Плануецца, што 29 лістапада ўрачыстыя сходы ў памяць слуцкіх паўстанцаў адбудуцца ў мястэчках, звязаных з падзеямі 1920 года, — у Грозаве, Семежаве і Вызне (Чырвоная Слабада). Таксама пададзеная заяўка ў Слуцкі гарвыканкам на правядзенне мітынгу і ў самім Слуцку.

Як адзначае Янукевіч, паводле заканадаўства цяпер забаронена да атрымання дазволу ўладаў паведамляць пра канкрэтныя час і месца правядзення масавых мерапрыемстваў. «Мы чакаем, што адказы на заяўкі пра правядзенне мітынгаў павінныя быць дадзеныя не пазней за 24 лістапада. Слуцкае паўстанне — адзін з найяскравейшых прыкладаў праявы мужнасці і адвагі беларусаў, які вельмі актуальны цяпер у сітуацыі відавочнай пагрозы нашай незалежнасці з боку агрэсіўнай Расіі», — адзначыў ён.

Паводле слоў Янукевіча, у апошнія гады ўлады дазвалялі мітынгі ў Слуцку, але пераследавалі ўдзельнікаў памятных мерапрыемстваў у іншых мясцінах Случчыны. Разам з тым, зазначыў ён, у 2012 годзе мітынг быў забаронены.

«Таму, каб мінімізаваць рызыку рэпрэсіяў, мы падрыхтавалі заяўкі на правядзенне сходаў ва ўсіх месцах, дзе плануецца ўскладанне кветак і ўрачыстыя мерапрыемствы ў гонар герояў паўстання. Але мы таксама разумеем, што пры набліжэнні важных палітычных падзеяў, такіх як маючая адбыцца кампанія па выбарах прэзідэнта, павялічваецца верагоднасць супрацьдзеяння з боку ўладаў. Акурат цяпер ажыццяўляецца пераслед сябраў Партыі БНФ, што сёлета ў кастрычніку бралі ўдзел ва ўшанаванні герояў паўстання Каліноўскага ў Свіслачы»,

— сказаў Янукевіч. 

Слуцкі збройны чын 1920 года быў спробай абароны незалежнасці Беларусі ў раёне Слуцка. На працягу месяца, у лістападзе—снежні, ваенныя атрады, сфармаваныя пераважна з мясцовых сялянаў, аказвалі супраціў савецкім войскам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?