Усё пазнаецца ў параўнанні. 7 верасня 2004 года, калі Лукашэнка ў жывым эфіры аб’явіў пра чарговы рэферэндум, у натоўпе, што стаяў на Кастрычніцкай плошчы, раздаўся толькі адзін крык супраць. 19 сакавіка 2006 года плошча была перапоўнена людзьмі, а ў паветры панавала шматгалоссе. Палітычнай рэвалюцыі не адбылося. Але пачатак рэвалюцыі духу відавочны.

Гэтаму пачатку папярэднічаў не менш уражвальны шэраг падзей падчас прэзідэнцкай кампаніі, якую большасць назіральнікаў, у тым ліку і аўтар, разглядалі хіба як адміністрацыйную працэдуру пацвярджэння паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы. У рамках гэтай працэдуры апазіцыя, здавалася б, была цалкам асуджана. Ёй трэба было прыкладаць звышвысілкі, каб дамагчыся мінівынікаў, плён ад якіх быў вельмі сумнеўны ў той час, як аўтарытарная ўлада была цалкам здольная ліквідаваць наступствы любых дзеянняў сваіх апанентаў. Аксіёмай нашага мыслення напярэдадні выбараў 19 сакавіка было тое, што рэвалюцыя ў Беларусі пакуль што немагчымая з-за адсутнасці цэлага шэрагу чыннікаў: гатоўнасці большасці грамадства да перамен, мяккасці аўтарытарнай улады, вольных медыяў, і гэтак далей. Удалося хіба што аб’яднаць апазіцыю (нават не ўлічваючы Казуліна – ані Юшчанка, ані Саакашвілі не былі тэхнічна адзінымі кандыдатамі).

Аднак аналітыкі, напэўна, не ўлічылі трох фактараў. Па-першае – колькасці прыхільнікаў перамен і свабоды, гатовых рабіць, здавалася б, безнадзейную справу, калі не для выніку, то для гонару. Па-другое, нечаканай моцы альтэрнатыўных кандыдатаў – як Мілінкевіча, так і Казуліна. Па-трэцяе, таго, што рэпрэсіўнасць уладаў дасягне такога ўзроўню, што стане, як гэта ні парадаксальна, пэўным мабілізуючым фактарам. Галоўным дасягненнем апазіцыйных сілаў можна лічыць ужо тое, што вынікі падзей сакавіка 2006 года – незалежна ад канчатковай развязкі супрацьстаяння – сталі ўжо здабыткам беларускай гісторыі і аб’ектам увагі ўсяго свету. Болей празаічна – сцэнар чарговай «элегантнай перамогі» аказаўся сарваны.

Дзесяткі тысяч, што выйшлі на Кастрычніцкі пляц (ці, як яго ўжо многія для сабе перайменавалі, пляц Каліноўскага), канечне, ж не рэпрэзентатыўныя для ўсяго беларускага грамадства. Лічба пратэстуючых у самы пік вулічнага супраціву не перавышала колькасці самых значных пратэстаў у сярэдзіне 1990-х гг. Да пералому ў грамадстве ў цэлым на карысць ідэй свабоды і перамен яшчэ далёка. Сацыяльны баланс пакуль на карысць Лукашэнкі, і кампанія яго наўрад ці змяніла. Ды і лічба пратэстуючых па словах кіраўніка штабу Мілінкевіча Сяргея Калякіна ў дзесяць (ну, можа, у пяць. – В. С.) раз менш за тую, што была б патрэбная, каб улада лічылася з пратэстам. Але гэтая ж лічба разоў у дзесяць больш за тую, якую прадказвала большасць аналітыкаў перад падзеяй, прычым не толькі песімістаў – асабліва пасля таго, як патэнцыйным удзельнікам пратэсту прыгразілі смяротным пакараннем. У 1996 годзе нас мабілізаваў страх страціць незалежнасць. У 2006 годзе нас яднае прага свабоды і годнасці.

Тое, што гэта магчыма, што менавіта свабода, а не нейкія сацыяльныя пытанні стануць мабілізоўным чыннікам у супрацьстаянні рэжыму Лукашэнкі, таксама многімі ставілася пад сумнеў. Як высветлілася, дарма. Больш за тое, уражвае тая роля, якую адыгралі падчас пратэстаў нацыянальныя сімвалы, пачуцці, святыні. Выявы бел-чырвона-белага сцяга, Звона і песняў свабоды, партрэта Каліноўскага надалі грамадзянскаму чыну пэўны дух, якога былі цалкам пазбаўлены шматлікія спробы вывесці людзей на вуліцы пад лозунгамі «лепшага жыцця» і г. д. Так, можа, нацыянальная афарбоўка і сама ідэалогія свабоды багата каго і адштурхоўвае, паглыбляе падзел у грамадстве. Аднак прыхільнікам «чыстай» дэмакратыі за дзесяцігоддзе барацьбы з аўтарытарызмам так і не ўдалося стварыць мабілізоўнай альтэрнатывы, што бачылі і цягам Менскай вясны, і падчас пахавання Васіля Быкава, і цяпер.

Дарэчы, менавіта нацыянальная арыентацыя галоўнага апанента Лукашэнкі на гэтых выбарах і вызвала першапачаткова шквал незадавальнення з боку часткі апазіцыйных колаў. Аднак крытыкі і кандыдата, і стратэгіі апазіцыі пэўна не ўлічылі тых задач, якія насамрэч стаялі падчас гэтай кампаніі. Адпачатку было зразумела, што гуляць на выйгрыш было немагчыма і бессэнсоўна. Апазіцыя была адсечаная ад большасці грамадства, спробы весці ардынарную выбарчую кампанію, абапіраючыся на тыя пытанні, што маглі б «прыцягнуць электарат», былі бессэнсоўныя яшчэ і таму, што такія высілкі ў гэтых умовах мелі б мінімальны мабілізоўны эфект: пытанні чаркі, скваркі і стабільнасці прыносілі ў сённяшнім сацыяльна-палітычным кантэксце ачкі толькі Лукашэнку. Апазіцыйныя кандыдаты рабілі ўсё не па правілах, вялі сябе не так, як вядуць палітыкі, што дамагаюцца выйграць выбары. Яны зрабілі акцэнт на негатыўную агітацыю (перш за ўсё Казулін), прапагандавалі нацыянальныя каштоўнасці (нават Казулін!), казалі аб свабодзе, калі большасць, здавалася б, гатовая была прамяняць свабоду на стабільнасць. Трэба ўлічваць, аднак, што скатаць вялікі ком снегу немагчыма без таго, каб першапачаткова не зляпіць невялічкі сняжок. Іншымі словамі, кансалідацыя ядра і пашырэнне базы грунтуюцца на розных, супрацьлеглых логіках. На жаль, у гэтай кампаніі апазіцыя проста мусіла пачынаць многае спачатку. І ў нечым яна была асуджана на самаабмежаванне ў электаральным плане.

Ёрнічаць з нагоды неэфектыўнасці дзеянняў апазіцыі на вуліцах пачынаюць, па звычцы, тыя, хто загадзя схаваўся ў бульбу. Дзеянні сапраўды не заўжды лагічныя, але інтэрнэт-заградатрадчык Фядута лепш бы памаўчаў са сваіх кіеўскіх кустоў. Зазначым, аднак, што няўдачу беларускага Майдану запраграмавалі не дзеянні апазіцыі, а адсутнасць у гэтым кантэксце рэвалюцыйнай сітуацыі. Рэвалюцыя пачынаецца з супрацьстаяння легітымнасцяў (гэта значыць, калі не проста адмаўляецца легітымнасць сённяшняга лідэра, а адстойваецца легітымнасць прэтэнзій на ўладу лідэра заўтрашняга). Прэтэнзій на ўладу Мілінкевіч (а тут я кажу толькі аб Мілінкевічу – Казулін урэшце пляц пакінуў) не выставіў. На тое, канечне, былі аб’ектыўныя чыннікі – але калі пытанне аб уладзе не паўстала, то і пратэст быццам бы падвісае – ісці наперад некуды, а адступаць гонар не дазваляе. Застаецца пратрымацца як мага далей, каб гэтая годнасць мела шанец на працяг у будучых, больш паспяховых змаганнях...

<...>

Віталь Сіліцкі

Цалкам артыкул выйдзе ў 4-м нумары часопіса «ARCHE».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0