Ленінскі суд Горадні прызнаў Вольгу Крапоціну вінаватай у незаконным вырабе і распаўсюдзе ўлётак з тэкстам «Верните Крым! Руки прочь от Украины» і «Ганьба здраднікам Радзімы з «трыкалорам» у зубах. Пуцін вам далонь пацісне, як уздыме на штыках!». Яна клала першыя пад дворнікі аўто з расейскімі нумарамі, а другія — на беларускія аўто з расійскімі сцяжкамі.

Крапоціну затрымалі 19 верасня ў цэнтры Гродна побач з гатэлем «Нёман». Пры ёй было 17 улётак. Яе кватэру ператрэслі, але болей нічога не знайшлі.

У судзе супраць Крапоцінай сведчыў нехта Уладзімір Гарэлаў, які нібыта індывідуальны прадпрымальнік. Гарэлаў нібыта ў доме, побач з якім стаяла аўта з расійскімі нумарамі, на шкло якога Крапоціна і паклала ўлётку. Гарэлаў патлумачыў суду, што ўбачыў гэта з акна і выбег за Крапоцінай. Маўляў, некалькі дзён таму ў яго пытаўся ўчастковы — ці не бачыў ён, хто кладзе гэтыя ўлёткі.

А паколькі Гарэлаў, як ён патлумачыў суду, вельмі шануе ўчастковага, то выбег затрымаць дзяўчыну.

Гарэлаў зазначыў, што, маўляў, выбег на дарогу і ўбачыў міліцыянтаў у машыне, з якімі і затрымаў Крапоціну.

Відаць, што гэты Гарэлаў чалавек не выпадковы.

Міліцыянты ў судзе засведчылі, што затрымлівалі Крапоціну. Адзін з іх патлумачыў, што тэкст улёткі, як яму падалося, «апазіцыйнага характару», але ніводзін дакладна так і не мог узгадаць, што там было напісана.

Абодва казалі, што нібыта тэкст быў звязаны з Майданам.

У судзе Крапоціна не адмаўляла, што сама надрукавала ўлёткі ў інтэрнэт-кавярні, паклала іх на шкло машыны і гэтым самым спрабавала данесці да грамадзян інфармацыю пра тое, што адбываецца ва Украіне. Але яна так і не зразумела, чым яе дзеяньні адрозніваліся ад таго, як людзі штодня кладуць на тыя самыя аўто шматлікія рэкламныя матэрыялы.

Судзіў Зміцер Бубенчык, які раней не маў дачынення да палітычных працэсаў. Падтрымаць Вольгу прыйшлі пара журналістаў ды неабыякавых гарадзенцаў.

Суддзя зачытаў ліст з Міністэрства інфармацыі, у якім гаварылася, што ўлёткі носяць масава-палітычны характар, але ацэнкі зместу ўлётак не давалася. Паводле рашэння суду Вольгу Крапоціну прызналі вінаватай у незаконным вырабе і распаўсюдзе ўлётак. Хоць што незаконнага ў такім вырабе і такім распаўсюдзе?

Крапоціна з рашэннем не пагадзілася і заявіла пасля суду: «Мне прысудзілі болей, чым я за месяц атрымліваю заробку. Абавязкова буду абскарджваць рашэнне. Я лічу, што і пратакол складзены на мяне незаконна, і пастанова суда таксама не з'яўляецца законнай, і я буду гэта абскарджваць». 

Сёння ж у Свіслачы (Гродзенская вобласць) павінен быў адбыцца суд над мясцовым актывістам Юрыем Глебікам, якога звінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванай акцыі і выкарыстанні незарэгістраванай сімволікі падчас традыцыйнага ўшанавання паўстанцаў Каліноўскага. Юрый Глебік у суд не пайшоў: 

«Што я, блазан, каб там сядзець? Няхай вырашаюць што хочуць, бо яны гэта самі ўсё прыдумалі, то няхай самі і робяць. Я не лічу сябе вінаватым, бо я нікога не пабіў, нічога ні ў кога не ўкраў, п’яным нідзе не ляжаў.

Каб не было так сумна, то было б смешна, але ўсё ж даволі сумна, што так усё робіцца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?