Рацыя высветліла, што паўночнаамерыканскія панцырныя шчупакі, што заўважаныя ў прытоку Бярэзіны, могуць выдатна там распаўсюдзіцца. На радзіме лепш за ўсё яны бяруць на каралеўскіх крэветак, у нас — на звычайнага чарвяка. Зазначым толькі, што гэтыя рэліктавыя драпежнікі растуць да 3 метраў, дасягаюць вагі ў 120 кг, харчуюцца мясам.

Нагадаем, учора стала вядома, што ў адным з прытокаў Бярэзіны непадалёк ад цэнтральнай сядзібы Бярэзінскага запаведніка ў Лепельскім раёне заолагі выявілі паўночнаамерыканскага панцырнага шчупака.

Навуковы супрацоўнік дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Бярэзінскі біясферны запаведнік» Ігар Мядзведзеў распавёў пра падрабязнасці надзвычайнай знаходкі і пра тое, чаго можна чакаць ад рэліктавых рыб‑алігатараў. Заўважым, што гэтак іх называюць нездарма: дарослы панцырны шчупак падобны на кракадзіла‑бервяно. Буйныя рыбіны могуць дасягаць у абхваце 80‑100 сантыметраў.

«Панцырнага шчупака злавілі на неглыбокім перакаце проста сачком. Другога, што быў побач, не ўдалося. Спачатку людзі, што злавілі рыбіну, падумалі, што гэта звычайны наш шчупачок, але потым разгледзелі яго і панеслі да нас у аддзел», — сказаў Ігар Мядзведзеў.

Але, паводле навукоўца, хутка высветлілася, што гэта не першая сустрэча рыбы‑алігатара з жыхарамі Лепельшчыны.

‑ Потым да нас прыйшоў яшчэ адзін мясцовы жыхар‑рыбак і сказаў, што ў 6 кіламетрах ад нас, вышэй па плыні, на чарвяка вудай злавіў гэткую ж рыбіну. Але паглядзеў на яе і адпусціў у раку, бо вырашыў, што ў запаведніку могуць быць і нейкія гэткія рэдкія рыбы, якіх трэба ахоўваць і адпускаць. То бок мінімум у Бярэзіне засталося два панцырных шчупакі.

Мядзведзеў з калегамі пашукаў у навуковай літаратуры і зразумеў, што паўночнаамерыканскія рэліктавыя госці могуць стаць сталымі жыхарамі нашых вадаёмаў.

‑ Мы пралічылі ўсе магчымыя варыянты… У іх жа на радзіме, той жа Канадзе, таксама дастаткова холадна. У літаратуры пішуць, што аптымальная для панцырнага шчупака тэмпература вады — плюс 14 градусаў. То бок у нас яны могуць спакойна выжыць. Калі шчыра, у мяне ўвогуле склалася ўражанне, што злоўлены панцырны шчупак не першы год жыве ў нас… 36 сантыметраў даўжынёй — аніяк ужо не малёк.

Трэба заўважыць, што вантробы і ікра гэтых шчупакоў — таксічныя. Людзі могуць спажываць іх мяса, а вось тутэйшыя насельнікі вадаёмаў могуць пацярпець.

‑ Вантробы і ікра таксічныя, то бок могуць нашкодзіць папуляцыі беларускай рыбы, калі, не дай Бог, пачнуць тут размнажацца. Да метра, мяркую, у нас можа вырасці, бо вада ўсё ж у нас крыху халаднейшая, і расці яны будуць не так хутка.

Мясцовых канкурэнтаў шчупак‑алігатар можа не баяцца.

‑ Луска — не паўкруглая, як у нашых, а ромбамі, ды настолькі моцная, што не праб’еш і гарпуном.

Ігар Мядзведзеў упэўнены, што экзатычных шчупакоў выпусцілі акварыумісты.

‑ Мы спрабавалі знайсці крыніцу распаўсюду. Звярталіся і ў нашу Акадэмію навук, але безвынікова… Мы нават не ведаем, калі і колькі гэтых шчупакоў было выпушчана ў ваду. Як адсочваць — складанае пытанне: у нас у запаведніку нават і іхтыолага няма. Хаця, калі іх выпусцілі некалькі экзэмпляраў, то калі‑некалі яны пачнуць трапляць на вуды…

Панцырныя шчупакі, або рыбы‑алігатары, з’яўляюцца самымі буйнымі рыбамі, што жывуць у прэсных вадаёмах Цэнтральнай і Паўночнай Амерыкі і вострава Куба. Цела гэтых рыб пакрыта панцырам з тоўстай і трывалай лускі, якая складаецца з унутранага касцянога пласта і вонкавага пласта зіготкай эмалі, або ганаіна. Адгэтуль і іх навуковая назва — ганоіды.

Выпадкі нападу гэтых гіганцкіх драпежнікаў на чалавека ў вадзе вельмі рэдкія. Адзінкавыя зарэгістраваныя выпадкі агрэсіі супраць чалавека здараліся толькі тады, калі панцырныя шчупакі былі вельмі галоднымі, альбо моцна спалоханымі ці параненымі.

На расійскіх інтэрнэт‑аўкцыёнах панцырныя шчупакі прадаюцца дзесьці пад 40 долараў за рыбіну, акварыумісты не рэкамендуюць пасяляць шчупакоў разам з рыбамі меншымі за іх па памерах, бо шанцаў у іх не застанецца: рэлікты звышагрэсіўна сябе паводзяць у дачыненні да суседзяў нават свайго роду.

Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0