Выхад гурта «Палац» у паўфінал «Эўрафэсту» стаўся прыемнай нечаканасьцю для прыхільнікаў беларускай музыкі. «Нарэшце ў Эўропе пачуюць нашую мову!», «Галасуем за сваіх!» — запісы з такім сэнсам даволі часта трапляліся на абсягах бел‑ЖЖ. Але ўсе надзеі абрынуліся ў адначас. Нягледзячы на тое, што «Палац» набраў больш за 2400 галасоў на «Эўравізію» ў Бялград паедзе іншы выканаўца. ТГ зьвязаўся зь лідэрам «Палаца» адразу па абвяшчэньні вынікаў. Алег Хаменка сказаў, што «сам не зразумеў, што гэта было». «Нам тут самім нічога не тлумачылі. Сказалі, што мы пятыя і ў фінал не прайшлі. Як фармаваліся вынікі я не зразумеў», — адзначыў Хаменка.

ТГ таксама пацікавіўся ў саліста «Палацу», хто прыдумаў ідэю іх выступу. «Гэта я збольшага прыдумаў. Атрымаўся такі Мэрылін Мэнсан беларускага розьліву», — адказаў Алег Хаменка.

Ніхто з чатырох прэтэндэнтаў на пуцёўку ў Белград па‑беларуску не сьпявае. Руслан Аляхно працуе ў стандартным стылі расейскай папсы (дарэчы, ён набраў большасьць галасоў у паўфінале). Гюнэш Абасава прасьпявала песьню ў нечаканай рок аранжыроўцы. Гурт «По глазам» пераклаў на ангельскую свой гіт «Девочка 3000‑х лет». Атрымалася неяк сьціпла і невыразна, лепей бы па‑расейску сьпявалі. Каманда Litesound спрабуе пераўтварыцца ў стандартны бойз‑бэнд.

Вынікі фіналу «Эўрафэсту» будуць вядомыя празь месяц. 21 студзеня журы назаве імя пераможцы, які паедзе прадстаўляць Беларусь у Бялград на «Эўравізію‑2008».

Сяргей Маліноўскі: «Я глядзеў спачатку па НТВ шоў «Ты — супэрстар», а потым пераключыўся на «Эўрафэст» і мне стала вельмі сумна, бо ўзровень нашых выканаўцаў ніякаваты. Нават той жа «Палац» не падрыхтаваў шоў для «Эўравізіі», таму ня дзіва, што яны не прайшлі. Больш за ўсіх мне спадабалася Гюнэш — голас, калярыт, харызма ў яе ёсьць. Але, вядома ж, паедзе Руслан Аляхно. Тое было прадвырашана яшчэ за два месяца да канцэрту. Кожны год паўтараецца адна і тая ж схема. Я ня веру ў галасаваньне па тэлефоне, больш за тое я ўпэўнены, што яно ў мінулыя гады было падстроена. Гэта неаднакроць знаходзіла сваё пацьверджаньне. І ня толькі я казаў пра тое, але, напрыклад, і бацька Наташы Падольскай. Проста сьмешна верыць у тое, што гэта было па‑сапраўднаму. Калі нават не кранаць маральны аспэкт, я лічу, што гэта тэхнічна немагчыма. У апэратара, што займаецца «Эўравізіяй», няма шлюзу, каб прапускаць такую колькасьць галасоў. Таму галасаваньне — гэта дэкарацыя і ўсё вырашаецца наверсе».

Міхаіл Фінберг: «Мне конкурс спадабаўся. Узровень стаў істотна вышэй, болей артыстаў сталі рыхтавацца да фармату «Эўравізіі». Мы не разьбіралі на якой мове сьпявае той ці іншы выканаўца. Меркаваньне журы падсумоўвалася баламі і найбольш іх набралі тыя чацьвёра. А нацыянальнай адметнасьці гэты конкурс і не патрабуе. Умова толькі адна — каб быў фармат «Эўравізіі». Каб гэта была новая песьня з новым бачаньнем сьвету. Мне цяжка вылучыць пакуль кагосьці зь фіналістаў, бо раз на раз не прыходзіцца. Адзін раз выканаўца можа ўдала засьпяваць, другім разам — ня надта. Пабачым на фінале».

Тузін Гітоў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0