29.11.2014 / 09:26

Іван, калодзеж і анёл — камертон Сяргея Ваганава 1

На мінулым тыдні я ездзіў у вёску Далёкія, што на Браслаўшчыне.

Па геаграфічных прыкметах не такая ўжо і далёкая — якіясь 7 кіламетраў ад Опсы — мястэчка, праз якое па вялікай шашы звычайна едуць у райцэнтр. Цяпер шаша ў асфальце. А паўвека таму на Браслаў паўзла шчэ не пабітая брукаванка. Што праўда, на Браслаў ездзіў зрэдку, бо настаўніцкай працы ў Далёкіх было шмат. А вось на Опсу — штотыдзень. Ці то на ровары, ці то на матацыкле, які ахвотна пазычаў Іван, а калісь і на грымучым «газоне» з цыстэрнай, на каторым Іван вазіў у Далёкія са спіртзавода ў Відзах барду. Але часцей за ўсё я хадзіў у Опсу пешшу.

Мне падабалася хадзіць у Опсу пешшу. Падабалася вітацца са старымі бярозамі, якія разам з прасёлкам узбіраліся на пагоркі, з паперакручанымі на вятры соснамі… Так, я ведаў кожнае дрэва на прасёлку з Далёкіх у Опсу. І чым больш працяглым быў той шлях, тым мацней нарастала хваляванне ад сустрэчы з сябрамі, такімі ж настаўнікамі, што, як і я, па ўласным жаданні размеркаваліся ў тыя мясціны…

Паўвека таму шляхам называў той прасёлак стары, мо ўжо за 80, далёцкі ксёндз. З восені апранаўся чамусьці ў ватоўку і чырвонаармейскую вушанку з цемнаватым адбіткам колішняй зоркі. Калі-нікалі ён нібыта падпільноўваў цябе за ваколіцай, вітаўся, сцягваючы вушанку з сівой галавы, і пытаўся: «А ці не муве пан, дзе тут шлях да Варшавы?» Я паказваў у бок па-восеньску бляклага сонейка, што ўжо хілілася да захаду. «А да Пецярбургу?» — падслепавата прыжмурваўся ксёндз…

Касцёл у Далёкіх існуе і сёння. А вось школу сёлета зачынілі. Таму і еду ў Далёкія. Па тым жа шляху, які ані тым жа, ані ўвогуле шляхам назваць цяжкавата — траская, бы пральная дошка, запыленая гравійка. Ані дрэўца абапал, ані тых бярозаў ды соснаў…

Еду я да Івана, адзінага з тых часоў сябра, што жыве цяпер у Далёкіх. Калі-нікалі я, вядома, у Далёкія наязджаў, сёе-тое пра вясковае ды Іванава жыццё ведаў. Але цяпер было чамусьці такое адчуванне, што не быў там усе пяцьдзясят гадоў. І разам з тым — наадварот: нібыта тых пяцідзесяці гадоў і не было.

Я здагадваюся, з чаго адбылося тое дзіўнаватае спалучэнне адчуванняў — з фіранкі, што нерухома павісла за запыленай шыбай старой, за сто гадоў дакладна, хаты насупраць Іванавай. Тая ж фіранка, тыя ж карункі на ёй… «Не, тут ніхто не жыве, — тлумачыць Іван. — Як пачалі вучняў вазіць аўтобусам, зімовы інтэрнат зачынілі… І ў тваім пакойчыку, як ты з’ехаў, ніхто не жыў…»

Як з’ехаў… Мне 23, Івану — 27, шафёрствуе ў калгасе. Калі з’язджаў, падарыў Івану электрабрытву «Харків», на памяць.

З той памяці праз колькі год — хата, напалову абкладзеная белай цэглай, шыльда на хаце — «Цырульня», зялёным па чырвоным… Цяпер смяецца: «Нічога з таго цырульніцтва не выйшла… Вучыўся, ага. У опсаўскага майстра. Мо памятаеш? Вельмі выбітны быў цырульнік, нават з Браслава да яго ездзілі. А да мяне мала хто пайшоў… Вярнуўся ў калгас, на трактар. Ну а потым — у школу, настаўнікам працы ды машыназнаўства. 33 гады, да званочка… 80 працэнтаў маіх выпускнікоў працавала ў калгасе. А сёння…» — Іван расчаравана махнуў рукой.

Пра тое, чаму сёння памерла школа і памірае вёска — асобны аповед. А пакуль — пра Івана. Узяў пад руку, вядзе па Далёкіх, па падворках кінутых хат, знаёміць з новымі вяскоўцамі, бо нікога, каго ведаў калісь, нават нікога з маіх вучняў, у Далёкіх няма. І дзве Іванавы дочкі разляцеліся па свеце — адна, пажыўшы ў Чэхіі, прытулілася да Віцебска, другая ўгразла ў Грэцыі. «Ага, цяжка ёй там, — уздыхае Іван, — ой, цяжка… А я, скажу табе, у дзяцінстве быў на крок ад смерці. Вось тут, дзе быў калодзеж. Мо памятаеш?»

Як жа ж не памятаць той калодзеж? Зімовым ранкам адхінеш коўдру, скінеш паліто, якім хаця б троху бараніўся ад марозу, ад якога за ноч выстуджвалася жытло, ногі ў валёнкі, за вядро — і да калодзежа. Ён увесь у лёдзе, нібы ў казачнай пячоры, зіхаціць пад ранішнім Месяцам… І — да поясу. Каб прачнуцца і жыць.

«…у 43-м было, пяць гадоў мне. Калодзеж тады быў абгароджаны плоцікам. А побач — купка пяску. Ну, гуляю ў пясочку, і бачу — самалёцік ляціць. Ага, нямецкі, нават крыжы відаць. Ага, я ручкай яму, а ён як гваздане з кулямёта! Ад плоціка толькі трэскі і разляцеліся… Потым я тыя кулі, вялікія такія, пазбіраў… І чаго ён па мне лупіў? Ды мо анёл выратаваў… Мой анёл-абаронца… А вось тут, побач, яшчэ хата стаяла. Ага, паліцаева хата. Дык партызаны і хату спалілі, і паліцая забілі, і жонку з дзецьмі расстралялі… Я вось думаю: а дзяцей з матуляй — за што?»

…Да нейкай чарговай пераможнай гадавіны калодзеж засыпалі, а на ягоным месцы паставілі помнік загінулым землякам. Не ўсім. Толькі тым, каго, мусіць, у 44-м забралі ў савецкае войска. Інакш з чаго гэта насупраць прозвішчаў адзін год нараджэння? А так — помнік як помнік, якіх шмат па беларускіх вёсках.

Гляджу на Івана, на помнік і думаю: як яно добра было б, калі б замест жаўнера з аўтаматам лунаў тут нябачны белы анёл.

Мо і землякі былі б жывыя, і вада ў калодзежы, і школа, і вёска…

Сяргей Ваганаў, kamerton_41@mail.ru

0
папагена / Адказаць
29.11.2014 / 11:14
Зямлю людзям аддаваць трэба, вяртаць гаспадароў. А тое, падла, пазагналі ў гарады, выдалі банкаўскую картку ў зубы, нафаршыравалі хату лічыльнікамі і жыві, чалавек, тыпу свабодны, мар пра еўрарэмонт у турме сваёй.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру