У Брэсце 22 снежня адбудзецца сустрэча дэпутата Палаты прадстаўнікоў Святланы Гіль з актывістамі апазіцыйных партый. Пра гэта паведаміў БелаПАН намеснік старшыні абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Коўш.
"У сувязі з тым, што часавыя рамкі сустрэчы парламентарыя з выбаршчыкамі, якая адбылася 26 лістапада, не дазволілі абмеркаваць шэраг пытанняў, што нас цікавяць, 11 снежня мы накіравалі Гіль пісьмовую прапанову аб новай сустрэчы. 21 снежня Святлана Вікенцьеўна мне патэлефанавала і сказала, што мерапрыемства можа адбыцца 22 снежня", — паведаміў М.Коўш.
Паводле слоў палітыка, плануецца, што ў сустрэчы возьмуць удзел актывісты Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і Партыі камуністаў Беларускай.
"У нас гатовы пытанні, якія тычацца актуальных праблем грамадска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сферы. Мы хочам пачуць пазіцыю парламентарыя і выказаць сваю. Спадзяемся на канструктыўны дыялог, які будзе садзейнічаць вырашэнню пытанняў, што хвалююць выбаршчыкаў", — заявіў М.Коўш.
26 лістапада ў Брэсце адбыліся сустрэчы выбаршчыкаў з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алегам Вялічкам, Святланай Гіль і Валянцінай Качан, якія абраны ў парламент ад абласнога цэнтра. Мерапрыемствы былі ініцыяваны актывістамі абласных структур АГП, ПКБ і БСДП (Грамада).