы дзень, калі паўстане правадыр ці ўладар, карацей нехта адзіны, хто збавіць нас ад крыўды і нядолі.
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру