У Рэдакцыю «Нашай Нівы» звярнуўся жыхар Івацэвіцкага раёна Віктар Якімовіч. Пяць гадоў яго падазравалі ў крадзяжы, а пасля аказалася, што крадзяжу і не было. Цяпер ён сам дамагаецца, каб яго прызналі пацярпелым.

Яго справа — водгулле 1990-х. Віктар працаваў камерцыйным дырэктарам у прыватнай кампаніі. Шукаў рынкі збыту. І падчас адной з паездак у Ніжнякамск у 1997-м купіў там вялікую партыю аўтамабільных шын — 130 штук. Палову прывёз адразу на працоўным транспарце ў Беларусь, астатняе пакінуў там.

Але ўзніклі непаразуменні з дырэктарам. Той меркаваў, што шыны належаць яго фірме, а таму і цягач павінен прыехаць да яго. Разбіраліся па правілах таго часу: да Віктара падсылалі «чачэнаў», ён шукаў заступнікаў сярод сваіх. Пакуль цягнуліся разборкі, дырэктар падаў заяву ў міліцыю. У 2001-м на Якімовіча завялі крымінальную справу.

Віктар палову шын паставіў на МАЗ, а ўзамен яму павінны былі перадаць седлавы цягач і два паўпрычэпы — па бартары. Тут і пачаліся новыя праблемы. Дакументы на тэхніку бізнэсовец перадаў знаёмаму берасцейцу: меркавалі разам ехаць забіраць, але ў Віктара не атрымалася, а дакументы так і засталіся ў знаёмца (але даверанасць ён не выпісваў). Але праз нейкі час высветлілася, што тэхніку з МАЗа ўсё-такі забралі. Толькі да ўласніка яна не даехала.

Віктару ж «шылі» крадзеж: шыны ацанілі амаль у 700 мільёнаў рублёў — па курсе 1997 года каля $25 тысяч.

Але дырэктар пасля напісаў адмову ад прэтэнзій — маўляў, памыляўся ў сваіх абвінавачаннях. Тым не менш справу не спынілі, а перадалі ў вобласць. Цягнулася расследаванне.

Толькі ў 2003-м Віктар у матэрыялах справы ўбачыў даверанасць, выпісаную на прозвішча Баранава, на атрыманне тэхнікі з аўтазавода. Кажа, што яна падробленая. Пачалі разбірацца. Але следчыя ў адзін голас па выніках шэрагу экспертыз заявілі, што пячатка на дакуменце сапраўдная. Хоць прызналі, што пашпарт з указанымі нумарам і серыяй у даверанасці ў Беларусі ніколі не выдаваўся. Не адшукаўся Баранаў і ў Расіі.

Бізнэсовец лічыць, што даверанасць узнікла для таго, каб схаваць крадзеж. А справу выставіць так, што Якімовіч сам перадаў цягач і прычэпы нейкім людзям. Але ён пачаў дабівацца экспертызы дакумента: ведаў, што нічога падобнага не выпісваў.

А ў 2006-м супраць мужчыны спынілі крымінальную справу за адсутнасцю складу злачынства. То бок ён нічога не краў.

Толькі вось застаўся без тэхнікі — яму адмовілі і ў расследаванні гэтай справы.

Але Віктар пачаў дабівацца экспертыз даверанасці.

Бо мяркуе, што супрацоўнікі з органаў могуць мець дачыненне да фальсіфікацый. Следчыя на падставе заключэнняў экспертаў канстатавалі, што пячатка на даверанасці сапраўдная. Віктар даводзіць адваротнае. Ён нават купіў спектральную лупу, якой карыстаюцца адмыслоўцы. Кажа, што пячатка надрукавана на прынтары. «Сапраўдны адбітак пячаткі ляжыць на паперы, а сканаваны-прынтарны «хаваецца», ідзе ўнутр паперы. Таму і колеры мяняюцца, яшчэ ж і фарбавальнікі розныя».

Віктар дамагаецца прыёму ў высокіх кабінетах сілавікоў, каб усё патлумачыць. Але адзначае, што ніхто не хоча сур’ёзна заняцца яго справай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?