Справа аб нападзе на двух пенсіянераў у раёне парку Горкага ў Мінску, па якім прызналі вінаватымі трох студэнтаў юрыдычнага каледжа, адправілі на новы разгляд у суд Партызанскага раёна. Адпаведнае рашэнне прыняла 24 лістапада калегія Мінскага гарадскога суда, разгледзеўшы касацыйную скаргу.

У бліжэйшы час будзе вызвалены з-пад варты Аляксандр Гайдук, які раней быў прысуджаны да пяці з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і пакуль знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага. Суддзя прыняла рашэнне змяніць яму меру стрымання на падпіску аб нявыездзе.

Падтрымаць студэнтаў у залу суда прыйшлі іх родныя і аднагрупнікі, пацярпелых у зале не было.

Трох студэнтаў юрыдычнага каледжа прызналі вінаватымі ў тым, што ў сакавіку 2014 г. яны збілі двух пенсіянераў. Аляксандр Гайдук быў прысуджаны да пяці з паловай гадоў ўзмоцненага рэжыму за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

Двое іншых хлопцаў былі прызнаныя вінаватымі ў групавым хуліганстве. Яўгена Крупкевіча прысудзілі да двух з паловай гадоў умоўна. Да трэцяга, Эдуарда, ужылі амністыю, бо ён яшчэ непаўнагадовы. Таксама хлопцаў абавязалі кампенсаваць маральную шкоду ў памеры 2 млн рублёў.

Усе трое настойваюць на сваёй невінаватасці. Доказамі віны ў гэтай справе сталі некалькі абставінаў: апазнанне Яўгена Крупкевіча і Аляксандра Гайдука адным з двух пацярпелых, апазнанне гэтых жа хлопцаў адным з двух сведкаў-відавочцаў і відэазапіс. На відэа зафіксавана, што трое хлопцаў ідуць у некалькіх сотнях метраў ад месца здарэння прыкладна ў той час, калі на пацярпелых быў здзейснены напад.

«Іншых доказаў дачынення студэнтаў да злачынства ў справе проста няма», - звяртаў увагу адвакат Раман Юльскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?