Пасаж галоўнай рэінкарнацыі жалезнага Фелікса наконт колькасці дэструктыўных элементаў мае нейкі дэманічны сэнс: іх, калі верыць босу КДБ, у нас роўна 1767, пры чым іх колькасць не павялічваецца, а ні памяншаецца. Баюся хутка ў народзе ўзнікнуць забабоны вакол магічнай прыроды згаданай лічбы.

Выступ прадстаўніка грамадства “Знання” на лекцыі “Дрэнныя прыкметы” у асіповіцім ДК імя Пяцігодзя прынцыпу аднаго акна.

Шаноўныя таварышы!

Сёння мы паразмаўляем пра г.з. дрэнныя прыкметы. Напрыклад закранем тэму быццам не шчаслівых нумароў. Апошнім часам вельмі папулярнымі сталі забабоны вакол лічбы 1767. Яна атрымала сярод абывацеляў назву “дэструктыўная лічба”.

Напрыклад сярод студэнтаў ёсць прыкмета, што калі зранку сесці ў маршрутку з нумарам 1767, то цябе абавязкова затрымаюць як падазронага ў расклейцы стыкерсаў “Глядзіце “Пал Фікшан” у беларускім перакладзе” і памарынуюць у пастарунку як мінімум суткі.

Або вось яшчэ прыкмета, звязаная з 1767. Дапусцім цябе нехта звоніць на мабілу з нумару, які пачынаецца з 1767. Гэта да таго, што Вас прымусяць прымусова падпісацца на выданне адміністрацыі прэзідэнта. Наш кемлівы, аднак недалёкі народ нават распрацаваў метад – як пазбавіцца ціску чорных сілаў: у такім выпадку раяць з’есці перадавіцу Саўбелкі, напісаную нейкай Кацяй Пранік, і сказаць: Якубовіч, Якубовіч, Пранік падпішы, а мяне не бяры!”.

Нельга класці чамадан ў багажную ячэйку з нумарам 1767: гэта можна прывесці да таго, што ты ніколі не зможаш паступіць у грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” і як след перастрахавацца ад разрыву працоўнага кантракта.

Ходзяць абсалютна дзікія чуткі: быццам аднаму супрацоўніку дэпартаменту па справах прэзідэнта налічылі 1767 долараў заробку. На наступны дзень ён прыйшоў на працу, выклікаў да сябе апазіцыйных музыкаў і спяваў з імі на ўсю Маркса 38 “Пятроўна, падай вады”.

Шаноўныя таварышы, трэба раз і назаўсёды зразумець, што 1767 гэта аб’ектыўная з’ява. Гэта як баланс відаў у прыродзе.

На гэтым наша лекцыя заканчваецца. У наступны раз мы паразмаўляем пра з’явы, на якія сучасная навука сапраўды ня можа даць адказ: лохнескі монстр, снежны чалавек і Саюзная дзяржава. Да сустрэчы таварышы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0