27.11.2014 / 15:31

«Былых крамлёўцаў не бывае». Пяць фактаў пра новага міністра абароны Андрэя Раўкова 25

Сёння Аляксандр Лукашэнка прызначыў новага міністра абароны. Ім стаў 47-гадовы камандуючы войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання Андрэй Раўкоў.

Зямляк Льва Сапегі

Будучы міністр абароны нарадзіўся ў маленечкай вёсцы Равякі Бешанковіцкага раёна. Вёска мае ўсяго 7 двароў, праз яе цячэ рэчка з прыгожай назвай Чарнагасцянка. Аднак, як паведамляе бешанковіцкая раёнка «Зара», у вёсцы зімаваць застаецца толькі адна сям’я Васіля і Таццяны Раўковай. Мы паразмаўлялі з жанчынай, аднак яна сказала, што яны не з’яўляюцца свякамі міністра, а толькі аднафамільцамі. Нікога з сваякоў Раўкова ў Равяках не засталося. Цікава, што зусім недалёка ад Равякаў (кіламетраў з 10) знаходзіцца вёска Астроўна, радзіма канцлера ВКЛ Льва Сапегі.

Крамлёвец

У 1988 годзе Андрэй Раўкоў скончыў з залатым медалём Маскоўскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча. Варта адзначыць, што гэтае вучылішча размяшчалася непасрэдна ў Крамлі. Таму выкладчыкі, курсанты і камандзіры нават удзельнічалі ў жыцці савецкага ўрада. Напрыклад, выкарыстоўваліся ў ахове ўрадавых установаў, з’ездаў. Курсантаў таму проста так і называлі «крамлёўцы». Пару гадоў таму газета «Во славу Родіны» радасна паведамляла, што «Былых крамлёўцаў не бывае».

Камандзір віцебскага дэсанта

Кароткі тэрмін Андрэй Раўкоў быў камандзірам 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгады. Гэта элітная частка дэсантнікаў. З 2006 па 2012 год займаў пасады начальніка аператыўнага аддзела – намесніка начальніка штаба Заходняга аператыўнага камандавання.

Варта адзначыць, што Раўкоў кавалер ордэна «За службу Радзіме» ІІІ ступені. Уручэнне адбывалася сёлета ў маі.

Звяртае на сябе ўвагу, што Раўкоў этнічны беларус. Да гэтага міністрам быў Юрый Жадобін, які нарадзіўся ў Днепрапятроўску, а вучыўся ў Расіі. Аляксандр Чумакоў родам з Растоўскай вобласці. Толькі Леанід Мальцаў быў ураджэнцам Беларусі. Апошнія гады крэн, што сярод сілавікоў на высокіх пасадах большасць складаюць небеларусы паціху стаў выпраўляцца.

Дэпутат ад Барысава

Раўкоў ніколі не жыў у сталіцы, апошнія гады ён жыў у Барысаве. Сёлета Андрэй Раўкоў быў абраны дэпутатам Мінскага абласнога савета дэпутатаў ад горада Барысава. Ён балатаваўся па 26-й Лядзішчанскай акрузе. Варта адзначыць, што барысаўскі мікрараён Лядзішча насяляюць у асноўным вайскоўцы і іх сваякі. Акруга ў Раўкова была безальтэрнатыўнай. У выніку па афіцыйных лічбах за яго прагаласавала 82% (9782 чалавекі) з тых, што прыйшлі на ўчасткі. Праўда, як дэпутат Раўкоў ніяк сябе не праявіў.

З года ў год кажа адно і тое ж

Апошняя гісторыя хутчэй замест анекдота. Штогод у жніўні выпускнікі ўстановаў вайсковай адукацыі папаўняюць вайсковыя часткі. Ясна, што нехта з начальства гаворыць вітальнае слова навічкам у газеце «Во славу Родзіны». Колькі разоў гэтая магчымасць прадстаўлялася і Андрэю Раўкову. Дзіўна, што з года ў год ягоныя словы ніяк не мяняюцца:

«Узровень прафесійнай падрыхтоўкі цяперашніх выпускнікоў у цэлым добры, ныцікаў сярод іх не заўважана. Усіх маладых афіцэраў мы сустрэлі годна, ніхто з іх нічым не абдзелены і не пакрыўджаны. Настрой у лейтэнантаў баявы, што не можа не радаваць. Усе прыбылі ў вайсковыя часткі са свежымі ідэямі, жаданнем служыць і прыносіць карысць. Адным словам, афіцэрскае папаўненне выклікае давер. Ад душы жадаю ўсім выпускнікам ВВНУ шчаснага станаўлення, поспехаў у прафесійным і службовым росце».

Хаця, магчыма, гэта пытанні не да Андрэя Раўкова, а да аўтара матэрыялаў капітана запасу Мікалая Макарэвіча.

За 2011 год: 

За 2013 год:

За 2014 год:

Зміцер Панкавец

0
Святлана / Адказаць
27.11.2014 / 15:46
Пастаянства - прыкмета майстэрства)
6
Цитадель / Адказаць
27.11.2014 / 15:48
Конечно, нашей тусовочке хотелось бы, что бы был не кремлевец, а брюсселец. Ну или прямо, без экивок, вашингтонец.
0
Анатоль / Адказаць
27.11.2014 / 15:49
Саукi, як былi так i засталiся, копi-паст толькi засвоiлi. Cвае Манэргеймы Луку не патрэбныя.
Паказаць усе каментары/ 25 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру